У суботу, 18 лютага, у мастацкай галерэі “Мара”, што месціцца ў Нясвіжы на вуліцы Ленінскай, 12, упершыню адкрылася выстава жывапісных работ вядомага беларускага мастака і магістра мастацтвазнаўства, сябра Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў Дзяніса Барсукова.
Яго жывапіс нібыта выпраменьвае святло і нясе радасць жыцця. У творчым дыяпазоне аўтара — яркія мудрагелістыя нацюрморты з простымі бытавымі прадметамі, тонкія, рэалістычныя краявіды з выявай розных гарадоў Беларусі, абстрактныя партрэты сучаснікаў, у якіх праз пэўную стылізаваную загадкавасць праступаюць непаўторныя пазнавальныя рысы канкрэтных людзей.
Для тых, хто сумняецца, наведаць выставу, ці не, нагадаем, што работы мастака знаходзяцца ў зборах Музея рускага сучаснага мастацтва ў Нью-Йорку, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, гарадской карціннай галерэі імя Г.Х. Вашчанкі горада Магілёва. А цяпер убачыць іх змогуць і жыхары і госці Нясвіжа.
Да ўсяго вышэйсказанага дадамо, што творчасць Дзяніса Барсукова ў 2010-м годзе была адзначана прэміяй Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў намінацыі “Жывапіс, дызайн, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.
Выстава працягнецца да 19 красавіка. Не прапусціце!
Падрабязнасці — у наступных нумарах “НН”.