Для дзіцяці мама — гэта ўвесь свет, бязмежная любоў, суцяшэнне, абарона. Першапачаткова толькі побач з маці дзіця адчувае сябе паўнавартасна, камфортна. Яно можа быць самім сабой, бо ведае, што побач з мамай у бяспецы, і можа паказаць ёй свае сапраўдныя пачуцці. Яна прыме, зразумее, пачуе.
Любоў маці па сваёй прыро- дзе ўнікальная, бо яна безумоўная, самаадданая і моцная. І роля такой любові ў жыцці чалавека велізарная. Калі дзіця ўпітвае цёплыя пачуцці і адчувае поўны спакой побач з мамай, яно расце ўпэўненым, гатовым спраўляцца з цяжкасцямі і ісці наперад, ведаючы, што ў яго за спіной заўсёды ёсць безумоўная падтрымка.
Калі жанчына становіцца мамай, яна ужо не належыць сабе цалкам, адмаўляецца ад чагосьці дзеля дзіцяці, забывае пра свае патрэбы. Але гэтая ахвяра акупляецца спаўна любоўю і шчасцем, якое прыносіць мацярынства.
Такіх думак прытрымліваецца і жыхарка нашага раёна Надзея Камарова. Жанчыне пашчасціла стаць мамай для трох сыночкаў і лапулі-дачушкі.
— У канцы снежня ў нашай сям’і здарыўся двайны сюрпрыз: нара- дзіліся двайняты Віктар і Цімафей. Калі толькі даведаліся, што чакаем папаўненне, ды яшчэ ў такім памеры, былі здзіўлены, я нават крыху спалохалася — нагрузка вялікая ўсё ж… але шчасцю, вядома, не было межаў! — расказвае Надзея Яўгенаўна, а з суседняга пакою даносяцца галасы немаўлятак.
Акрамя двайнят, мамінай увагі патрабуе і гадавалы Аляксандр. Жанчына гаворыць, што Саша вельмі ласкавы і ўсмешлівы хлопчык, любіць гойдацца на арэлях, асабліва разам з бацькам, а таксама яго захапляе ўсё, што круціцца, рухаецца, гудзе, скача і так далей.
Старэйшае дзіця ў сям’і — дачка Ліза. Сямікласніца-гімназістка амаль цэлы тыдзень на вучобе. Камаровы — жыхары Вялікай Ліпы, таму дзяўчынка жыве ў гімназічным інтэрнаце і прыязджае дамоў толькі па выхадных.
— Ліза захапляецца гісторыяй, любіць геаграфію. У яе добра ідуць гэтыя прадметы, — дзеліцца шматдзетная маці. — Настаўнікі кажуць, што ёсць усе шанцы паказваць добрыя вынікі на алімпіядах, таму дачка актыўна рыхтуецца. Яшчэ яна ўдзельніца клуба знаўцаў і выступае ад школы на гульнях “Што? Дзе? Калі?”. Ліза шмат чытае, таму і атрымліваецца ў яе добра сябе праяўляць.
Сама Надзея Яўгенаўна па адукацыі бухгалтар. Муж — Сяргей Леанідавіч — не мясцовы, са Слуцка. У Нясвіжы гаспадар сямейства працуе ўкладчыкам-упакоўшчыкам на СП ТАА “Фармлэнд”, зараз сумесна з жонкай займаецца ўладкаваннем уласнага жылля.
— Так, з малымі дзецьмі няпроста, яны патрабуюць шмат увагі, часу, тваёй уцягнутасці ў любы працэс, — дапаўняе жонку Сяргей Леанідавіч. — Але ж мы ўсё роўна стараемся аддаваць ім як мага больш часу, вучыць іх быць самастойнымі, уважлівымі адзін да аднаго і да дарослых, прывучаем да парадку.
На пытанне, што самае складанае ў бацькоўстве, Камаровы прыходзяць да адзінага:
— Нікога не абдзяліць увагай, для кожнага знайсці час, пастарацца нікога не пакрыўдзіць і ўсіх сагрэць сваёй любоўю, — адзначае мама. — Яны ж усё роўна раўнуюць адно аднаго, і кожны праяўляе гэта па-свойму.
Але хвілінкі пяшчоты і “абдымашак” любяць усе, асабліва з мамай. Бо гэта ж мама!..
Сама Надзея Яўгенаўна набіраецца сіл тады, калі застаецца сам-насам з сабой. Выдаеццца такое зусім нячаста, але ў гэтыя моманты жанчына любіць прайсціся на свежым паветры, падыхаць і ненадоўга “адключыцца” ад клопатаў. Гэта дае своеасаблівае “падсілкоўванне”, каб вярнуцца да сваіх дамачадцаў і зноў дарыць ім бясконцую цеплыню і любоў.
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.