Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.16 |
Погода -1 °C

Каштоўныя рэшткі гісторыі

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Пост опубликован: 15.06.2022

Для кожнага любоў да роднага краю мае сваё асабістае значэнне. Для кагосьці гэта клопат пра родных і бацькоў, для кагосьці гэта — аповеды і паданні аб родных мясцінах, якія заўсёды памятаеш, а для ўладальніка аматарскага краязнаўчага музея Юрыя Гапановіча — гэта зберажэнне гісторыі сваёй маленькай радзімы. У хаце бацькоў у вёсцы Вайнілавічы Юрый Пятровіч стварыў невялікі краязнаўчы музей.



Першыя крокі да ўвасаблення ідэі, якая даўно спела ў яго думках, герой гэтага аповеду зрабіў дзесяць гадоў таму.
— Стварыць нешта карыснае для сябе і іншых, аддаць павагу мінулым часам хацелася даўно, — расказаў Юрый Пятровіч. — І вось аднойчы, разбіраючы рэчы, якія захоўваліся ў паддашку, я падумаў “чаму б не?”. Цераз некаторы час зняў адтуль больш за сто экспанатаў.
Але спачатку Юрый Гапановіч збіраў менавіта музычныя інструменты. Да іх у работніка культуры асаблівая павага — бо ён і сам па спецыяльнасці кіраўнік аркестра народных інструментаў, часта акампануе ансамблю песні “Ланская бяседа” на баяне.
— Мне хацелася, каб у мяне дома захоўваліся ўсе віды народных музычных інструментаў, — узгадвае музыка. — Цяпер іх больш за трыццаць — гэта гармонікі, баяны, домры, балалайкі і іншыя.
У кожнага інструмента — свая гісторыя. Граючы на іх, людзі перадавалі свае пачуцці: боль і смутак, шчасце і каханне — усё гэта яны тояць у сабе і цяпер. І кожная шчарбінка — гэта таксама адбітак свайго часу і пэўных падзей.
— Некаторыя рэчы не губляюць свайго асаблівага значэння, колькі б часу не прайшло, — разважае Ю.П. Гапановіч. — Нават сёння найлепшым падарункам я лічу гармонік, які мне прывёз родны дзядзька пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Гэты інструмент мне вельмі дарагі. З ім я рабіў першыя крокі ў музыцы. Так што гэта вельмі паспрыяла майму далейшаму развіццю ў творчай сферы.
З цягам часу да калекцыі далучыліся і іншыя экспанаты. У вясковай хатцы свае месцы занялі самыя розныя рэчы, якія маюць гістарычнае значэнне — ручнікі, ручная вышыўка, сталярныя прылады ХХ стагоддзя і іншыя.
— У маім музеі больш за пяцьдзясят сталярных інструментаў. З імі працавалі мае бацька і дзед, — працягвае расказ Юрый Пятровіч. — Гледзячы, з якой увагай яны ствараюць абутак і іншыя карысныя рэчы, з маленства ўва мне расла любоў да гэтага рамяства.
Усяго ў музеі больш за дзвесце экспанатаў, і іх колькасць толькі павялічваецца. Свой унёсак робяць, як суседзі, так і сябры, знаёмыя аматара гісторыі роднага краю. Каб гэтыя цікавыя рэчы пабачылі болей людзей, Юрый часам удзельнічае ў раённых выставах, у мінулым годзе экспанаты пабывалі нават у Вялікім камні ў Мінску. Акрамя таго, іх часта можна пабачыць у Ланскім сельскім доме культуры.
Але ж у першую чаргу гэтыя каштоўныя рэшткі гісторыі Юрый збірае для мясцовых жыхароў і сваёй душы.
На адной са сцен музея кідаецца ў вочы таблічка “Без мінулага няма будучыні”. Менавіта гэтай думкай прасякнуты кожны куточак бацькоўскай хаты Юрыя Пятровіча.
— Хочацца, каб кожны, хто наведае мой хатні музей, задумваўся над тым, як важна любіць сваю малую радзіму, ведаць свае карані і сваю гісторыю, — гаворыць напрыканцы нашай сустрэчы ўладальнік музея.
І з гэтым цяжка не пага- дзіцца…

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!