Загадкавы свет кнігі… заўсёды новы і таямнічы… чароўны і прывабны… блізкі і ў той жа час недасягальны…
Беручы ў рукі менавіта кнігу ў пераплёце, ты можаш адчуць усю моц і рамантыку таго, што ў ёй заключана, і кожны раз па-новаму
перажыць прачытанае. Ці можна ўлюбляцца ў кнігу зноў і зноў? Ці можна разлюбіць яе? Ці можа чытанне надакучыць або памяняць тваё стаўленне да свету?

Бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Аксана Кунаш
Гэта я паспрабавала высветліць напярэдадні Дня бібліятэк, які адзначаецца заўтра, 15 верасня, разам з бібліятэкарам аддзела абслугоўвання і інфармацыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Аксанай Кунаш.
Адразу хочацца адзначыць, што сярод кніг адчуваецца нейкі спакой, адасобленасць, утульнасць. Як быццам бы трапляеш у іншую дзяржаву, са сваімі парадкам і ўладкаваннем.
Аксана Леанідаўна адразу паказвае мне сваё працоўнае месца, тлумачыць дзе захоўваюцца фармуляры чытачоў, агульныя спісы, дзе стаяць папкі з планамі і сцэнарыямі мерапрыемстваў, праграмы праектаў.
— На першы погляд здаецца — якая тут работа? Кніжкі перабіраць? Гэта далёка не так. Мае абавязкі не заканчваюцца толькі на прыняцці ці выдачы кнігі. Яны значна шырэйшыя, — гаворыць мая суразмоўца.
Сапраўды, бібліятэкар павінен сачыць за станам кніг, займацца рэгістрацыяй новых паступленняў і спісаннем старых ужо, непрыдатных выданняў. Акрамя гэтага, з нагоды розных святаў ён рыхтуе мерапрыемствы для чытачоў (складае сцэнарыі, падбірае актуальную літаратуру). Афармляе выставы, таксама тэматычныя стэлажы, вя- дзе работу клубаў па інтарэсах.
— Насамрэч, гэта не самае складанае і цікавае. Найбольш сілаў і аддачы патрабуюць увага да людзей, размова з імі, — распавядае далей Аксана Леанідаўна. — За ўвесь час на гэтай пасадзе я вывучыла ўсіх сваіх пастаянных чытачоў. Ведаю, да каго як падступіцца, каму можна прапанаваць нешта на свой густ, а хто заўсёды прыходзіць з канкрэтнымі запытамі.
Прыемна, калі прыходзяць і адразу выдаюць: “Так радасна, што сёння вы!”. І ўсмешка да вушэй. Ці калі ў горадзе пазнаюць і гавораць добрыя словы. Ці калі прыходзяць і просяць кнігу, давяраючы майму густу. Я адразу натхняюся, атрымліваю зарад бадзёрасці — настрой узнімаецца.
А бывае і інакш. Прыходзіць чалавек, і ты бачыш: лепш яго не турбаваць, не старацца нешта параіць. Лепш прамаўчаць, бо не да гутаркі яму сёння.
Гэта ўсё я навучылася тонка адчуваць. І таму раблю сваю работу не проста каб зрабіць, а каб атрымаць асалоду і падарыць яе сваім чытачам (аўт. — а іх ў Аксаны Леанідаўны 1400. І самых заўзятых, прызнаецца жанчына, яна ведае па прозвішчах і нумарах фармуляра).
Мне складана адчуць вышэй сказанае на ўласнай скуры, але гледзячы на тое, з якімі трапятаннем і любоўю Аксана Леанідаўна гаворыць аб сваёй прафесіі, я ёй веру.
Дарэчы, запал да чытання ў маёй суразмоўцы назіраўся з самага дзяцінства.
— Колькі сябе памятаю, я заўсёды чытала. Не ведаю, адкуль такое жаданне, чым яно абумоўлена. Мама з татай зусім неахвочыя былі да кнігі. А мяне захапляла. І захапляе дагэтуль.
Пэўна, менавіта таму Аксана Леанідаўна і атрымала філалагічную спецыяльнасць — яна скончыла педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і стала настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Каля 17 гадоў прысвяціла дзецям. А потым, пасля дэкрэту, ёй прапанавалі месца тут, у бібліятэцы. Гэтай справе Аксана Леанідаўна аддана служыць ужо амаль дзясятак гадоў.
— Для мяне самае прыемнае — у вольны час знайсці ўтульненькі куточак, узяць кубачак чаю ці кавы і “засесьці” з кнігай — адпачываць… Большага і не трэба.
Бывае, нават мэту сабе стаўлю: пасля работы хуценька справіцца з хатнімі клопатамі і сесці за кнігу — як бы падзякаваць сабе, заахвоціць на далейшую працу…
Пад кіраўніцтвам Аксаны Леанідаўны на базе бібліятэкі дзейнічае сямейны клуб. Наведвальнікі — дзеці разам з бацькамі — не толькі ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, але і актыўна дапамагаюць у іх падрыхтоўцы. За круглым сталом у нефармальнай абстаноўцы тут ладзяцца чаяпіцці, якія дазваляюць дзяліцца навінамі і яшчэ больш збліжаюць суразмоўцаў.
Сапраўды, тут, у бібліятэцы, па-дамашняму ўтульна і ціхамірна, як на своеасаблівым востраве спакою сярод бурлівага жыццёвага мора.
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.