Работа па інфармацыйным суправаджэнні дзеянняў мясцовай улады павінна весціся так, каб людзі разумелі, што яны не адны ў сваіх праблемах, што іх чуюць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на рэспубліканскім семінары-нарадзе “Актуалізацыя форм і метадаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні”.
У якасці пазітыўнага моманту кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мясцовыя ўлады навучыліся працаваць у тандэме з рэгіянальнымі журналістамі. “Але гэта не азначае, што раённым газетам трэба ператварыцца ў трыбуну або Дошку гонару старшыні выканкама. Яны павінны быць цікавыя чытачам і даваць уяўленне аб жыцці не толькі рэгіёна і райвыканкама, але і краіны ў цэлым, — арыентаваў беларускі лідар. — Бывае часам адкрываеш нумар, а там адны аб’явы, рэклама, праграма тэлеперадач, ды яшчэ польскіх тэлеканалаў”.
“І галоўнае, уся работа па інфармацыйным суправаджэнні дзеянняў мясцовай улады павінна весціся так, каб людзі разумелі, што яны не адны ў сваіх праблемах, што мы іх чуем”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым ён прыгадаў пра вялікую актыўнасць грамадзян у час работы дыялогавых пляцовак, калі ў Беларусі абмяркоўвалі канстытуцыйную рэформу. Усяго за 3 месяцы ў краіне было праведзена больш за 3 тыс. сустрэч з ахопам каля 150 тыс. чалавек. “Мы ўбачылі непадробную цікавасць, і эфект быў небывалы — актыўнасць на рэферэндуме, накіраваным на стварэнне”, — звярнуў увагу Прэзідэнт.
Ён упэўнены, што такую форму работы з насельніцтвам трэба развіваць, паколькі яна дае магчымасць грамадству адчуць дачыненне да прыняцця рашэнняў, а менавіта так і прыходзіць адказнасць за іх выкананне. “Упэўнены, што мы знайшлі фармат работы, які будзе жыць. Але толькі калі пазбегнем фармалізму (а ў нас ён буйна цвіце). Таму арганізуйце пляцоўкі, выносьце на абмеркаванне пытанні, актуальныя для насельніцтва, тыпу медыцынскага абслугоўвання, вакцынацыі, добраўпарадкавання тэрыторый, водазабеспячэння, гандлю, збору і перапрацоўкі адходаў”, — паставіў задачу беларускі лідар.
Удзел у такіх дыялогавых пляцоўках экспертаў, спецыялістаў, якія змогуць даць кваліфікаваныя адказы, абавязковы, лічыць Прэзідэнт. Тым больш што такіх экспертаў, чыё меркаванне заваявала высокі аўтарытэт у грамадстве, цяпер дастаткова. Уладзімір Пярцоў, Вольга Шпілеўская, Іван Эйсмант, Марат Маркаў — назваў толькі некаторых з іх беларускі лідар. “Малайцы. Яны ўжо навучыліся не толькі рэагаваць на сітуацыю, але і моцна весці контрпрапаганду, абараняючы ўласнае насельніцтва, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вось гэтых людзей трэба запрашаць у працоўныя калектывы, на дыялогавыя пляцоўкі, але туды павінен ісці і начальнік, які павінен расказаць, як будзе развівацца прадпрыемства, раён і гэтак далей”.
“Не трэба баяцца людзей. Трэба ісці да іх і проста па-чалавечы размаўляць”, — адзначыў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вось ужо больш за чвэрць стагоддзя ў Беларусі мэтанакіравана ўмацоўваюць вертыкаль улады знізу, максімальна набліжаючы яе да людзей.
“Іншымі словамі, прынцыпы эфектыўнай зваротнай сувязі і давернага дыялогу ўлады з людзьмі з’яўляюцца асноватворнымі ва ўсёй рабоце адміністрацыйна-кіраўніцкага апарату. Гэта ідэал, да якога мы імкнёмся. Ён цалкам адпавядае нашым палітычным традыцыям, вытокі якіх нават не ў сучаснай гісторыі, а значна глыбей. Яшчэ з часоў старажытнага веча ў менталітэт беларусаў закладзены абвостранае пачуццё справядлівасці, калектыўнае мысленне і ўзаемная адказнасць за лёс Айчыны. Менавіта так, на сапраўдных дэмакратычных каштоўнасцях і зараджалася беларуская нацыя”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заявіў, што ўсе вядомыя ў беларускай гісторыі арыстакратычныя рэжымы — княжацкі, шляхецкі і царскі — трывала асацыююцца з прыгнётам. “Беларуская ж дзяржава была створана народам і для сябе самога — для народа. Такой яна і застаецца. Іншымі словамі, гаворачы аб актуалізацыі форм і метадаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні, мы павінны разумець, што кіраўніцкая вертыкаль ні ў якім разе не проціпастаўляецца народу”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Мясцовыя органы ўлады павінны наладзіць эфектыўную работу з мясцовымі Саветамі дэпутатаў.
Калі мы атрымліваем кучу скаргаў ад насельніцтва, паўстае пытанне, а дзе былі нашы шматлікія Саветы ўсіх узроўняў? Дзе былі органы ўлады? Дажыліся да таго, што разгарнулі дыскусію на тэму, ці патрэбны нам сельскія Саветы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што работа мясцовых Саветаў будзе эфектыўнай, калі ўлады наладзяць з імі нармальнае ўзаемадзеянне. “Нічога ў тым дрэннага няма. Але тут жа прасцей: узяў іх і ліквідаваў. Чаму? Мы ж з імі не працуем і працаваць не хочам. Навошта? Падумаеш, нейкія сельскія Саветы. А вы паглядзіце на вёскі, на пасёлкі — сорам. Гэта недапрацоўка гэтых самых сельскіх Саветаў. А старшыні райвыканкамаў з іх не запатрабавалі. Яны нават дрэва не могуць пасадзіць там, дзе ўраган заваліў яго”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што работа службы 115 не дабавіла эфектыўнасці ў вырашэнне пытанняў грамадзян у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Аб гэтым ён заявіў на рэспубліканскім семінары-нарадзе “Актуалізацыя метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні”.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што работа службы 115 падаецца як вялікае дасягненне ў сферы ЖКГ. “Калі гэта ўводзілі, я згадзіўся. Так пераконвалі, што гэта будзе добра для народа. Але, шчыра вам кажу, я тады падумаў: глупства гэта ўсё. Нашы начальнікі, чыноўнікі, каб нічога не рабіць, увядуць вам любую норму і ініцыятыву праявяць. Так і 115. Што на практыцы атрымліваецца (гэта ж эксперымент, таму я назіраю за гэтым)? Стварылі кантакт-цэнтры, інтэрнэт-партал, прымаюць інфармацыю, ветліва размаўляюць, але пытанні эфектыўней вырашацца не сталі”, — сказаў ён.
Пры гэтым заяўкі прымаюцца, перадаюцца ў нізавыя структуры ЖКГ, дзе часта закрываюцца без выканання работ.
“У выніку — лішні пасрэднік і размыванне адказнасці. Замест прыняцця дзейсных мер па кардынальным змяненні сітуацыі ў сферы ЖКГ укараняюцца знешне эфектныя, але, па сутнасці, імітацыйныя рашэнні”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Па інфармацыі БелТА.