Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода 1 °C

Просты рэцэпт шчасця

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Пост опубликован: 20.02.2023

На пачатку 70-х, а калі дакладна, у 1973 годзе, на парозе Затур’янскага сельскага дома культуры з’явілася зусім юная дзяўчына — Ванда Суднік. Тады яшчэ мала хто здагадваўся, што праз пэўны час, ужо пад прозвішчам Сікірыцкая, Ванда Вацлаваўна стане адным з самых вядомых работнікаў культуры ў нашым раёне і падыме на зусім іншы ўзровень клуб, у які прыйшла працаваць адразу пасля школы.
Магчыма, некаторых здзівіць такі ранні пачатак працоўнага шляху, але сталася так, што паступіць туды, куды хацелася, адразу не атрымалася, а сядзець без справы не дазваляў характар. Таму ўчарашняя дзесяцікласніца, сакратар камітэта камсамола сваёй роднай Сейлавіцкай школы, накіравалася ў райкам камсамола з просьбай аб дапамозе ў працаўладкаванні да наступнага паступлення.



— А давай ты пойдзеш у культуру, — пачула яна там. Нядоўга падумаўшы, згадзілася і звярнулася ў раённы аддзел культуры. Там атрымала накіраванне ў вёску Студзёнкі Гарадзейскага сельскага савета. Сабрала ўжо рэчы, каб туды ехаць, і тут раптам аказалася, што з Затур’янскага клуба звальняецца работнік. Для маёй суразмоўцы гэта стала добрай навіной: Затур’ю і яе родны дом раз- дзялялі ўсяго некалькі кіламетраў, таму рашэнне змяніць Студзёнкі на Затур’ю было імгненным і, як паказаў час, вельмі правільным.
— Ніколі не забуду, як мяне хораша прынялі там, як падтрымалі, — узгадвае зараз Ванда Вацлаваўна. — Тагачасны старшыня калгаса Міхаіл Сямёнавіч Макаўчык быў рады, што ў клубе з’явіліся новыя работнікі (акрамя мяне, прыйшла і маладая бібліятэкар), хацеў, каб людзі мелі цікавы і карысны адпачынак, развівалі свае таленты. Гаспадарка дапамагла з рамонтам будынка, з закупкай новых крэслаў, а то да гэтага ў глядзельнай зале стаялі “старасвецкія” лавы. І мы стараліся не падвесці, апраўдаць надзеі тых, хто ў нас паверыў.
Збылася тут і мара маладой дзяўчыны аб вучобе. Яна паступіла, толькі ўжо завочна, у Мінскае культасветвучылішча (зараз — Мінскі каледж мастацтваў), атрымала спецыяльнасць рэжысёра драматычных калектываў і народных святаў. Тут жа знайшла і сваё шчасце, выйшаўшы замуж за мясцовага хлопца Івана Сікірыцкага. Гаспадарка выдзеліла пляц для будоўлі, дапамагла з будматэрыяламі, і так у маладой сям’і з’явіўся дом, прытым зусім недалёка ад клуба, што, зразумела, было вельмі зручна і для работы, і для сямейнага жыцця — два маленькія сыны не заставаліся надоўга без мамы.
Раслі, радавалі сваімі поспехамі, адно шкада, што бацька не паспеў іх павіншаваць з дыпломамі — пайшоў з жыцця ў 44 гады, калі малодшы быў яшчэ ў 8 класе школы. Давялося адной іх і вучыць, і жаніць, і выраслі яны, дзякуй Богу, добрымі людзьмі, такімі ж сумленнымі і адказнымі, як і іх бацькі. Старэйшы, Андрэй, напэўна, пераняўшы ад мамы пэўную цягу да прыгожага, скончыў Мірскае мастацкае вучылішча па спецыяльнасці “разьба па дрэве”, працуе ў мясцовай гаспадарцы столярам і аздабляе наваколле дыхтоўнымі драўлянымі вырабамі, а малодшы, Юрый, спачатку вывучыўся на настаўніка ў Нясвіжскім каледжы, але, зразумеўшы, што без сельскай гаспадаркі жыць не можа, паступіў пасля ў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт і зараз узначальвае ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі”. Сыны падарылі матулі трох унучак, у якіх яна з радасцю бачыць свой працяг, сваю маладосць.
А на пытанне, што дапамагала так стойка вытрымліваць выпрабаванні лёсу і ў час станаўлення на ногі дзяцей быць адзінай для іх апорай, мая суразмоўца адказвае проста:
— Работа. Я яе вельмі любіла. Гэта было такое роднае, такое маё, што не адчувалася стомы. У клуб прыходзіла вельмі многа людзей: маладых — на дыскатэкі, больш сталага ўзросту — на розныя мерапрыемствы для працаўнікоў гаспадаркі, і мне хацелася, каб кожны з іх выйшаў ад нас з яшчэ лепшым настроем, чым той, з якім прыйшоў, каб кожны адчуў, што мы стараемся стварыць для яго свята, парадаваць, натхніць на добрыя справы.
Як прыклад удзячнасці землякоў за адно з клубных мерапрыемстваў Ванда Вацлаваўна ўзгадвае такі выпадак:
— Неяк наладзілі мы першы «агеньчык» для жывёлаводаў. Хваляваліся, вядома, як атрымаецца, як спадабаецца людзям, ці ўдасца нам так, як хацелася б, перадаць усю ўдзячнасць за іх цяжкую працу. І вось, як усё скончылася, падыходзіць да мяне адна наша даярка і кажа: “Мая ж ты Вандачка! Я пасядзела, як у Крамлі!”. Значыць, не дарэмна мы стараліся!
Многае, калі не ўсё, з таго, што дало культ- асветвучылішча, мая суразмоўца імкнулася прымяніць на справе.
— Вячоркі, дажынкі — хацелася, каб усё гэта першым было ў нас, каб з нас бралі прыклад, а не мы з некага, — усміхаецца Ванда Вацлаваўна. — Хоць, вядома, у вёсцы так пышна не зробіш, як у сталіцы, але людзям падабалася. Як пачую апладысменты гледачоў, як убачу іх усмешкі, дык так на душы лёгка рабілася, што і гора забывалася, і цяжкасці ўсякія. А падтрымка людзей! Гэта нельга вымераць ніякімі канкрэтнымі меркамі. Неяк светлай памяці Міхаіл Аляксандравіч Карчміт, калі працаваў у Сейлавічах, прапаноўваў мне перайсці ў Сейлавіцкі клуб, то я сказала, што Затур’я некалі так цёпла і шчыра прыняла мяне, што я сябе ні ў якім другім месцы больш не ўяўляю і ніколі не змагу яе пакінуць. Усе мне тут як родныя. Колькі давялося павазіць нашых людзей і на “Уладара вёскі”, і на конкурсы шматдзетных сям’яў! І ніхто ніколі не адмовіў, не сказаў: “Не хачу, не пайду”. Гэта дарагога варта.
А мерапрыемствы для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны! Гэта былі сапраўдныя па- дзеі для нашай мясцовасці, калі ў клуб збіралася пад сто чалавек з усёй акругі — жывых сведкаў вайны, якія яны былі шчаслівыя патанцаваць вальс, убачыць адзін аднаго, пагаварыць, а як потым дзякавалі нам за сустрэчу! Гэта ўсё настолькі незабыўна, наколькі, на жаль, ужо і непаўторна — час забраў нашых ветэранаў. А мы рабілі ўсё, што маглі, каб парадаваць іх творчасцю.
Папулярнымі на ўвесь раён былі і дыскатэкі ў Затур’і — мясцовы клуб ці не першы ў раёне сярод вясковых набыў апаратуру са спецэфектамі, і колькасць прада- дзеных білетаў, бывала, даходзіла да 200. Установа зарабляла неблагія грошы, і на іх куплялі касцюмы для творчых калектываў, для салістаў і вядучых, для скамарохаў, якімі таксама славіўся Затур’янскі СДК. Задумак было многа, паспявай толькі іх увасабляць.
Вось так і праляцеў 41 год. Як адзін дзень. І цяпер Ванда Вацлаваўна самымі цёплымі словамі ўзгадвае сваіх аднадумцаў і на- дзейных паплечнікаў па клубнай рабоце — мастацкага кіраўніка Алену Мікалаеўну Цвірка, бібліятэкара Тамару Міхайлаўну Ванагель, якая, на жаль, рана пайшла з жыцця, удзельнікаў аматарскага калектыву “Чароўны куфэрак”, які пабываў нават на рэспубліканскіх дажынках у Слуцку, і ўсіх, хто дапамагаў Затур’янскаму СДК у яго рабоце — ад спецыялістаў раённага аддзела культуры да кіраўнікоў мясцовай гаспадаркі. Іх за час яе работы змянілася чацвёра, і кожнаму былы загадчык вельмі ўдзячна за падтрымку і дапамогу ў рабоце клуба.
Парабіўшы яшчэ тры гады на заслужаным адпачынку, у снежні 2014-га мая суразмоўца перадала справу свайго жыцця ў новыя, маладыя рукі.
— Не ведаю, як бы мне працавалася цяпер, — сказала Ванда Вацлаваўна напрыканцы нашай гутаркі, — бо столькі ўсяго ёсць у інтэрнэце, што вочы разбягаюцца, а я ж некалі ўсё ездзіла ў Мінск у метадычны кабінет за цікавымі знаходкамі. Але адно ведаю дакладна: у культуры можна працаваць толькі тады, калі любіш сваю работу і людзей, бо тут адно без другога немагчымае. Калі бачыш радасныя вочы чалавека і ведаеш, што хоць на хвіліну зрабіў яго шчаслівым, — гэта і ратуе, і ацаляе, і дадае сіл.
Вось такі просты рэцэпт шчасця. І кожны, хто хоць раз сустракаўся з Вандай Вацлаваўнай, можа пераканацца ў тым, што гэты рэцэпт правераны і праўдзівы: такая цеплыня і дабрыня зыходзяць ад яе ўсмешкі, што які б у цябе ні быў настрой, ты пачынаеш усміхацца і сам.
А пакуль мы ўсміхаемся, мы жывём. І нам вельмі пашанцавала, што мы жывём менавіта на нясвіжскай, такой багатай на таленты зямлі, і можам ганарыцца сваімі землякамі, такімі, як гераіня гэтага аповеду.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!