У культуру прыходзяць многія, але застаюцца ў ёй адзінкі. Гэтыя людзі — няўрымслівыя натуры і аптымісты, ініцыятары, творцы і альтруісты, якія ператвараюць нашы будні ў святы.
Адна з іх — кіраўнік народнага ансамбля песні “Млечны шлях”раённага цэнтра культуры Таццяна Казлова.
Таццяна Мікалаеўна — вопытны работнік ў сваёй галіне. Усё сваё жыццё яна імкнецца праз творчасць раскрываць бязмежнасць і шматграннасць мастацтва.
А першыя крокі да будучай прафесіі мая суразмоўца зрабіла яшчэ ў дзяцінстве, калі паступіла ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка.
— У той час я вучылася ў музычнай школе ў Нясвіжы, — успамінае Таццяна Мікалаеўна. — Так здарылася, што заняткі ў мяне праводзіла Таццяна Іванаўна Ульянава — выкладчык кансерваторыі. Яна параіла маім бацькам адвезці мяне на ўступны экзамен у гэтую школу для адораных дзяцей. У выніку — мяне прынялі. Я вельмі ўдзячна бацькам, што яны не спужаліся аддаць сваё дзіця вучыцца ў вузканапраўленую ўстанову. Там у мяне былі вельмі добрыя педагогі, якіх я вельмі цаню і дагэтуль. Вельмі добры багаж ведаў атрымала я і ў Маладзечне.
У Маладзечне Таццяна вучылася ў музычным вучылішчы па спецыяльнасці “Тэорыя музыкі”. Але замест таго, каб у вольныя дні адпачываць з сябрамі, дзяўчына ездзіла на малую радзіму, дзе грала на клавішных і спявала ў ВІА “Нясвіж”.
— Нягледзячы на добрыя вынікі на той момант гэта было толькі хобі, — узгадвае мая суразмоўца.
Пасля заканчэння вучылішча Таццяна Мікалаеўна працавала ў музычнай школе ў Высокай Ліпе, потым — у Нясвіжскім каледжы, паралельна працягвала займацца ў вакальна-інструментальным ансамблі “Нясвіж”. Потым стала яго кіраўніком, ансамбль атрымаў званне “народны”.
— Акрамя таго, мне прапанавалі папрацаваць з іншым калектывам, які называўся “Мілавіца”. Потым мы перайменавалі яго ў “Млечны шлях”, адзначаючы пачатак новага творчага шляху.
За гэты час калектыў неаднаразова абнаўляўся.
— У нас заўсёды былі вельмі моцныя саставы, — з гонарам адзначае кіраўнік калектыву. — І вельмі шкада было развітвацца з людзьмі, калі яны вырашалі далей крочыць у іншым накірунку. Кожны раз здавалася, што замяніць чалавека будзе нельга. Але так складвалася, што да нас прыходзілі іншыя вельмі таленавітыя артысты. Сёлета нашаму ансамблю спаўняецца 20 гадоў. Мы бярэм адлік з 2002 года, калі калектыў атрымаў званне “народны”. На сённяшні дзень у нас таксама праходзяць невялікія змены — жыццё не стаіць на месцы. Хочацца, каб да нас і надалей завітвалі такія людзі, якія любяць сваю справу.
За перыяд свайго існавання “Млечны шлях” шмат гастраляваў, выступаў у Літве, Латвіі, Украіне, Польшчы, Расіі, Італіі. З апошняй краінай звязаныя самыя незвычайныя ўспаміны для кіраўніка ансамбля:
— Гэта была вельмі запамінальная паездка, таму што па часе яна супала з праваслаўным Вялікаднем, і нам пашчасціла ўдзельнічаць у службе. Канешне, мы загадзя падрыхтавалі і праваслаўную праграму да гэтай паездкі і былі вельмі рады падзяліцца нашай творчасцю з іншамоўнымі вернікамі.
Акрамя таго калектыў з задавальненнем удзельнічае у фестывалях, такіх як “Напеў зямлі маёй”, міжнародным фестывалі “Маскоўскі карагод” і іншых. Скарбонку дасягненняў штогод папаўняюць і салісты ансамб-ля, атрымліваючы дыпломы за ўдзел у розных песенных конкурсах.
— Мы можам выконваць практычна ўсё: пачынаючы з эстраднай музыкі, заканчваючы джазам. У асноўным новыя творы шукаю я, але кожны можа прапанаваць песню, якая яму падабаецца і, калі астатнім яна таксама прыйдзецца даспадобы, мы вывучым яе.
У кожнага з выканаўцаў — свае любімыя аўтары і жанры. На фарміраванне музычнага густу самой Таццяны Мікалаеўны паўплывала, зразумела, класічная музыка.
— Не магу сказаць па жанрах, чаму аддаю перавагу, але мне падабаецца і чыста інструментальная музыка — класіка, джаз, — і эстрадная. Галоўнае, каб добра гучала. З класікаў, напрыклад, мае любімыя кампазітары — гэта Чайкоўскі і Шапэн.
Крок за крокам “Млечны шлях” рыхтуецца да выпуску дзвюх альбомаў. Адзін, які называецца “Паклонімся вялікім тым гадам”, прысвечаны ваенна-патрыятычнай тэматыцы. Творы ў ім пераклікаюцца з тымі, што ансамбль выконваў на сольным аднайменным канцэрце ў гэтым годзе. Другі альбом будзе складацца з песень, якія былі запісаныя саставамі розных гадоў: цікава ж, напрыклад, паслухаць, як ансамбль гучаў 15 ці 10 гадоў таму і як зараз.
— Акрамя таго, працуем над новай праграмай, рыхтуемся да будучых канцэртаў, — адзначае Таццяна Казлова. — Мы ведаем, што яшчэ шмат якімі праектамі можам парадаваць нашых слухачоў. Мне здаецца, для таго, каб атрымліваць добрыя вынікі, трэба заўсёды прагнуць спазнаваць новае, ствараць прыгажосць. Праца ў калектыве адрозніваецца ад асабістага, адзіночнага выканання. Без паразумення, агульнага эмацыйнага настрою вельмі складана дабіцца таго, каб калектыў быў з’яднаны, бо без любові да сваёй справы не даб’ешся добрых вынікаў. Гэта будзе адбівацца нават на выкананні.
Мая суразмоўца не толькі кіруе цудоўным ансамблем, чыя назва даўно стала адзнакай якасці, але і піша сваю музыку.
— У асноўным — гэта лірычныя кампазіцыі. Аўтарскія і музыка, і тэкст. Ствараюцца творы заўсёды па-рознаму. Часам прыходзіць нейкая фраза, я пачынаю яе пракручваць у галаве, развіваць, а пасля тэкст кладзецца на музыку. А часам наадварот: прыходзіць мелодыя, і ўжо яе я імкнуся начыніць вербальным сэнсам. Але, трэба сказаць, для мяне гэта больш складана.
На пытанне аб тым, што параіць маладым людзям, якія толькі пачынаюць свой працоўны шлях у сферы культуры, Таццяна Мікалаеўна хутка адказала:
— Не столькі параю, колькі пажадаю ім творчага натхнення. У культуры без натхнення ніяк. Тут немагчыма сядзець на месцы. Пастаянна адчувайце ў сабе жаданне ісці наперад, шукаць нешта новае. Не губляйце свой запал. Але калі ў маладога чалавека ёсць сумневы ў галаве “ісці ў гэту сферу ці не ісці?”, тады, хутчэй, не варта. У нашай сферы лепш быць нават трошкі памяшаным на сваёй справе. Калі чалавек яшчэ на пачатковым этапе не адчувае неабдымнай прагі да ўвасаблення сваіх задумак, тады ёсць вялікая верагоднасць, што яна так і не з’явіцца.
Размаўляючы з прадстаўніком сферы культуры, разумею, што, каб працаваць у ёй, трэба, і на самай справе, быць чалавекам-святам. Часам адсоўваць убок свае асабістыя перажыванні і рабіць людзям свята.
— Кожны з нас, мясцовых артыстаў, любіць нашага слухача, — кажа музыка. — Людзі ў нас, на Нясвіжчыне, вельмі добрыя, спагадлівыя. Мы заўжды з задавальненнем працуем. Калі бачыш зваротную рэакцыю, з’яўляюцца сілы распрацоўваць новыя праекты, хочацца ўвесь час нешта абнаўляць. Хачу павіншаваць усіх сваіх калег з надыходзячым прафесійным святам, пажадаць усім здароўя, мірнага неба над галавой, доўгіх гадоў жыцця і, вядома ж, шчасця!
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.