Гісторыя продкаў заўсёды цікавая для тых, хто варты мець Айчыну!
М. Карамзін.
Для кожнага чалавека слова “сям’я” мае асабісты сэнс. Для кагосьці гэта бацькі, для кагосьці дзеці, для кагосьці любімая праца… А што такое сям’я для мяне? Сёння я задумаўся аб гэтым.
Вядома, сям’я — гэта мама, тата, малодшы брат. Яшчэ гэта дзядулі, бабулі, цёткі, дзядзькі, стрыечныя браты і сёстры, а таксама шматлікія пакаленні тых, каго я нават не ведаю. Але мне здаецца, што ў кожнай сям’і, у кожнай хаце ёсць сямейная рэліквія. Рэліквія — гэта тая рэч, якая нам перададзена ў спадчыну нашымі продкамі, якая захоўвае светлую памяць пра іх. У нашай сям’і такой рэліквіяй з’яўляецца фотаальбом. 3 выцвілых фотаздымкаў, якія захоўваюцца ў гэтым альбоме, на нас глядзяць прадзядулі, прабабулі, прапрадзядулі, прапрабабулі.
Здаецца, што са старонак сямейнага альбома з намі гаворыць гісторыя.
Фотаздымак. Як шмат ён можа расказаць нам! Гартаючы старонкі сямейнага альбома, я зноў перажываю тыя падзеі, што захаваліся на фота. Раптам з альбома выпаў невялікі чорна-белы фотаздымак, пажоўклы ад часу. Я раней не звяртаў на яго ўвагі. А зараз ён мяне вельмі зацікавіў. Я запытаў у мамы: “Хто гэты чалавек на фатаграфіі?” I пачуў аповед пра майго прапрадзядулю (дзеда маёй бабулі па мацярынскай лініі).
Рэшатко Іван Венідзіктавіч нара- дзіўся ў 1890 годзе. Працаваў урачом. Да яго часта звярталіся за дапамогай людзі, каб паправіць здароўе. Часта прымаў немаўлят у парадзіх. Быў удзельнікам Першай сусветнай вайны. Мой прапрадзед быў узнагароджаны крыжамі Святога Георгія. Адзін з іх атрымаў з рук Васіля Канстанцінавіча Блюхера ў Маскве. Гэтай ўзнагародай прапрадзядуля быў адзначаны за мужнасць і адвагу. Падчас бою ён выратаваў параненага камандзіра, які валодаў каштоўнай інфармацыяй, якая датычылася штаба арміі, даставіў яго ў штаб. На жаль, мама не ведае, за якія заслугі былі атрыманы астатнія ўзнагароды. Але і пасля Першай сусветнай вайны прапрадзядуля не перастаў быць героем. У гады Вялікай Айчыннай вайны Іван Венідзіктавіч працаваў урачом, выратоўваў ад смерці салдатаў і партызанаў. Рызыкаваў не толькі сваім жыццём, але і жыццём сваіх родных і блізкіх. Тады ён не думаў пра ўзнагароды, бо самымі лепшымі ўзнагародамі для яго былі жыцці людзей, якіх ён выратаваў. Пасля вайны дзядуля працаваў урачом у ваенным шпіталі, дапамагаў хворым. Я з вялікім захапленнем слухаў аповед мамы. Для мяне яна раскрывала яшчэ адну старонку жыцця маіх продкаў.
Я доўга ўглядаўся ў фотаздымкі і думаў пра тое, як мы мала ведаем пра сваіх прадзедаў і прапрадзедаў.
Мы з братам вельмі любім гартаць сямейны альбом, разглядаць старыя чорна-белыя фотаздымкі, узірацца ў такія знаёмыя і, разам з тым, вельмі далёкія ад нас твары нашых родных. Кожны фотаздымак захоўвае частку нашага жыцця, абуджае ўспаміны. I кожны здымак — новае адкрыццё. I кожная старонка кажа: “Памяць і веданне мінулага запаўняюць свет, робяць яго больш цікавым і значным. Без мінулага свет пусты для людзей, без мінулага няма і будучыні.”
Я ганаруся не толькі сваім прапрадзядулем, бо, як сказаў А.С. Пушкін, “Ганарыцца славай сваіх продкаў павінен кожны. Не паважаць іх — значыць быць чэрствым і маладушным чалавекам.”
Расправіўшы фотаздымак, я асцярожна кладу яго ў альбом. Як шмат можа расказаць старое фота з сямейнага альбома!..
Ёсць у праваслаўных вернікаў адзін дзень у восені, калі яны ўшаноўваюць памяць сваіх продкаў. Гэты дзень — Дзяды. У нашай сям’і існуе такая традыцыя, калі ўся радня ў гэтую суботу збіраецца ра- зам. Мы наведваем храм, а затым ідзём на могілкі, каб аддаць даніну памяці нашым продкам, яшчэ раз успомніць пра іх, даведацца нешта новае пра іх жыццё. Я разам з матуляй падняўся па прыступках на невялікае ўзвышша. Мама падышла да магілы з двума помнікамі, на якіх не было фотаздымкаў, і паклала кветкі. Гэта была магіла майго прапрадзеда. Я доўга стаяў і ўспамінаў аповед мамы. Я зразумеў, што да таго часу, пакуль мы памятаем пра нашых продкаў, — яны жывыя.
Міхаіл ЧЫЖЭЎСКІ,
навучэнец Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя.