Пагадзіцеся, даволі часта можна пачуць, як важна і неабходна ведаць гісторыю. І фраза “без мінулага — няма будучыні” таксама многім знаёмая. А што, калі гэта гісторыя на імгненне стане рэальнасцю? Паўстане перад вачыма і захопіць сваёй маляўнічасцю, пышнасцю, відовішчнасцю?
Такая імпрэза на мінулых выхадных адбылася ў Нясвіжы. На паляне Англійскага парка на тэрыторыі музея-запаведніка “Нясвіж” шчыра расчыніў свае дзверы фестываль гістарычнай рэканструкцыі, музыкі і культуры “Нясвіжская фартэцыя”. Арганізатары фестывалю пагрузілі гледачоў у атмасферу сярэднявечча, прадэманстравалі значныя па- дзеі XVII-XVIII стагоддзяў.
З самага ранку на паляне каля возера можна было бачыць прадстаўнікоў шляхецкага паходжання: у касцюмах герояў ваеннаслужачага саслоўя, баяр ці магнатаў, князёў ці паноў — яны прываблівалі вока разнастайнасцю і незвычайнасцю сваіх вобразаў. Побач з імі — магутнае звяно — конніца. Паказальныя выступленні якой, дарэчы, атрымаліся вельмі захапляльнымі і цікавымі. Коннікі спрытна спраўляліся з прапанаванымі заданнямі турніру і разам са сваімі чацвераногімі падапечнымі здзіўлялі гледачоў.
Праграма фестывалю расцягнулася на ўвесь дзень. Несвіжанам давялося ўбачыць рыцарскія выступленні, сабельны турнір, тактычныя і паказальныя манеўры, шатландскія гульні, паўдзельнічаць у дэгустацыях. Маляўнічая імпрэза ахапіла падзеі, якія адбываліся на нашых землях, пачынаючы з 1800-х гадоў аж да Другой сусветнай вайны.
Пад вечар атмасфера плаўна перацякла ў больш сучаснае русла — на сцэне амфітэатра распачаўся канцэрт аматарскіх калектываў Мінскай вобласці. Затым сваю забаўляльную праграму падарыў несвіжанам кавер-гурт “RiverStone”. А завяршыўся першы дзень “Нясвіжскай фартэцыі” шумнай начной дыскатэкай. На наступны — гасцей чакалі дзве рэканструкцыі: “Шляхта ВКЛ. XVII-XVIII ст.” і “Эпоха 1812 года”.
Падчас фестывалю на сцежках парка разгарнуліся выстаўкі рамеснікаў і рынак майстроў, працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, а таксама арт-алея “Сувязь часоў”.
Сваімі ўражаннямі ад убачанага падзяліўся з карэспандэнтам рэдакцыі турыст з Мінска Павел Гладкі:
— Больш за ўсё мяне ўразіла стральба з лука і кіданне сякер. Пагадзіцеся, не кожны дзень станеш сведкам такіх дзеянняў. А мне, як гісторыку, гэта ўдвая цікавей. Захапляльнай была і рэканструкцыя Першай сусветнай вайны. Тыя па- дзеі, як ніяк, бліжэй да нас — больш зразумелыя, таму, канешне, зацягвала. І гукі, і дым, і пушкі, не гаворачы ўжо пра касцюмы…
Спадабалася яшчэ і тое, што вядучы шпарка размаўляў на беларускай мове. Прыемна слухаць. Пазнавальна і каларытна.
Але ж адзін мінус крыху падсапсаваў настрой: нязручны расклад гарадскога і міжгародняга транспарта. Людзей шмат — усе едуць на свята. Трэба было падрабязней падыйсці да гэтага пытання і, мабыць, зрабіць яшчэ некалькі дадатковых рэйсаў.
А так — усё здорава. У наступным годзе абавязкова прыеду яшчэ.
А вось што пра фестываль расказала несвіжанка Таццяна Калініна:
— Мы прыйшлі сюды сям’ёю. Першае, што хочацца адзначыць, што ў Нясвіжы апошнім часам адбываецца столькі цікавых мерапрыемстваў, і кожнае арганізавана на высокім узроўні. Гэты фестываль таксама. Прыемна і сімвалічна, што ў такім старадаўнім месцы адбываюцца гістарычныя рэканструкцыі: людзі ў касцюмах, скачкі на конях, пушачныя стрэлы і іншае. Для звычайнага чалавека — незвычайна і пазнавальна. Ды і адпачыць можна па-іншаму. Самому на карэце пракаціцца, пастраляць, пераапрануцца ў шляхецкае адзенне і адчуць сябе сапраўдным панам ці паненкай. Нам спадабалася: і дзеці пазабаўляліся, і мы, дарослыя, знайшлі для сябе шмат цікавага.
Крыху адчуць атмасферу свята і паглядзець, як прайшоў фестываль, можна ў нашым фотарэпартажы, сацыяльных сетках і на Ютуб-канале рэдакцыі “Новости Несвижа”.
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ
і Святланы ПОЛЬСКАЙ.