У вёсцы Каменка Казлоўскага сельсавета жыве Серафіма Фёдараўна Акулік. Яна нарадзілася ў 1940 годзе. Калі бацьку, Фёдара Дзмітрыевіча Марука, мабілізавалі на фронт у 1944-м, пасля вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ёй ішоў чацвёрты год. І тату свайго яна не памятае. Ведае толькі па фотаздымку, які захоўвае разам з пахавальным паведамленнем. Жанчына апавядае:
— Мама, Вольга Вікенцьеўна, правяла мужа на вайну, а сама засталася з трыма дзецьмі. Майму старэйшаму брату Уладзіміру было сем гадоў, малодшай сястрычцы Аляксандры — восем месяцаў. У 1945 годзе мама атрымала пахавальную. Тата загінуў 27 студзеня ў апошні год вайны, вызваляючы ад фашыстаў Польшчу, пад Познанню. А варта адзначыць, што горад з’яўляўся складаным умацаваным фашыстамі раёнам. Большая яго частка была замініравана.
Як мы выжывалі, як мама, 35-гадовая ўдава, нас гадавала — без слёз не раскажаш. Гаравала яна… Трымала жывёлу, і мы, дзеці, дапамагалі ёй ва ўсім. Трохі падросшы, я пайшла разам з маці на дзялкі. Палола і церабіла буракі, рвала лён, жала сярпом збажыну — белы шрамік ад парэзу на пальцы бачны да гэтага часу. І працавалі за капейкі. Мама атрымлівала пенсію за загінуўшага тату. А яшчэ падчас вучобы ў 5, 6, 7 класах Сноўскай школы мне і іншым дзецям з Каменкі, у якіх бацькі не вярнуліся з вайны, на зіму давалі месца ў школьным інтэрнаце, бо хадзіць нам было далёка. Думаю, што гэта таксама служыла падмогай для мамы.
Вольга Вікенцьеўна Марук, як усе беларускія жанчыны — салдацкія ўдовы, была стойкай і працавітай. Яна не толькі траіх дзяцей паставіла на ногі, але і дагледзела бацькоў свайго мужа. Да іх апошняга ўздыху. І пахавала ў роднай Каменцы. А сёння яе дачка, дзіця вайны Серафіма Фёдараўна Акулік расказвае мне пра тыя гады. І вось наступны эпізод прабівае да слёз:
— З татам служыў яго стрыечны брат Міхаіл Іванавіч Марук. Ён таксама з Каменкі, і на хутары яны жылі побач. Дзядзька Міша вярнуўся з вайны, і ён расказваў, як загінуў наш бацька. У час аднаго з баёў асколкам снарада яго моцна параніла ў жывот. Паміраючы, тата прасіў свайго брата: “Дабі мяне”. Але дзядзька Міша такога не зрабіў…
Цяпер гляджу па тэлевізары, як у некаторых краінах зносяць помнікі савецкім воінам, і вельмі перажываю, плачу: які лёс напаткае месца пахавання майго бацькі і яго аднапалчан у Польшчы? Як гэта страшна, не па-людскі. Мой жа тата склаў галаву на чужой зямлі, каб яе народ вызваліўся ад гнёту фашысцкай навалы. Польскі народ…
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
член Беларускага саюза журналістаў.