Да 800-годдзя нясвіжа Стваралі на вякі
(Пачатак у нумары за 9 ліпеня).
У Нясвіжскай друкарні працаваў друкар Даніэль Лянчыцкі. Іменна з-пад яго рук выйшла першая кніга на беларускай мове. Дзякуючы выдатнаму мастаку і гравёру Тамашу Макоўскаму, мы можам сёння ўявіць наш горад у пачатку ХVІІ ст. Ён зрабіў таксама план ВКЛ і план Масквы, які быў выгравіраваны ў нясвіжскай майстэрні ў 1611 г., а таксама ілюстраваў многія кнігі, з’яўляўся аўтарам гравюр з краявідамі Клецка, Смаленска, Вільні, Трокаў. У Нясвіжскай друкарні працаваў яшчэ адзін гравёр — Гершка Ляйбовіч.
Багатая і літаратурная спадчына тых часоў. Пасля паломніцтва ў Сірыю, Палесціну і Егіпет свае “Вандроўкі ў Іерусалім” напісаў і выдаў у 1601 г. князь Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка. Паэт Уладзіслаў Сыракомля, які працаваў у канцылярыі Радзівілаў, у краязнаўчым нарысе “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах” (1853 г.) ярка апісаў тагачасную рэчаіснасць Нясвіжа, адкуль таксама бяром некаторыя дасведчанні. Знаёмыя нам імёны Адольфа Янушкевіча, Аляксандра Незабытоўскага, Даніэля Набароўскага, чый жыццёвы шлях перасякаўся з нашым горадам.
Цэлая плеяда таленавітых несвіжан вырасла ў сферы сцэнічнага мастацтва, дзякуючы таму, што тут пачалі рыхтаваць уласных музыкантаў, танцораў, спевакоў, драматычных акцёраў. Напрыклад, Юрый Бакановіч кіраваў капэлай з 1749 г., а прыгонны Янка Цэнцыловіч — з 1751 г. Дарэчы, Цэнцыловіч атрымаў музычную адукацыю ў Рыме. Такая кар’ера простага мужыка была для феадальнай Беларусі рэдкасцю. У Італіі вучыўся і скрыпач Матэвуш. У балетным класе працаваў былы прыгонны Антон Лойка. Яго таксама пасылалі за мяжу купіць ноты для новых балетаў, пазнаё- міцца з выканаўчым майстэрствам і рэпертуарам Вены, Рыма і Венецыі. На нясвіжскай сцэне выступалі прыгонныя Багдановіч, Багушэвіч, Віктаровіч, Вольская, Глябовіч, Зданкевіч, Казлоўская, Лойка (дачка А. Лойкі). Касцюмы да балетаў шыў мясцовы кравец Марошка.
Нясвіжскі акцёр-аматар і рэжысёр Якуб Фрычынскі не толькі ставіў спектаклі. Яшчэ ён сабраў драматычныя творы княгіні Францішкі Уршулі Радзівіл і выдаў іх асобнай кнігай з гравюрамі М. Жукоўскага. У пачатку ХХ ст., як сведчаць даследчыкі, у спектаклях ігралі Альшанская, Клейшнер, Грабоўскі, Цвірка, Пастарэмчык, муж і жонка Карэцкія, Мароз, Язвінскі, Шыманскі. Касцюмы і дэкарацыі рыхтавалі ў нясвіжскай майстэрні Е. Вайзэ.
Жыхары і госці горада не перастаюць захапляцца нашымі паркамі. Планіроўкай, разбіўкай і пасадкай дрэў, кустарнікаў і кветак у іх займаўся некалі мясцовы садавод, просты селянін Андрэй Пастарэмчык, які працаваў тут у 1878 — 1913 гг. Вучыцца такому майстэрству яго адпраўлялі ў Познань. Пазней паркамі займаліся А. Кавальскі, Міхаіл і Адольф Стоцкія, Іван Цвірка. З 1936 па 1956 гг. працаваў Антон Глінскі.
…Гісторыю горада ствараюць
людзі. Абавязак нашчадкаў — захоўваць і зберагаць спадчыну, перадаваць яе з пакалення ў пакаленне. На новыя вякі.
У віхурах рэвалюцыі
Нясвіж перажыў усе гістарычныя пературбацыі, што адбываліся ў Расійскай імперыі (у яе склад нашы землі
ўвашлі ў 1793 г.), а можа нават і болей.
Рэвалюцыя 1905 — 1907 гг. Першая сусветная вайна 1914 — 1918 гг.
Жыццё ў прыфрантавой зоне. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. Устанаўленне савецкай улады ў лістападзе 1917 г. пасля перамогі Вялі-кай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Грамадзянская вайна. Нямецкая акупацыя ў лютым — снежні 1918 г. Вызваленне. Абвяшчэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Белапольская акупацыя ў жніўні 1918 — ліпені 1920 г. Пасля яе — аднаўленне савецкай улады. У кастрычніку 1920 г. — новая хваля польскай акупацыі. Адыход нашых зямель да Польшчы згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 г. Акупацыя доўжылася 18 гадоў…
Падчас рэвалюцыйных перамен у Нясвіжы праходзілі забастоўкі. Працоўныя патрабавалі ад гаспадароў скарачэння рабочага дня, наогул, паляпшэння свайго становішча. У вёсках назіраліся сялянскія хваляванні.
Немалаважнае значэнне мела тое, што ў горадзе стаялі ваенныя: штабы 40-й артылерыйскай брыгады і 40-га лятучага артылерыйскага парка, з 1915 г. — ІІ арміі Заходняга фронту, для якіх пытанне аб міры было асабліва вострым. Яны ўплывалі на погляды грамадзянскага насельніцтва як самая актыўная палітычная сіла. Тут быў створаны Савет салдацкіх і афіцэрскіх дэпутатаў. Яго пасланец — бальшавік А.Я. Стулаў — удзельнічаў у рабоце ІІ Усерасійскага з’езда Саветаў у кастрычніку 1917 г., рашэннем якога ўрад быў абавязаны праводзіць праграмы, прынятыя гэтым з’ездам, паступова, але няўхільна, цвёрда ісці да сацыялізму.
Іменна з Нясвіжа накіраваўся на чыгуначны раз’езд Хвоева бальшавік Васіль Пралыгін, актыўны агітатар, паравозны машыніст у мірным жыцці і фельдфебель у арміі, каб 30 кастрычніка (па старым стылі) 1917 года павесці браняпоезд на дапамогу Мінскаму Савету дэпутатаў. А 1 лістапада ў Нясвіжы, у замку Радзівілаў, пачаў работу ІІ з’езд 2-й арміі. Ён падтрымаў уладу Саветаў і стварыў армейскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Услед быў створаны і Нясвіжскі ВРК. 10 лістапада 1917 г. у Нясвіжы ўстаноўлена савецкая ўлада.
7 студзеня 1918 г. у нашым горадзе адбыўся мітынг жыхароў і салдатаў у падтрымку ІІІ Усерасійскага з’езда Саветаў.
1 студзеня 1919 г. была абве- шчана БССР. 4 студзеня на мітынгу жыхары горада і вёсак адобрылі гэту важную падзею ў сваім жыцці. 20 студзеня адбыліся выбары ў Нясвіжскі Савет рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
…Сярод ураджэнцаў Нясвіжа былі ўдзельнікі Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцый. Гэта Юльян Болбат, начальнік Нясвіжскай міліцыі, удзельнік абароны Петраграда і Кранштата ад войск Юдзеніча. Канстанцін Ванчукевіч на чале атрада чырвонаармейцаў штурмаваў Зімні палац, у складзе 17-й дывізіі, будучы камісарам палка, змагаўся з польскімі акупантамі, загінуў у 1920 г. на тэрыторыі Маладзечанскага раёна. Капель Навагрудскі ваяваў у складзе Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Браніслаў Палтаржыцкі свой ваенны шлях прадоўжыў і ў Вялікую Айчынную, быў каман-дзірам дывізіі, намеснікам каман-дзіра корпуса. Генерал-лейтэнант. У званні ўнтэр-афіцэра ваяваў Варфаламей Трапейка.
З Нясвіжам было звязана жыццё Андрэя Пракапчука, ураджэнца Слонімскага раёна. У лютым 1918 г. у час нямецкай акупацыі ён стварыў партызанскі атрад, які яшчэ да прыходу Чырвонай Арміі вызваліў Нясвіж. Быў прызначаны першым ваенным камісарам горада.
Гістарычная хроніка
(Пачатак у нумары за 9 ліпеня).
1551 г. Князь М. Радзівіл Чорны, самы ўплывовы ў Вялікім Княстве Літоўскім дзяржаўны дзеяч пасля вялікага князя, атрымаў прывілей на захоўванне дзяржаўнага архіва ВКЛ, Рускага і Жамойцкага ў Нясвіжскім замку. У ім захоўваліся каштоўныя дакументы: ад даўнейшых актаў да пісьмаў Людовіка XIV і Людовіка XV, Багдана Хмяльніцкага, Карла ХII, Пятра I, які падчас руска-шведскай вайны бываў у Нясвіжы.
1550-я гады. Нясвіж — адзін з галоўных цэнтраў Рэфармацыі ў Беларусі, дзе разгарнулася пратэстанцтва, барацьба супраць акаталічвання як сродка заняволення беларускіх зямель палякамі.
Каля 1560 г. У Нясвіжы заснавана друкарня (існавала да 1571 г.) — адна з першых на беларускай тэрыторыі (другая пасля Бярэсця). Яе заснавальнікі — нясвіжскі стараста Мацей Кавячынскі і пісьменнік, пастар нясвіжскага сабора Лаўрэнцій Крышкоўскі, ідэйны кіраўнік — Сымон Будны.
1562 г. Сымон Будны, філосаф і асветнік эпохі Адраджэння, выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі кнігі на беларускай мове — “Катэхізіс” (як падручнік для школ) і “Аб апраўданні грэшнага чалавека перад богам”. У 1971 г. друкарні было прысвоена імя Сымона Буднага. У 1982 г. у гарадскім скверы адкрылі помнік знакамітаму гуманісту.
1563 г. У Нясвіжы быў надрукаваны “Канцыянал” — адзін з першых у Беларусі нотных зборнікаў, які змяшчаў больш за сто песень з нотамі. Яго антыкаталіцкая і нават антырэлігійная накіраванасць і свецкі характар сведчаць пра высокі ўзровень развіцця прагрэсіўнай на той час думкі ў нашым краі.
1567 г. Кіраўніцтва над спадчыннымі ўладаннямі прыняў Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка, які ў 1566 г. у Рыме перайшоў ў каталіцкую канфесію. Па яго загаду вучоных -“ерэтыкоў” выгналі з горада, кнігі С. Буднага і іншых асветнікаў спалілі.
1569 г. Нясвіж увайшоў у склад Рэчы Паспалітай.
1583 г. Падчас княжання Мікалая Радзівіла Сіроткі закладзены новы, каменны замак, замест былога драўлянага.
1584 г. Заснаваны калегіум езуітаў, другі ў Беларусі пасля полацкага. Быў адной з першых на тэрыторыі Беларусі каменных школьна-манастырскіх пабудоў. Дзейнічаў да 1773 г.
1586 г. Нясвіж атрымаў магдэбургскае права, герб і флаг. Гараджане мелі самакіраванне, судовы імунітэт, падатковыя льготы, магчымасць займацца рамесніцтвам. Такое права сведчыла, што горад дасягнуў высокага эканамічнага і сацыяльнага ўзроўню.