Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода 1 °C

Міраслава Бахурынская: “Я ўпэўнілася, што гэта маё!”

Дарья Пивоварская 2 года назад 0 1

Пост опубликован: 10.02.2023

У гэтым выпуску пад рубрыкай «малады спецыяліст» мы раскажам нашым чытачам пра пераможцу раённага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года-2023”,
педагога Ліпскай сярэдняй школы, выкладчыка хіміі і біялогіі Міраславу Бахурынскую. Сустрэча з гераіняй публікацыі адбылася, вядома, на яе рабочым месцы — у лабаранцкай кабінета біялогіі.

— Мае ўрокі яшчэ не пачаліся, але зараз у кабінеце займаюцца дзеці, — тлумачыць маладая настаўніца гоман за сцяной. — Таму ў нас ёсць час паразмаўляць.



Адразу заўважаю на сцяне калаж з асабістымі фатаграфіямі, акуратна складзеныя падручнікі, дыдактычныя матэрыялы, рабочы ноутбук.
— Міраслава, раскажыце крыху пра свой шлях у прафесію. Што паўплывала на Ваш выбар?
— Я сама са Снова. Вучылася там у педагагічным класе. Маім куратарам, настаўнікам і проста старэйшым таварышам была і застаецца цудоўны педагог Іна Рычардаўна Віннік. У асноўным менавіта яна сфарміравала цікавасць да вучобы, а затым і да прафесіі. Іна Рычардаўна з часоў сярэдняй школы дапамагала рыхтавацца да алімпіяд, рознага кшталту конкурсаў, яна бачыла і раскрывала мае здольнасці. Я ёй за гэта вельмі ўдзячная. Іна Рычардаўна паказала, якім можа і павінен быць педагог, якое ў яго творчае жыццё. І зараз, калі я сама стала паўнавартасным спецыялістам, часта ёй тэлефаную, каб параіцца або проста падзяліцца навінамі. І вельмі даражу такой сувяззю.
А яшчэ ў мяне мама — педагог-філолаг. Але ж мова і літаратура здаліся мне прадметамі маркотнымі, а ў хіміка-біялагічным напрамку я бачу дынаміку, развіццё, рух. Гэтыя прадметы ішлі ў мяне добра, таму я і выбрала іх. Пасля адзінаццаці класаў паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка. Скончыла факультэт прыродазнаўства па спецыяльнасці “Біялогія і хімія”. А затым па размеркаванні прыйшла сюды, у Ліпскую школу, дзе працую з задавальненнем ужо другі год.
— Ведаеце, а гэта сапраўды відаць па Вашых вачах, — прыкмячаю я. — А што тычыцца будніх дзён настаўніка?
— У мяне два прадметы. Выкладаю і хімію, і біялогію з 6 па 11 клас. Школа ў нас сельская, таму колькасць вучняў адпаведная. Але ж нагрузка не меншая. Асабліва з дакументацыяй. Усё гэта я стараюся рабіць своечасова і хуценька. Тым больш, што я яшчэ і класны кіраўнік у 8 класе.
— Колькі ў Вас дзетак і як будуеце работу з імі?
— Васьмікласнікаў у мяне 11. Дзеці цудоўныя! Вельмі адказныя, спагадлівыя і чулыя, сумленныя і справядлівыя — 7 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі. Яны ўсе розныя, але вельмі дружныя. Гэта мяне вельмі радуе, таму стараюся такія зносіны захаваць. І сама перш-наперш імкнуся быць для іх таварышам, які ў любым, самым няпростым выпадку падставіць плячо, дапаможа. Такімі былі мае настаўнікі, такой хачу быць і я. Кажу сваім дзецям: “Турбуйце мяне ў любы час, тэлефануйце, я заўсёды на сувязі”. І з такім падыходам я адчуваю аддачу, нават у дэталях.
І з бацькамі хутка знайшла агульную мову. Яны таксама не- абыякавыя да працэсу навучання, да пытанняў занятасці дзяцей. Заўсёды магу звярнуцца да іх па дапамогу, нешта спытаць, параіцца.
Увогуле, хачу сказаць, што мне вельмі пашанцавала. Я так лічу. Хачу ўкласці ў сваіх дзяцей толькі самае добрае, захаваць тое зерне, што ў іх ужо ёсць. Для мяне зараз гэта мэта нумар адзін.
— Як праходзяць Вашыя заняткі? Вы строгі настаўнік?
— Строгі ці не, трэба пытацца ў вучняў, — смяецца мая суразмоўца, — а вось наконт заняткаў скажу наступнае: я вельмі творчы чалавек. Не магу жыць сумна, без актыўнасці, без захапленняў. Таму свае ўрокі праводжу ў такім жа фармаце. Люблю будаваць вучэбны час так, каб вучань сам выступаў у ролі настаўніка, сам падаваў новую інфармацыю аднакласнікам, а потым яшчэ і быў здольны сам сябе ацаніць. Гэта вельмі важна. Заўважце, дзеці прывыклі, што адзнаку ставіць настаўнік, што ён робіць ацэнку ведаў і прыкладзеных намаганняў. Калі прапануеш дзіцяці самому гэта зрабіць, яно часта губляецца.
Таксама ў мяне шмат дыдактычных матэрыялаў, якія я распрацавала сама. Практыкую заняткі ў выглядзе гульні. Люблю, каб працэс вывучэння пэўнай тэмы быў жывым, дынамічным. Таму, у больш цёплы перыяд, восенню-вясной, выво- джу дзяцей на вуліцу. У нас побач са школай лес — там вялікае “поле” для дзейнасці. Напрыклад, так вельмі добра засвойваецца тэма птушак. Мы з дзецьмі па спецыяльным мабільным дадатку запісваем галасы птушак, а потым гэты дадатак ідэнтыфікуе атрыманае і выдае інфармацыю, якой птушцы належыць той ці іншы гук. Кожны “ло- віць” гук сваёй птушкі і рыхтуе праект, з якім на наступных занятках выступае перад класам.
А вось, напрыклад, калі тэму рыб бралі, я прыдумала наступнае. У мяне ў класе ёсць хлопчык, які разам са сваім бацькам захапляецца рыбалкай. Дык мы зладзілі інтэрактыўны ўрок — вучань прынёс свае снасці, рыбацкія вудачкі, прадэманстраваў відэа з працэсам самой лоўлі, расказаў пра свой вопыт, а таксама пра сакрэты і тонкасці рыбалоўства. І яшчэ адзін вучань падтрымаў аднакласніка ў гэтым пытанні — ён мае дома вялізны акварыум. Таму таксама расказаў шмат цікавага. Банальная тэма была засвоена ў разы лепш, чым, калі б дзеці проста пачыталі параграф і адказалі на пытанні.
— Здорава! Шчыра кажучы, сама не адмовілася б пабываць на такіх занятках. Міраслава, а Вы сутыкаецеся са складанасцямі? Ёсць тое, што для Вас з’яўляецца няпростым?
— Ведаеце… (задумваецца). У наш час найбольш складанае — дабіцца ўвагі дзяцей, утрымаць яе, а потым і заматываваць сваіх вучняў на пэўную дзейнасць. Усе яны, як і мы, камп’ютарнае пакаленне. Калі крыніц з інфармацыяй вялікая колькасць, яна розная, доўга гля-дзець ці ўспрымаць нешта адно — вельмі сумна і нудна. Зараз, чым карацей, тым даходлівей. Таму я стараюся і ўрокі свае адаптаваць пад сучасны тэмп, і ўсё ж прашу дзяцей больш чытаць, стараюся рознымі спосабамі паказаць, як гэта важна. Важна ўмець чытаць вялікі тэкст, разумець яго, умець вы- дзяляць асноўнае, а потым яшчэ і трансляваць яго, падаць зразумелай мовай.
— Я слухаю Вас, натхняюся, і сапраўды веру, што ўсё сказанае Вамі — праўда. Толькі вось пытанне: дзе бераце час на рэалізацыю ўсіх задумак, падтрымку сіл і матывацыю?
— Ой, — з усмешкай уздыхае Міраслава, — у мяне душа такая. Яна перманентна патрабуе творчасці. Кожны момант, кожная дэталь — з мастацтвам. Яно мне і дорыць сілы. Я атрымліваю ад такога ладу жыцця сапраўдную асалоду. А часу, вядома, хацелася б болей. Асаб-ліва ў такі перыяд, як падрыхтоўка і ўдзел у раённым конкурсе “Настаўнік года-2023”. У мяне было шмат арыгінальных задумак, якія атрымалася ўвасобіць. Задзейнічала ўсіх — і сваіх вучняў, і родных, і Іна Рычардаўна дапамагала. Я адказна рыхтавалася, прадумвала ўсё да дробязей. І як вынік — перамога ў сваёй намінацыі і выхад у наступны, абласны этап. Зараз ужо і для яго ўсё гатова, чакаю вынікаў.
Я гэтым усім жыву, шчыра люблю і ўжо не ведаю, як бы існавала без сваёй справы. Працуючы з дзецьмі і смела рэалізуючы свае ідэі, я ўпэўнілася, што гэта маё!
— Вас вельмі прыемна слухаць, Міраслава. Хочацца пажадаць ад усёй душы, каб усе мары здзейсніліся і каб запал, з якім Вы працуеце, не пакідаў Вас на працягу ўсяго прафесійнага шляху!
Дар’я
ПІВАВАРСКАЯ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!