У рамках праекта “Старана мая, старонка” мы расказваем вам, паважаныя чытачы, пра многія куткі нашай Нясвіжчыны. У гэты раз мы завіталі ў Казлоўскі сельскі Савет, які ўзначальвае Алег Яраш.
— У аснове ўсёй сістэмы работы сельвыканкама стаіць чалавек з яго праблемамі, патрэбамі, клопатамі і прапановамі, — адзначыў у нашай гутарцы Алег Паўлавіч. — З развіццём аграпрамысловага комплексу расце матэрыяльны дабрабыт, развіваецца сацыяльная сфера, узрастае ўзровень патрэбаў насельніцтва. А хто бліжэй да селяніна з яго клопатамі? Вядома ж — сельскі Савет дэпутатаў. Мы павінны трымаць у поле зроку кожную сям’ю, сустракацца з людзьмі, быць у курсе іх праблем, запытаў, трымаць на кантролі адзінока пражываючых і адзінокіх грамадзян.
На сумленні старшыні сельсавета — забяспечанасць насельніцтва прадуктамі харчавання, палівам, кармамі для жывёлы. За дзень, што мы, карэспандэнты, правялі тут, стала відавочна, што на тэрыторыі сельсавета жывуць выключна добразычлівыя людзі. Але пра ўсё па парадку.
Плошча Казлоўскага сельсавета — 5820,74 гектара. Тут размешчаны 9 населеных пунктаў, самы вялікі з якіх — гэта аграгарадок Аношкі, дзейнічае адно з самых буйных сельгаспрадпрыемстваў раёна — ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” — з колькасцю работнікаў 338 чалавек і ТАА “Аношкі”, у якім працуе 18 чалавек. У мясцовай улады склаліся добрыя, трывалыя сувязі з гаспадаркай. “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” — першы памочнік у вырашэнні пытанняў апрацоўкі зямельных участкаў, аказання транспартных паслуг жыхарам, добраўпарадкавання населеных пунктаў.
Адна са старэйшых жыхарак вёскі Казлы — Вера Іванаўна Акулік. Веры Іванаўне ўжо 93 гады, але яснасцю свайго розуму яна можа паспаборнічаць і з маладымі. Паважаная жыхарка Казлоўскага сельсавета адна з тых людзей, хто ўсё жыццё працаваў, не пакладаючы рук. І нават сёння дапамагала б усім людзям, былі б толькі сілы. А зімой, калі і прырода засынае, іх становіцца нібыта менш. — За сваім падворкам, агародам я стараюся глядзець сама, — расказвае Вера Іванаўна. — Так, прыязджаюць сыны, дапамагаюць, але як жа мне не заняцца справай, калі я бачу, што яе трэба зрабіць? Да цяжкай працы жанчына прызвычаілася яшчэ ў 15 гадоў, калі памёр яе бацька. Цяжкія, але незабыўныя былі тыя гады. — Мы жылі на хутары. Калгасаў тады яшчэ не было. Майго старэйшага брата забралі ў армію, служыў ён сем гадоў. Але хатнія клопаты ніхто не адмяняў. Я касіла, арала, малаціла зерне. Нават аб’язджала маладую кабылку. На ёй ў Пага- рэльцы ездзіла, здавала збожжа, а яшчэ ў Клецк па бэлькі для будоўлі. Страшна было, бо кабыла магла панесці. Гэта цяпер жыць добра. У хаце гаспадыні — саматканыя ручнікі, дзяружка, вышытыя фіранкі. І ўсё зроблена яе рукамі. Мне складана ўявіць, як у маладосці Вера Іванаўна трапала, біла лён, а потым ткала з яго палотны, адбельвала, вышывала ўзоры, упрыгожвала карункамі. — Некалі ж не было чаго купіць, усё рабілі самі. І масла з малака, якое давалі дзве хатнія каровы, білі. Трэба было яго прадаць, каб нешта купіць іншае. Цяпер добра. Аўталаўка нават каля хаты спыняецца. Можаш купіць, што хочаш, а яшчэ і пад заказ прывязуць. Калі з’явіўся калгас “Дружба”, Вера Іванаўна пайшла працаваць паляводам, пасля — даглядчыцай цялят. І каля дваццаці гадоў працягвала рабіць свой унёсак у добрыя вынікі гаспадаркі, калі ўжо была на пенсіі (за гэты час сельгаспрадпрыемства было рэарганізавана ў ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”). — Жыта раней не параўнаць з цяперашнім, было больш дробнае. Але прывагі добрыя ў нашых цялятак былі, добры і заробак налічвалі. Пакуль магла, хадзіла на працу. А потым і дома знайшла, чым сябе заняць. У вольны час вышывала. Муж руплівай гаспадыні працаваў загадчыкам свінаводчай фермы і амаль суткамі мог там знаходзіцца. Але дома былі два памочнікі — сыны Віктар і Алег. Яны перанялі на сябе частку гаспадарчых абавязкаў, бо ведалі, што маме патрэбна дапамога. І зараз сыны часта наведваюць яе, дапамагаюць, чым могуць. Прыязджаюць і чацвёра ўнукаў разам з праўнукамі, якіх ў Веры Іванаўны шэсць. Шмат выпрабаванняў было ў яе жыцці, але яны не пахіснулі яе добрую і справядлівую натуру. Мабыць, менавіта праз гэта Веры Іванаўне Акулік і дадзены такі вялікі век. Але сама ветэран працы прызналася, што пра свой узрост гаварыць не любіць: — Мне сорамна адказваць. Ніколі не думала, што столькі пражыву. Але ж такі век даў мне Бог. Нам, лю- дзям сталага ўзросту, якія памятаюць ваеннае ліхалецце, нястачу, голад, цяпер добра — не параўнаць жыццё мінулае і сучаснае… Няхай і наступныя пакаленні жывуць у міры і згодзе, здароўе будзе моцным, а кожны дзень напоўнены шчасцем.
Як паведаміў Алег Паўлавіч, на тэрыторыі сельвыканкама на пачатак гэтага года жыве 1271 чалавек. У тым ліку дзяцей да 16 гадоў — 169, людзей працаздольнага ўзросту — 722 чалавека, людзей больш сталага ўзросту — 380. Па сацыяльным стане тут вылучаюцца 16 шматдзетных сем’яў, 37 адзінокіх пенсіянераў, 186 пенсіянераў, якія жывуць асобна, 4 воіны-інтэрнацыяналісты.
— Мы з павагай ставімся да нашых доўгажыхароў, — адзначыў Алег Яраш. — Сярод тых, кто перайшоў 90-гадовую мяжу, — Любоў Іванаўна Акулік, Вера Іванаўна Акулік, у гэтым годзе споўніцца 90 гадоў На- дзеі Іванаўне Антановіч.
Для зручнасці мясцовых жыхароў працуюць розныя гандлёвыя кропкі: магазін “Еўраопт” у аграгарадку Аношкі, там жа ІП “Калі ласка”, “Дробязі вясковыя”, магазін, сталовая і бар ТАА “Аношкі”, у Казлах — магазін індывідуальнага прадпрымальніка Фенько. Астатнія вёскі абслугоўваюць аўталаўкі. У абодвух асноўных населеных пунктах працуюць аддзяленні паштовай сувязі РУП “Белпошта”, у Аношках ёсць і аддзяленне ААТ “ААБ Беларусбанк”.
Ва ўстанове адукацыі “Аношкаўская сярэдняя школа” вучацца 86 школьнікаў і 31 дашкольнік. Таленавітыя дзеці наведваюць Аношкаўскую дзіцячую школу мастацтваў, якая вядома далёка за межамі раёна і рэспублікі ўзорным ансамблем гарманістаў “Аношкаўскія музыкі”. Яшчэ дзве ўстановы культуры — гэта Аношкаўская бібліятэка і Аношкаўскі сельскі дом культуры.
Сваё здароўе мясцовыя жыхары давяраюць медыкам фельчарска- акушэрскага пункта ў Казлах і ўрачэбнай амбулаторыі ў Аношках. Спіс паслуг у амбулаторыі, сапраўды, добры. Гэта неадкладная дапамога, дзённы стацыянар, фізіятэрапеўтычнае лячэнне, лабараторнае даследаванне, масаж, лор, акуліст (мінідаследаванне), лячэнне зубоў, аптэчны пункт і нават школа маладой маці.
З павагай жыхары сельсавета ставяцца да старасты вёскі Казлы Галіны Яраш, якая апошнія сямнаццаць гадоў дапамагае людзям сталага ўзросту ў якасці сацыяльнага работніка.
Калі паглядзіш на гэту жвавую жанчыну, ніколі не здагадаешся, што ёй ужо споўнілася 72 гады.
— Я часам жартую, што захавалася ў клубе ў Казлах, “замарозілася там”, — кажа Галіна Палікарпаўна. — Шмат часу там праводзіла, і мне гэта падабалася. Цяпер дзіўлюся: як я ў 29 гадоў магла так ўлюбіцца ў прафесію? Ды настолькі, што і зараз пайшла б працаваць у клуб, не раздумваючы. Я так гэта любіла…
У Казлоўскім клубе Галіна Яраш працавала бібліятэкарам, загадчыкам клуба. Вядома, жанчына любіла кнігі (нездарма скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры, дзе і атрымала прафесію бібліятэкара). Але больш за ўсё яе сэрца паскарала бег ад работы з людзьмі, сцэнічных выступленняў.
— У клубе заўсёды кіпела жыццё — існаваў вакальны калектыў, спявалі і старэйшыя бабулі, мы вечна танцавалі, вывучалі штосьці новае, ладзілі дыскатэкі… Дзе толькі з мясцовымі артыстамі не выступалі… На Новы год на цэнтральнай сядзібе ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”, а таксама на плошчы ў Нясвіжы на ёлцы я была завадатарам.
Зараз Галіна Палікарпаўна працуе сацыяльным работнікам. Гэтая работа ёй таксама падабаецца, падабаюцца і добразычлівыя зносіны, якія яна пабудавала са сваімі падапечнымі.
— Мне падабаецца гутарыць з людзьмі. Вядома, у першую чаргу трэба ім дапамагаць, але часам яны кажуць: “Ты прыйдзі, проста пагутары з намі, раскажы, што дзе адбываецца”. Каб быць добрай суразмоўцай для маіх падапечных, я цікаўлюся ўсім, што робіцца ў сельсавеце, у раёне, ды нават у суседніх краінах. Яны ўсё жадаюць ведаць. Часам ім нешта патрэбна растлумачыць, часам — супакоіць.
У вопытнага сацыяльнага работніка ды старасты вёскі добра нала- джана работа з вясковым выканаўчым камітэтам.
— Можа, ніхто не бывае так часта ў сельсавеце, як я, — усміхнулася Галіна Палікарпаўна — Я ведаю, што заўсёды знайду тут дапамогу і падтрымку. Усе пытанні і праблемы мясцовых жыхароў, якія мне давяраюць, я перадаю ў сельвыканкам. І як магу сама стараюся дапамагчы знайсці выйсце.
На пытанне аб тым, у чым сакрэт шчаслівага жыцця, мая суразмоўца адказала:
— Для мяне ён доўгі час заключаўся ў рабоце. А акрамя гэтага — у маіх дзетках. Як я пайшла на працу ў культуру, маёй дачцэ быў годзік, а сыну — чатыры з паловаю… Час праляцеў хутка. Але і сёння, калі ў дзяцей ўсё нармальна, ды і мне добра. Нагода для радасці і ўнукі. Унуку ужо 26 гадоў, унучцы ідзе 23-і год. Абодва скончылі БНТУ. Цяпер галоўнае — каб у іх добра склаўся далейшы лёс.
Усе пытанні, якія тычацца працы дзяржустаноў, знаходзяць абмеркаванне на пасяджэннях выканкама, падымаюцца на сесіях Савета дэпутатаў, на сходах грамадзян. Аператыўна вырашаюцца пытанні, якія перашка- джаюць бесперабойнаму функцыянаванню сацыяльных аб’ектаў.
На тэрыторыі сельсавета ёсць і воінскія пахаванні, якія ніколі не застаюцца без увагі моладзі і мясцовай улады. Гэта — магіла салдата Молатава і помнікі загінуўшым землякам у гады Вялікай Айчыннай вайны ў аг. Аношкі і в. Казлы. Увогуле паняцце патрыятызму тут цесна звязана з паняццем бацькоўскай зямлі.
— Хочацца звярнуцца да людзей, якія атрымліваюць маёмасць у спадчыну ад сваіх родных, — асобна падкрэсліў старшыня сельвыканкама Алег Яраш. — Калі ласка, беражыце гэтыя домікі, прыязджайце часцей. Гэта памяць пра вашых родных, пра тыя мясціны, у якія яны ўкладвалі ўсіх сябе. У той жа час шчыра дзякую тым, хто не забываецца пра сваю спадчыну, даглядае ўчасткі, дае падворкам новае жыццё. Кожны з вас ро- біць гэтым каштоўны ўнёсак не толькі ў захаванне памяці пра вашых блізкіх, але і ў захаванне саміх вёсак.
Культавым будынкам для мясцовасці з’яўляецца храм святой праведнай Ганны ў аг. Аношкі. Кожны год 7 жніўня ў дзень гэтай святой у храме збіраюцца святары не толькі з Нясвіжскага, але і з суседніх раёнаў, каб разам адзначыць прыхадское свята.
З музыкай і танцамі, забавамі для дзяцей у Казлоўскім сельсавеце адзначаюць святы вёсак. На іх віншуюць юбіляраў, самых сталых і маладых жыхароў, шматдзетных бацькоў і пары, якія толькі ўступілі ў шлюб. Асаблівую ўвагу надаюць дбайным гаспадарам, што трымаюць у парадку свае сядзібы — што засталіся ў спадчыну і тыя, што прыдбаны як летнія домікі. Шмат нагод для радасці штогод з’яўляецца ў жыхароў гэтага краю, але хочацца, каб у гэтых цудоўных людзей іх станавілася толькі больш!
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.
Фота Карыны АНТАНОВІЧ.
(Працяг тэмы — у наступных нумарах “НН”).