Усё лепшае ў чалавеку — з дзяцінства. Такую думку выказала Зоя Мікалаеўна Маляр, у недалёкім мінулым — дырэктар СШ № 4 г. Нясвіжа падчас сустрэчы з наведвальнікамі гуртка “Юны журналіст” гэтай школы, удзельнікамі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан”
Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, рэдакцыі газеты “Нясвіжскія навіны” і праграмы радыёвяшчання “Раніца Нясвіжчыны” і СШ № 4 г. Нясвіжа.
Рабяты даведаліся, што Зоя Мікалаеўна нарадзілася на Клеччыне, у вёсцы Комлеўшчына. Тата — Мікалай Парфір’евіч Кодзьман — працаваў у меліярацыі начальнікам участка. Многаму Зоя Мікалаеўна і яе сёстры, а ў сям’і выхоўваліся тры дзяўчынкі, навучыліся менавіта ў яго. Тата браў дачку на свае аб’екты, і тая на свае вочы магла бачыць, як ён працаваў з людзьмі, які ён патрабавальны, якая высокая дысцыпліна была і як яго паважалі людзі. Вельмі паважаным чалавекам была і мама, Марыя Аляксандраўна. У нейкі момант жыцця яе напаткала цяжкая хвароба — жанчына чатыры месяцы была нерухомай. І дзяўчынкі ва ўсім стараліся дапамагаць бацьку, у кожнай былі свае абавязкі. А пасля мама па-новаму вучылася хадзіць. Шмат сіл ёй спатрэбілася, каб вярнуцца да нармальнага жыцця.
Зоя Мікалаеўна добра памятае сямейныя вечары, калі яны ўсёй сям’ёй збіраліся і чыталі кнігі. Тата пры ўсёй яго занятасці заўсёды знаходзіў для гэтага час. І сам чытаў уголас. У іх была і вялікая скрынка з пласцінкамі. Бацькі і дзеці разам слухалі музыку, спявалі. У іх доме сярод першых у вёсцы з’явіўся тэлевізар і тэлефон. І неяк мама налічыла, што ў хаце сабралася пяцьдзесят чалавек аднавяскоўцаў, якія прыйшлі паглядзець тэлевізар.
Пазней наша суразмоўца знайшла архіўныя звесткі пра тое, што тата быў рацыяналізатарам у сваёй справе. І нікога не здзівіла, што пасля школы Зоя Мікалаеўна паступіла ў БДУ імя Леніна на біялагічны факультэт.
— Тое, што далі мне мае бацькі на той момант, вельмі паўплывала на ўсё маё жыццё. Я ніколі не баялася цяжкасцей. Калі ўжо вучылася, ніколі не лічылася з часам, многа працавала над тым, як здабыць веды: шмат часу праводзіла і ў бібліятэцы, і ў чытальнай зале. Я ніколі не адмаўляла тым аднакурснікам, каму трэба было дапамагчы падрыхтавацца да сесіі, а выходзіла так, што гэта яны мне дапамагалі, бо пасля такіх заняткаў сесія здавалалася лёгка.
Выбар дзяўчыны не здзівіў родных яшчэ і таму, што Зоя Кодзьман толькі збіралася пашырыць кола прадстаўнікоў сямейнай дынастыі настаўнікаў, якая на дадзены момант складаецца з 15 чалавек.
— Яшчэ мой прадзед Рыгор быў настаўнікам царкоўна-прыходскай школы. Ён працаваў у пана Вайніловіча. Яго ведалі па ўсёй акрузе і вельмі паважалі. Мой дзя- дзька Міхаіл працаваў настаўнікам да вайны. Ішоў за шмат кіламетраў да сваіх вучняў. На жаль, ён загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны. Дзядзька Арсеній, муж мамінай сястры, працаваў доўгі час дырэктарам школы. Перанёс блакаду Ленінграда. Ён вельмі шанаваў жыццё. І у нас ёсць многа родных, якія абралі працу настаўніка. Гэта было і раней, і цяпер. І нашы дзеці працягваюць педагагічную дынастыю. Я лічу, што гэта каштоўнасць — праца для людзей і праца з людзьмі, — дзеліцца сваімі разважаннямі Зоя Мікалаеўна.
А пасля заканчэння БДУ маладая настаўніца працавала ў адной са школ Чэрвеня, затым была інспектарам у аддзеле адукацыі Клецкага райвыканкама. У СШ № 4, якую яна 18 гадоў узначальвала, прыйшла спачатку намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, затым стала загадчыкам метадычнага кабінета аддзела адукацыі Нясвіжскага райвыканкама. Неўзабаве Зоя Мікалаеўна вярнулася ў сваю школу намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, а ў маі 2004 года была прызначана яе дырэктарам.
Самае важнае, на што павінны быць накіраваны намаганні ўсяго педагагічнага калектыву, на думку Зоі Мікалаеўны, — гэта “дапамагчы нашым дзецям у станаўленні асобы, навучыць самаразвівацца, самаактуалізавацца. Вучыць дзяцей шанаваць тое, што мы маем. Мы маем сваю Радзіму, яе непаўторную прыроду. Мы маем мірнае неба над галавою. Сваю сям’ю. Гэта нашы каштоўнасці. Іх трэба берагчы”.
Па ініцыятыве Зоі Мікалаеўны Маляр з’явіліся і актыўна працуюць многія жыццёванеабходныя праекты. СШ № 4 першая ў раёне атрымала статус “Зялёная школа”.
У маім асабістым жыцці быў выпадак, калі я стала перадапошняй з амаль трыццаці бацькоў, што прыйшлі падаваць дакументы дзяцей у першы клас гэтай школы. У той дзень усе марылі трапіць толькі да адной настаўніцы — Вікторыі Аляксееўны Долмат. Шмат часу прыйшлося правесці ў школьным двары. І скажу па праўдзе, што гэта былі не горшыя гадзіны майго жыцця. Вакол была такая прыгажосць! Радавалі вока цудоўныя кветкі, прычым, кожная клумба была непаўторнай. Хадзі і разглядай колькі хочаш. Маё чаканне ператварылася ў цудоўную экскурсію.
Дарэчы, падчас сустрэчы з юнымі журналістамі Зоя Мікалаеўна расказала, як ствараўся гэты незвычайны цуд. Яна сама ездзіла ў пітомнікі на Случчыну, Клетчыну, звярталася на той момант у Нясвіжскае лясніцтва. Многія расліны набывалі ў Батанічным садзе ў Мінску. Над будучым экалагічным кутком шмат папрацавалі ўсе работнікі школы, вучні і нават іх бацькі. А справа была няпростая. Трэба было капаць вялікія ямы, саджаць расліну ў падрыхтаваную глебу, глядзець, каб корань не загнуўся. Дзякуючы адказнасці выканаўцаў, многае з пасаджанага прыжылося.
— Цяпер мы не спыняемся на тым, што зроблена, з года ў год, пастаянна развіваемся. Вось калісьці саджалі альпенарый, цяпер гэта складаная экалагічная сістэма. Архітэктурныя формы — гэта таксама сістэмы, якія складзены намі. Мы стараемся вучыць дзяцей таму, што трэба любіць прыроду. Ствараючы экалагічную сістэму сваімі рукамі, мы ствараем тое асяроддзе, у якім можам быць бліжэй да прыроды. Акрамя таго, гэта асяроддзе дапамагае нам умацаваць здароўе, зрабіць наша жыццё цікавей, радасней, — гаворыць Зоя Мікалаеўна.
Дарэчы, упэўніцца ў справядлівасці слоў нашай суразмоўцы змогуць усе жадаючыя. У школе распрацаваны экскурсіі не толькі для школьнікаў розных узроставых катэгорый, але і для насельніцтва. Стваральніца гэтай прыгажосці ўпэўнена, што многія расліны, тут пасаджаныя, аказваюць лекавае ўздзеянне на здароўе чалавека.
Школа шмат займаецца валанцёрскай дзейнасцю. Здзяйсненню многіх пачынанняў доўгі час дапамагала супрацоўніцтва з Нясвіжскім домам-інтэрнатам, які ўзначальвае Генадзій Георгіевіч Маляр.
Зоя Мікалаеўна стала першым дырэктарам школы ў раёне, якая ў 2004 годзе падтрымала прапанову супрацоўнікаў бібліятэкі і благачыннага Нясвіжскай царкоўнай акругі протаіерэя Аляксандра Данчанкі аб супрацоўніцтве ў галіне духоўна-асветніцкай дзейнасці. Такім чынам вучні СШ № 4 сталі першымі наведвальнікамі клуба духоўна-маральнага выхавання падлеткаў і моладзі “Ноеў каўчэг”. І зараз у гэтым накірунку актыўна працуюць многія педагогі школы.
— Я разумею каштоўнасць здароўя. Мы ведаем, што здароўе — гэта спалучэнне фізічнага, духоўнага і псіхічнага. Без духоўнага слова святара дапамагчы нашым дзецям, калі асабліва ёсць праблемы ў духоўным выхаванні, немагчыма. Яны павінны ведаць, як жыць, як пазбегнуць памылак у жыцці, як зразумець, што ты памыліўся, як паправіць гэту сітуацыю. І як быць чалавекам спагадлівым, які будзе прыходзіць на дапамогу другім людзям, — патлумачыла сваё рашэнне Зоя Мікалаеўна.
Наша суразмоўца параіла юнакам і дзяўчатам як мага болей чытаць кніг: і мастацкай літаратуры, і пазнавальнай.
—Я раіла б прачытаць кнігу Міхаіла Герчыка “Ветер рвет паутину”. Гэта кніга мяне яшчэ ў дзяцінстве ўразіла, — разважае Зоя Мікалаеўна. — Кніга ўвогуле аб жыцці, аб дзіцяці, аб тым, як галоўны герой сутыкаецца з рознымі жыццёвымі сітуацыямі, аб лю- дзях, якія знаходзяцца побач з гэтым дзіцем, і многім іншым.
Мне асабіста падабаюцца і кнігі ваеннай тэматыкі. “Ніколі не забудзем” — гэта кніга, якую кожны павінен прачытаць. Са школьнай праграмы, калі дзіця зможа прачытаць “Вайну і мір”, то такія каштоўнасці, як любоў, любоў да Радзімы, патрыятызм, чалавечнасць і многае іншае, ён зразумее, калі да гэтага часу не зразумеў.
І яшчэ адна кніга, якую нельга абысці — “Маладая гвардыя” Аляксандра Фадзеева. Калі ты прачытаеш, ты зусім іншым чалавекам станеш. І табе не патрэбна будзе тлумачыць, служыць сваёй Айчыне ці не, патрэбна быць патрыётам ці не. Ты будзеш разумець, што такое подзвіг. Проста ў цябе сэрца, душа тады будуць адчуваць і разумець, што галоўнае ў нашым жыцці, і якім ты павінен стаць.
— Рэчаіснасць уплывае на жыццё чалавека. Я другі раз асэнсоўваю, што дзесьці мала часу прысвячаю сваёй сям’і. А трэба шукаць такую магчымасць для таго, каб больш бачыцца са сваімі роднымі, са сваімі сваякамі. Думаю, мне трэба ў гэтым накірунку працаваць, — упэўнена гераіня праекта.
Падараваўшы школе 38 гадоў свайго жыцця, Зоя Мікалаеўна ўсё ж такі займела час для ўласнай сям’і, сваіх родных і блізкіх. Словы, сказаныя колькі часу таму, сталі рэальнасцю. За плячыма працоўныя будні, наперадзе — адпачынак і магчымасць выканаць абяцанне, дадзенае самой сабе.
Традыцыйна, юныя журналісты папрасілі госцю праекта сказаць штосьці важнае для іх, а таксама для юных жыхароў Нясвіжчыны, на што Зоя Мікалаеўна адказала:
— Я хацела б, каб вы ўмелі шанаваць жыццё, умелі яму радавацца. Радавацца кожнаму дню, нягледзячы на тое, што дзеецца ў прыродзе, што адбываецца менавіта цяпер ці было ўчора. Каб вы былі ўдзячнымі бацькам, настаўнікам, цанілі тыя магчымасці, якія дае вам дзяржава. Каб вашы бацькі з цягам часу не хваляваліся пра старасць і ведалі, што яна будзе дастойнай. Каб вы ўсё змаглі зрабіць у сваім жыцці, стаць людзьмі з вялікай літары. Каб каштоўнасці вашага жыцця былі сапраўднымі.
Не ўсё становіцца зразумелым адразу. Ва ўсякім разе, не ўсім. Але я ўпэўнена, што многае, пачутае юнакамі і дзяўчатамі падчас сустрэчы з Зояй Мікалаеўнай Маляр, будзе прынята і розумам, і сэрцам. І не толькі імі, а многімі вучнямі гэтай школы, маладымі педагогамі і ўсімі тымі людзьмі, каму пашчасціла сустракацца з гэтай цудоўнай несвіжанкай.
Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік праекта
“Парады з вуснаў несвіжан”.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.