Дзверы ў калядную казку ізноў адчыніліся ў Нясвіжскім замку, дзе ў адной з самых чароўных яго залаў — Бальнай — ужо ў трэці раз адбылося ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі “Звяжам свет прыгажосцю”.
На ёй прадстаўлены сучасныя калядныя цацкі, упрыгожаныя ў тэхніцы ірландскіх карункаў і вырабленыя ў рамках міжнароднага конкурсу ёлачнай цацкі.
Майстры, якія паўдзельнічалі ў ім, даслалі свае работы з нашай краіны, а таксама з Расіі, ЗША і Канады. Многія з іх — члены міжнароднай школы аматараў ірландскіх карункаў, якая дзейнічае пад кіраўніцтвам аўтара міжнароднага праекта і заснавальніка школы, нашай зямлячкі Вольгі Старасцінай.
Вольга Аляксандраўна ўжо знаёма пастаянным чытачам “НН”, але для тых, хто чытае нашу газету ўпершыню, нагадаем, што яна стварае кручком калекцыйныя работы класа “люкс” у старадаўняй тэхніцы ірландскіх карункаў. Зарэгістраваная з 2016 г. у Міжнароднай Арганізацыі Майстроў Карункаў, майстрыха ўдзельнічае ў шматлікіх міжнародных выставах, выдала ўласны часопіс аб сучасных ірландскіх карунках. Яе работы атрымалі высокую адзнаку ад майстроў Каралеўскага двара Вялікабрытаніі.
Кожны год выстава “Звяжам свет прыгажосцю” радуе сваіх наведвальнікаў эксклюзіўнымі навінкамі. Вось і сёлета на ёй прадстаўлены не толькі ёлачныя цацкі, але і падсвечнікі, упрыгожаныя ірландскімі карункамі, і эксклюзіўныя арыгінальныя сукенкі, выкананыя ў гэтай старадаўняй тэхніцы. Госці выставы змаглі пераканацца на свае вочы ў тым, якія бязмежныя магчымасці маюць ірландскія карункі ў інтэрпрэтацыі таленавітых майстроў для стварэння непаўторнага сучаснага дэкору.
Як патлумачыла сама Вольга Старасціна, сёлета, паколькі ўсе прадстаўленыя на конкурс цацкі былі выкананы вельмі высока- якасна, вырашана было не вызначаць канкрэтныя месцы сярод пераможцаў, а проста ўзнагародзіць каштоўнымі падарункамі чатырох майстрых, якія іх стварылі. Гэта Любоў Шахімардаванава з Канады, Таццяна Зубрэвіч з Беларусі, Віялета Сіманава і Наталля Ганчарова з Масквы.
Асобным мастацкім штрыхом выставы сталі карункавыя падсвечнікі.
— Традыцыя ўпрыгожваць карункамі лямпы была і да мяне, — адзначыла ў нашай гутарцы аўтар выставы. — Але паспрабаваць у ролі дэкору для крыніцы святла ірландскія карункі я вырашыла ўпершыню. Як гэта атрымалася, трэба запытацца ў гледачоў, але адно магу сказаць з упэўненасцю: і я, і мае сяброўкі па захапленні пастраліся ўкласці ў свае вырабы ўсё сваё майстэрства і любоў да прыгожага.
Мяркуючы па ўсім, ім цалкам гэта ўдалося. Вольга Старасціна адзначыла і той момант, што на сёлетняй выставе гледачы могуць убачыць ужо палову праекта “Поры года”, які заключаецца ў стварэнні эксклюзіўных сукенак — сімвалаў гэтых самых пораў года. Так, летась увазе публікі была прадстаўлена сукенка “Вясна”, у якую ўвайшло 50 адценняў зялёнага колеру, а на гэты раз гледачы маглі ўжо палюбавацца на сукенку “Лета”, нібыта сабраную з разнастайных кветак, колькасць колераў якіх ніхто ўжо не бярэцца падлічваць. У стварэнні гэтага ўбора ўдзельнічалі майстрыхі з Беларусі, Расіі, Польшчы і Канады, што сапраўды сведчыць пра паяднанне свету праз творчасць і прыгажосць.
На наступны год аматараў творчасці Вольгі Старасцінай і яе калег “па цэху” чакае сукенка “Восень”, і ў 2024-м годзе завершыць калекцыю эксклюзіўных строяў “Зіма”. Усе сукенкі ствараюцца па адной тэхналогіі — асобныя іх дэталі вырабляюць майстрыхі з розных краін, дасылаюць іх Вользе, і яна ўжо злучае атрыманыя частачкі ў адзінае цэлае.
Перспектыва ўбачыць гэты рукатворны цуд натхніла ўсіх удзельнікаў урачыстага адкрыцця выставы. Увесь наступны год яны з нецярпеннем будуць чакаць сустрэчы з прыгажосцю, якая сапраўды злучае свет і будуе нябачныя, але трывалыя масты ад сэрца да сэрца і ад народа да народа.
Для тых, хто яшчэ не пабываў у замку Радзівілаў на выставе “Звяжам свет прыгажосцю”, нагадаем, што яна будзе дзейнічаць да 20 студзеня. Не прапусціце!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.