Значны ўклад у дасягненні нашага раёна і ўсёй Мінскай вобласці зрабіў у свой час механізатар калгаса імя Калініна (цяпер — СВК “Агракамбінат Сноў”)
Ілья Іванавіч Даменікан. Ён 40 гадоў жыцця прысвяціў сваёй прафесіі,
і ніколькі не шкадуе пра гэта. За сваё старанне і высокія паказчыкі Ілья Іванавіч быў узнагароджаны ордэнам Леніна і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Сёння 83-гадовы ветэран працы дзеліцца сваімі ўспамінамі з чытачамі раённай газеты,
якую выпісвае пастаянна:
—Механізатар заўсёды быў важнай фігурай на вытворчасці — і ў савецкія часы, і цяпер.
Але ж спачатку мой працоўны шлях пачынаўся з паляводчай брыгады калгаса імя Калініна, куды я прыйшоў пасля заканчэння сямі класаў у 1955 годзе. Застаўся жыць дома, бо трэба было дапамагаць маме: старэйшыя сястра і брат вылецелі з роднага гнязда, а малодшымі за мяне ішлі яшчэ два браты. На брыгаду ў той час хадзіла вельмі шмат калгаснікаў. Памятаю: калі падводамі вазілі на палі тарфакрошку з балота, то запрагалі 15 пар коней. Нарыхтоўвалі тарфакрошку зімой, калгаснікі выбівалі яе ламамі. І я працаваў разам з усімі. Вельмі любіў упраўляць коньмі.
У 1958 годзе старшыня калгаса Якаў Васільевіч Аляксанкін даў мне накіраванне ў Гара- дзішчанскае вучылішча атрымліваць прафесію механізатара. Вучыўся там год. Адначасова займаліся 300 чалавек — у 10-і групах. Нас забяспеч- валі спецадзеннем і харчаваннем, плацілі 100 рублёў стыпендыі ў месяц. Каб было зразумела, многа гэта ці мала, патлумачу: за кватэру я плаціў гаспадару 30 рублёў, а на астатнія мог штосьці і дамоў, маме і брацікам, купіць. Народнай гаспадарцы краіны, у тым ліку сельскай, патрэбны былі адукаваныя кадры, і на іх падрыхтоўку дзяржава не шкадавала сродкаў. Гэта было вельмі правільна, у чым мы ўсе і пераканаліся ў далейшым. У калгасы паступала ўсё больш новай тэхнікі, раслі аб’ёмы вытворчасці.
У 1959 годзе я вярнуўся ў свой калгас імя Калініна ўжо механізатарам. Даручылі гусенічны трактар ДТ-54. На першым часе падказваў мне, калі была такая неабход- насць, брыгадзір трактарнай брыгады Аляксандр Аляксандравіч Шах. У 1960 годзе да нашай гаспадаркі далучылі калгас імя Чарняхоўскага (вёскі Пагарэльцы, Слабада, Сычы, Кміты, Мікуцевічы, Гелавічы), і яго брыгадзір трактарнай брыгады Эдуард Антонавіч Акалатовіч стаў нашым брыгадзірам, а ў падначаленне Шаху перайшлі сельгасмашыны. Наогул, добрыя людзі трап- ляліся на маім шляху. Механізатары Іван Міронавіч Шут, Раман Антонавіч Акалатовіч, Іван Іванавіч Ісакаў, токар Васіль Рыгоравіч Шарапа, каваль Васіль Аляксандравіч Філюшын… Яны былі старэйшыя, ужо працавалі, калі я прыйшоў, таксама дапамагалі, вучылі. Працаваў я таксама на Т-74. У 1972 годзе ў нас з’явіўся першы энерганасычаны трактар К-700 — яго даверылі мне. А настаўнікам маім стаў стары, вопытны механізатар Віктар Уладзіміравіч Жыгар. Пазней такіх магутных, складаных трактароў налічвалася штук 12, і мы на месцы вучылі адзін другога кіраваць імі. Я, напрыклад, — Георгія Кліма і свайго стрыечнага брата Георгія Даменікана. Стаў, дарэчы, маім вучнем і старэйшы брат Вячаслаў — яшчэ адзін калгаснік з нашай сям’і.
Недзе ў 1986 — 1987 гадах у калгас прывезлі спецыяльныя машыны для вырошчвання рапсу — культыватар, каткі і сеялку — швецкай вытворчасці. Агрэгатаваліся яны толькі з Т-150К, які я ўжо ведаў, і мне даручылі гэты трактар і новыя машыны.
А ў гарачы час жніва з 1966 года са- дзіўся за штурвал збожжаўборачнага камбайна. Праз мае рукі прайшлі С-4М, СК-3, СК-4, “Колас”, Е-516, Дон-1500. Усё прыйшлося паспрабаваць! За жніўны сезон намалочваў 600 — 650 тон збожжа. На той час такая выпрацоўка была вельмі высокай. Але, думаю, не толькі за высокія намалоты мне ўручалі дзяржаўныя ўзнагароды. У 1973 годзе — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1976-м — ордэн Леніна. Проста я заўсёды працаваў добрасумленна, з поўнай аддачай, не лічыўся з асабістым часам, ха- дзіў у перадавіках.
Для таго, каб на калгасныя палі прыйшлі новая тэхніка і тэхналогіі, каб вырасла прадукцыйнасць працы, заробкі людзей і ўмовы іх работы, іх дабрабыт, многа зрабілі кіраўнікі і спецыялісты гаспадаркі. Гэта Герой Сацыялістычнай Працы, старшыня калгаса ў 1951 — 1988 гадах Якаў Васільевіч Аляксанкін, Герой Беларусі Міхаіл Аляксандравіч Карчміт, які ўзначальваў гаспадарку ў 1988 — 2004 гадах, Мікалай Вячаслававіч Радаман, які кіруе калектывам апошнія 18 гадоў. Трэба адзначыць, што нашаму калгасу пашанцавала на кіраўнікоў. Гаспадарлівыя, старанныя, з добрым веданнем сельскай гаспадаркі. Цёплыя ўспаміны засталіся пра былога галоўнага інжынера Аляксандра Васільевіча Лапко, аграномаў Казіміра Казіміравіча Гурына, Сямёна Іванавіча Сідорку і Аляксандра Аўрамавіча Шчарбянка, галоўнага агранома Уладзіміра Серафімавіча Бабра, намесніка старшыні Піліпа Васільевіча Дубяжынскага. Мы ўсе працавалі ў тыя часы, клапаціліся пра ўра- джай, пра сілу сноўскай зямлі.
Мая мама, Вера Лук’янаўна, была паляводам. Мой самы малодшы брат Сяргей таксама выбраў сабе справу ў вёсцы. Па накіраванні гаспадаркі вучыўся ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце. Працаваў у нашым калгасе ветурачом.
Ордэна Дружбы народаў калгас імя Калініна быў вядомы сваімі дасягненнямі не толькі ў Беларусі, а і ва ўсім Савецкім Саюзе. Працягваючы добрыя традыцыі, СВК “Агракамбінат Сноў” застаўся знакамітым на постсавецкай прасторы. Ганаруся сваёй беларускай, сноўскай зямлёй, яе росквітам, прыгажосцю.
— Ілья Іванавіч, як Вы ацэньваеце сённяшняе жыццё?
— Мяне непакоіць, што некаторыя людзі ўсё нечым незадаволеныя. Атрымае паўтары тысячы рублёў зарплаты, кажа — мала.
— То соль не салёная, то цукар не салодкі?
— Так. А вось маё пакаленне ніколі не скажа, што цяпер дрэнна жыць. Таму што нам было цяжэй. Краіна ўставала з ваенных руінаў, бедныя землі давалі невысокія ўраджаі. Усё, што маем цяпер, здабыта, створана нялёгкай працай беларусаў, іх рукамі, іх розумам, стараннямі. У 50-х гадах на работу ў паляводчай брыгадзе збіралася столькі людзей! Аб усім гаварылася, усё абмяркоўвалася, але ніхто не скар- дзіўся, усе былі задаволеныя. На што сёння наракаць? Хіба можна параўнаць умовы працы з ранейшымі?! Я з сямі гадзін раніцы да 12-і ночы сядзеў за рычагамі трактара — пыл, ляскат, бруд, не тое, што цяпер. І людзі працавалі, не скардзіліся. Быў нейкі ўздым, імкненне наперад, да лепшага. Было цікавей! Моладзь выхоўвалі ў павазе і ўвазе да старэйшых. Хоць меней тавараў ляжала на паліцах магазінаў, але лю- дзі былі дабрэйшыя.
— Аб чым Ваш клопат зараз?
— Каб усе былі здаровыя — дзеці, унукі, праўнукі. У нас з жонкай Надзеяй Кузьмінічнай дзве дачкі, чацвёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў — самаму маленькаму хутка споўніцца два месяцы. Ганарымся дзеткамі. Хочам, каб жыццё ішло ціха, спакойна. Трэба захаваць, абараніць усё, што стварылі — прыгожыя гарады і вёскі, камфортнае жыллё. Трэба захаваць мір на зямлі.
Тамара Праль-Гуль,
заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў.