Ёсць людзі, імёны якіх сталі нібыта візітнай карткай той галіны, з якой было непарыўна звязана іх жыццё, — будзь то прамысловасць, сельская гаспадарка, педагогіка ці культура. Медыцыну ж нашага раёна нельга сабе ўявіць без Антона Іванавіча і Алы Аляксандраўны Бусько, якія аддалі высакароднай прафесіі ўрача адпаведна 47 і 46 гадоў, ратуючы жыцці і здароўе нашых землякоў.
Антон Іванавіч працаваў хірургам, Ала Аляксандраўна — участковым тэрапеўтам, загадчыкам інфекцыйнага аддзялення, намеснікам галоўнага ўрача па лячэбнай частцы.
Любоў да медыцыны стала іх агульнай любоўю, якая па волі лёсу перарасла ва ўзаемнае каханне — нават пазнаёміліся героі гэтага аповеду менавіта на рабоце — у Нясвіжскай бальніцы, дзе прахо- дзілі інтэрнатуру пасля Гродзенскага і Мінскага медыцынскіх інстытутаў.
Антон Іванавіч, дарэчы, ураджэнец суседняга, Карэліцкага раёна, нарадзіўся і вырас у вёсцы Турэц, там скончыў і мясцовую — Турэцкую — школу. Ён і зараз смяецца, калі ўзгадвае, якія круглыя вочы рабіліся ў людзей, калі ён гаварыў, што вучыўся ў “турэцкай” школе. “Ты што, турак?” — пыталіся ў яго. Даводзілася тлумачыць, што не турак, а жыхар вёскі Турэц. Жарты жартамі, але адукацыю вясковая школа давала сур’ёзную: выхадзец з простай сялянскай шматдзетнай сям’і, будучы ўрач з першай спробы паступіў у Гродзенскі медыцынскі інстытут і не вагаўся пры выбары спецыялізацыі.
На пытанне, чаму менавіта такому складанаму накірунку медыцыны, як хірургія, ён вырашыў прысвяціць сваё жыццё, Антон Іванавіч адказаў, што зерне ўпэўненасці ў такім выбары пасеяў у ім ягоны бацька.
— Ты будзеш хірургам! — безапеляцыйна заяўляў ён, і хлопец адчуваў, што справіцца. Магчыма, тут адыграла сваю ролю і некаторая спадчыннасць — бацька, працуючы санітарам на ветучастку, мог пры неабходнасці замяніць ветырынара і рабіць аперацыі жывёлам не горш, чым дыпламаваны спецыяліст — спакойна, акуратна і з добрым вынікам. Паўплываў і прыклад старэйшых сясцёр: адна стала дацэнтам кафедры фізіятэрапіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў (цяпер — Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі), другая — фельчарам.
Праляцелі гады вучобы, і малады доктар па размеркаванні трапіў у Гара- дзейскую бальніцу. Праз два месяцы работы ў ёй быў прызваны ў Савецкую Армію, дзе праслужыў год. Пасля службы перайшоў у раённую бальніцу. Там працавалі ўжо вядомыя “асы” хірургіі — Мікалай Мікалаевіч Падгайскі, Генрых Іванавіч Канкаловіч, Васіль Васільевіч Скрыба. У добрым тандэме з імі рабіў анестэзіёлаг Уладзімір Мікалаевіч Кудрук. У Гарадзейскай бальніцы таксама былі выдатныя хірургі Станіслаў Іванавіч Шкодзік і Аляксандр Паўлавіч Есманчык. На думку майго суразмоўцы, усе яны варты добрага слова і шчырай удзячнасці.
— Год я пражыў, амаль не выхо- дзячы з бальніцы, — узгадвае пачатак свайго працоўнага шляху Антон Іванавіч. — Бывала, толькі прыйду дадому, як пад’язджае машына і мне кажуць: “Вас просяць вярнуцца ў бальніцу. Трэба вось такога замяніць”. І замяняў, колькі трэба. І тэрапеўтам даводзілася пабыць, і акулістам, і чаго толькі не было. Калі было цяжкавата — выклікаў дапамогу, так званых “паддзяжурных” спецыялістаў. Гэта каштоўнейшы вопыт, і мне хацелася як пачаткоўцу ўнікнуць ва ўсё, што хаця б ускосна тычылася маёй спецыяльнасці.
Адным з самых складаных момантаў сваёй працы мой суразмоўца лічыць тое, што амаль да канца яго працоўнага шляху, а гэта 2018 год — аказваць экстранную хірургічную дапамогу дзецям ва ўзросце да 6 гадоў трэба было на месцы, у раённай бальніцы. Цяпер для гэтага дзіця дастаўляюць у Мінск.
— Мы ж аперыравалі мноства ўшчэмленых грыж у сямі- і васьмімесячных немаўлят, апендыцыты ў дзяцей ва ўзросце аднаго-двух гадоў, — расказвае Антон Іванавіч. — Бывала, збіраўся цэлы кансіліум — загадчыкі аддзяленняў, педыятры, нават гінеколагі, каб прыняць правільнае рашэнне наконт аперацыі. Вось гэта было бадай што самым псіхалагічна цяжкім грузам у нашай рабоце — ведаць, што за дзвярыма аперацыйнай чакаюць людзі, чыё дзіця ты павінен выратаваць.
Асабліва наплыў маленькіх пацыентаў павялічваўся летам, калі да бабуль і дзядоў з’язджаліся ўнукі. Але ж трэба было спраўляцца — тут без вырыянтаў.
Запомніліся майму суразмоўцу і аперацыі па двух нажавых раненнях, атрыманых падчас сямейнага скандалу, адно з якіх закранула нават сэрца чалавека. Злачынца тады сам прывёз сваіх ахвяр у бальніцу. Ён, вядома, панёс заслужанае пакаранне, але — у многім дзякуючы майстэрству хірурга — не як забойца.
За 47 гадоў хірургічнай практыкі праз залатыя рукі Антона Іванавіча прайшлі тысячы пацыентаў з самымі рознымі паталогіямі. І сёння ён лічыць сваімі асабістымі прафесійнымі дасягненнямі вельмі складаную аперацыю на кішэчніку, пра якую некалі дакладваў на пасяджэнні абласной асацыяцыі хірургаў і дзякуючы якой чалавек вярнуўся да нармальнага жыцця, і выратаваныя пасля аўтамабільнай і матацыклетнай аварый ногі маладых хлопцаў, якія ўрач літаральна “сабраў па кавалачках”. Тыя хлопцы (цяпер ужо дарослыя мужчыны) і зараз ходзяць на сваіх нагах. А маглі б і не хадзіць…
Напэўна, ніхто не паспрачаецца з тым, што хірург не можа помніць усіх сваіх пацыентаў. Асабліва, калі іх тысячы. Але тое, што пацыент на ўсё жыццё запамінае свайго хірурга (нават і не аднаго) — бясспрэчная ісціна. І калі гэтыя ўспаміны поўняцца бясконцай удзячнасцю і пажаданнем усялякага дабра — гэтая самая дарагая ўзнагарода на свеце.
Аднак нездарма кажуць: “Адзін у полі — не воін”. Вось і ў галавы сям’і Бусько усе гэтыя гады і зараз, калі ўжо не трэба спяшацца на работу ў бальніцу, побач застаецца верная спадарожніца жыцця Ала Аляксандраўна. Разам з ім яна няспынна несла высакародную ношу служэння людзям, падтрымлівала і разумела. Ды і хто цябе, у рэшце рэшт, зразумее лепш, чым чалавек, які робіць адну з табой справу, няхай трошкі і ў іншым накірунку, хто ніколі не скажа: “І чаго ты ўсё сядзіш на гэтай рабоце?”, таму што разумее, што гэта работа і ёсць жыццё і сутнасць другога чалавека, і без яе ён страціць самога сябе.
Работай урача Ала Аляксандраўна пачала захапляцца яшчэ ў дзяцінстве, калі сама ў 9-гадовым узросце патрапіла з апендыцытам ў бальніцу ў сваёй роднай Гарадзеі.
— Я была яшчэ зусім дзіцем, калі гэта са мной здарылася, і ўжо тады, гледзячы на тое, як мне стараюцца дапамагчы, як клапоцяцца пасля аперацыі, я стала задумвацца аб тым, якая гэта вялікая справа — дапамагчы чалавеку аднавіць здароўе, вярнуцца да нармальнага жыцця, — узгадвае мая суразмоўца. — І хаця гэта былі яшчэ слаба акрэсленыя, дзіцячыя думкі, зерне будучай прафесіі было пасеяна ўжо тады. Затым ва ўзросце 60 гадоў пайшла з жыцця мая любімая бабуля па мамінай лініі і я выразна адчула, як гэта цяжка — не мець магчымасці выратаваць чалавека, калі ён яшчэ мог бы жыць! Сюды дадаўся яшчэ светлы вобраз мамы адной маёй сяброўкі, якая працавала фельчарам і была настолькі прыемным і добразычлівым чалавекам, што ад адной яе прысутнасці станавілася лягчэй. Дзякуючы ўсяму гэтаму рашэнне пайсці ў медыцыну сфарміравалася канчаткова.
І хаця з першай спробы паступіць не ўдалося, настойлівая дзяўчына не здалася. Яшчэ год “даціскала” сваю любімую хімію, і наступным летам стала студэнткай Мінскага медыцынскага інстытута. Яе шчасцю не было межаў. І сёння Ала Аляксандраўна з захапленнем узгадвае свайго выкладчыка прапедэўтыкі (уводзін у тэрапію), якая захапіла яе (і не толькі яе) спасціжэннем асноў дыягностыкі ўнутраных хвароб — праслухоўваннем, пальпіраваннем, перкусіяй — метадам медыцынскай дыягностыкі, які заключаецца ў прастукваннні пэўных участкаў цела і аналізе гукаў, якія пры гэтым узнікаюць. Дзякуючы гэтаму выкладчыку старанная студэнтка «закахалася» ў тэрапію і засталася ёй вернай на многія гады.
Скрупулёзнейшы, дасканалы збор анамнезу пацыента стаў “візітнай карткай” А.А. Бусько. Калегі сталі прызнаваць талент Алы Аляксандраўны як дыягноста, і калі яе як вопытнага доктара прызначылі намеснікам галоўнага ўрача па лячэбнай частцы, яна ўсе 20 гадоў знаходжання на гэтай пасадзе пастаянна ўдзельнічала ва ўсіх медыцынскіх кансіліумах, не зважаючы на асабістыя патрэбы. А парадак у аддзяленнях бальніцы магла праверыць амаль што ў любы час сутак, таму што захаванне санітарна-гігіенічных правіл лічыла не менш важным аспектам сваёй работы, чым правільная дыягностыка. Трапяткое стаўленне Алы Аляксандраўны да справы неаднойчы адзначалася шматлікімі граматамі і падзякамі, а ў 1998 годзе яна была ўзнагароджана значком “Выдатнік аховы здароўя”. І зараз ёй не перастаюць тэлефанаваць былыя пацыенты, каб пракансультавацца па пытаннях свайго здароўя.
Гаворачы пра сваё станаўленне як прафесіянала, мая суразмоўца з глыбокай удзячнасцю ўзгадвае урачоў Станіслава Вікенцьевіча Рудовіча, Валерыя Эдуардавіча Рудкоўскага, Мікалая Мікалаевіча Стрэльскага, Святлану Васільеўну і Мар’яна Сцяпанавіча Мазурыкаў, Вольгу Дзям’янаўну Падгайскую, Барыса Іосіфавіча Юшко, Алу Іосіфаўну Вярыга, старшых медсясесцёр Дуклідзію Іванаўну Ждановіч, Валянціну Лявонцьеўну Пратасенку і ўсіх, з кім давялося працаваць за гады работы ў Нясвіжы.
Антон Іванавіч і Ала Аляксандраўна Бусько канчаткова пакінулі працу ў бальніцы ў 2018 годзе, каб і тут быць, як кажуць, “на адной хвалі”. Але справу бацькоў працягваюць іх дочкі. Старэйшая, Святлана, зараз загадвае аддзяленнем у кардыядыспансеры Фрунзенскага раёна Мінска. Там жа, у сталіцы, працуе дзіцячым стаматолагам малодшая Таццяна. Дочкі падарылі бацькам трох унукаў. Час працягвае свой бег, і не выклікае сумненняў, што ён падорыць сям’і Бусько яшчэ шмат яскравых, радасных імгненняў. Ды інакш і не павінна быць у людзей, якія прысвяцілі сябе самай гуманнай у свеце справе — дапамозе іншым людзям, выратаванню іх жыцця і здароўя. А гэта і ёсць самы каштоўны скарб у свеце, бо пакуль у цябе ёсць жыццё і здароўе, у цябе ёсць усё.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота аўтара і з архіву
сям’і Бусько.