Шмат добрасумленнай працы ўклалі ў свае палеткі і фермы работнікі ААТ “Юшавічы”. І хаця воляю лёсу гаспадарцы дасталіся не самыя простыя для апрацоўкі землі, дзякуючы сваёй працавітасці і пільнаму захаванню тэхналогій, мясцовыя аграрыі атрымліваюць дастойныя вынікі сваёй працы.
Жывёлавод МТФ “Затур’я” Людміла Мохарт працуе ў гаспадарцы ўжо больш за 20 гадоў. Ураджэнка вёскі Хвоева, яна ў свой час выйшла замуж за мясцовага хлопца і засталася тут назаўсёды.
— Я пусціла тут карэнні, — з усмешкай гаворыць пра сябе Людміла Мікалаеўна, — і зараз у другім месцы сябе не ўяўляю. Працавала многа гадоў і аператарам машыннага даення, і дыспетчарам у гаражы, зараз адказваю за 140 цялушак, старэйшых за 6 месяцаў, якія ў будучыні павінны прывесці цялятак і папоўніць дойны статак гаспадаркі.
У абавязкі маёй суразмоўцы ўваходзіць догляд жывёлы — трэба, каб яна была своечасова і якасна пакормленая, знаходзілася ў чысціні і парадку і ў добрым здароўі дайшла да ўзросту, калі ў яе з’явіцца цялятка.
Сваю работу Л.М. Мохарт выконвае з усёй адказнасцю і любоўю да жывёлы, таму яе праца цэніцца і кіраўніцтвам гаспадаркі, і калектывам фермы.
Як расказаў дырэктар таварыства Віктар Ілюкевіч, пасяўная плошча збожжавых у ААТ “Юшавічы” сёлета склала 1300 гектараў, з якіх было намалочана 8101 тона ўраджаю. Ураджайнасць збожжавых склала 62,3 ц/га. Да радасці хлебаробаў, гэта лічба перавысіла паказчык некалькіх мінулых гадоў.
— Сёлета мы ўпершыню заняліся вырошчваннем азімага рапсу, — адзначыў у нашай гутарцы Віктар Мікалаевіч. — На 200 адведзеных для гэтага гектарах атрымалі добры для першай спробы ўраджай — 43,1 ц/га. На наступны год пасеяна ўжо 320 гектараў гэтай культуры і 1000 — азімых збожжавых, каля 1500 гектараў скла-дзе яравы клін.
Стараюцца і жывёлаводы таварыства — валавы надой малака за 10 месяцаў гэтага года склаў 7645 тон 790 кг, а надой на адну карову — 6314 кг.
Электрагазазваршчык Іосіф Жывень — адзін з самых вопытных і надзейных работнікаў гаспадаркі, дзе працуе ўжо 30 гадоў. Трэба замяніць нож у каўшы пагрузчыка, адрамантаваць прычэп ці дэталь АКШ-7,2 — каток, якім раўняецца глеба, — без зваршчыка тут ніяк. Кіраўніцтва гаспадаркі ведае, што якую б работу Іосіфу Антонавічу ні даручылі — усё будзе зроблена, як належыць.
Сваю прафесію мой суразмоўца ў свой час асвоіў у Мінскім прафтэхвучылішчы №9 пры аўтазаводзе, пасля чаго адслужыў тры гады падводнікам на суровым Паўночным флоце. Пасля службы вырашыў не звязваць жыццё з горадам, вярнуўся ў родныя мясціны. Падобна, з таго часу і прывык больш рабіць, чым гаварыць, і ўсё жыццё лічыць, што лепш за ўсякія словы пра чалавека гавораць яго справы. А пра сакрэт прафесійнага поспеху гаворыць проста:
— Галоўнае — жаданне працаваць, каб да таго, што робіш, ляжала душа. Тады і стома не страшная, і ўсё будзе ла- дзіцца.
Добрасумленнасць і адказнасць І.А. Жывеня цэняцца і кіраўніцтвам, і калектывам гаспадаркі
У дзень нашага візіту ў гаспадарку тут ішла ўборка кукурузы на зерне, намалочана было 1060 тон, заставалася толькі 8 гектараў. На дзень здачы матэрыялу ў друк гэта работа была ўжо закончана. Атрымана 1200 тон пры ўраджайнасці каля 100 ц/га. Убіраюцца і цукровыя буракі. Іх пасевы пацярпелі ад моцнай спёкі, аднак на ўра- джайнасць каля 400 ц/га тут спадзяюцца.
Закончылі нарыхтоўку сенажу. Яго атрымалі 12989 тон пры заданні 12748. Гэта колькасць павінна поўнасцю забяспечыць патрэбы жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі. Таксама поўнасцю нарыхтаваны і сілас — больш за 21 тысячу тон.
Бухгалтар ААТ “Юшавічы” Марына Рудэня па першай спецыяльнасці — аграном, таму ўсе нюансы сельгасвытворчасці ведае не па чутках. Закончыўшы ў свой час Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, яна прадоўжыла сваё навучанне ў Беларускай сельгасакадэміі і зараз з удзячнасцю узгадвае асновы эканомікі і бухгалтарскай справы, атрыманыя там. У бухгалтэрыі гаспадаркі Марына Вацлаваўна працуе ўжо 21 год, з’яўляючыся адным з самых вопытных і надзейных работнікаў. Яе асноўны абавязак — налічэнне заработнай платы механізатарам і паляводам.
З нагоды прафесійнага свята М.В. Рудэня адзначана Падзякай Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК
У разгары — уздым зябліва.
Асеннія палявыя работы трымаюцца на механізатарах гаспадаркі, якія працуюць, як кажуць, не за страх, а за сумленне. Усю азімую сяўбу з сеялкай “Амазоне” тут правёў Алег Баханкевіч. Глебу пад сяўбу падрыхтавалі Мікалай Мамчыц і Аляксандр Гурбан, а заараў усё Міхаіл Трусевіч. На ўборцы цукровых буракоў працуе Аляксандр Янскі, ён жа ўбірае кукурузу на зерне.
Фотазнаёмства з некаторымі працаўнікамі “Юшавіч”, якія заваявалі добрую славу сярод таварышаў па працы і павагу кіраўніцтва гаспадаркі, мы прапануем вашай увазе.
Жывёлавод МТФ “Юшавічы” Валянціна Рымашэўская ў дзень нашага прыезду ў гаспадарку аказвала дапамогу калектыву фермы як аператар машыннага даення. Вопыт работы ў жывёлагадоўлі ў Валянціны Пятроўны немалы: яна працавала і аператарам машыннага даення, і жывёлаводам па доглядзе маладняку.
На пытанне, што галоўнае ў яе рабоце, адказ дае, амаль не задумваючыся:
— Сумленнасць. Без гэтага ніяк. Тады будзе аддача. Я прыходжу на работу прыкладна без дваццаці чатыры раніцы, каб навесці ў маёй групе поўны парадак: усё падчысціць, дагледзець, каб своечасова правесці дойку, якая павінна пачацца ў палове пятай раніцы. Затым праходзяць яшчэ дзве дойкі — днём, калі трэба яшчэ вывесці кароў на прагулку, і пад вечар. І кожны раз — трэба паклапаціцца пра корм для рагуль, чысціню і парадак у месцах іх “пражывання”.
Шматгадовая добрасумленная праца В.П. Рымашэўскай высока цэніцца ў працоўным калектыве ААТ “Юшавічы”
Жывёлавод МТФ “Юшавічы” Вячаслаў Санько —
самы вопытны работнік
сельгаспрадпрыемства,
якому сёлета споўнілася 72 гады. Адпрацаваўшы
шмат гадоў
вадзіцелем, ён не жадае
заставацца без справы.
Зараз Вячаслаў Арсенцьевіч даглядае 103 бычкоў,
якіх старанна корміць
і ўтрымлівае ў чысціні і парадку.
— Пакуль ёсць сіла,
будупрыносіць карысць
сваёй гаспадарцы,
— гаворыць нястомны працаўнік.
Яго адданасць сваёй справе служыць добрым прыкладам
для многіх таварышаў па працы
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.