Май-месяц — пара сапраўднага натхнення, нястрымнага палёту і натхнёнай творчасці… Нездарма, мабыць, менавіта ў такія цёплыя, па-асабліваму шчымлівыя для душы дні калісьці Нясвіжская зямля падарыла свету таленавітага песняра — Уладзіміра Жылку. Ён нарадзіўся 27 мая 1900 года ў вёсцы Макашы. А зараз, 28 мая, на 122-ю гадавіну з дня яго нараджэння, у будынку тутэйшага млына (які знаходзіцца на базе аграэкатурызму “Ля старога млына”) адкрыўся музейны куток памяці паэта.
Тое, што памятны куточак знайшоў свой прытулак менавіта ў сценах млына, вельмі сімвалічна, бо гэтаму месцу больш за 150 гадоў. Раней тут малолі муку для ўсёй акругі, але ў гады Вялікай Айчыннай вайны млын быў спалены. І вось цяпер, у наш час тут правялі рэканструкцыю, дзякуючы дырэкцыі і працаўнікам ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”, і зараз ён гасцінна адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў.
Ідэя аднавіць млын і ўвекавечыць тут памяць аб Уладзіміры Жылку прыйшла да ўраджэнца Макашоў Леаніда Крупца і мясцовага жыхара Вячаслава Букі. Агульнымі намаганнямі мясцовай адміністрацыі, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, настаўнікаў і вучняў Астроўскай школы, сваякоў паэта і нераўнадушных макашоўцаў крыху больш за паўгода запланаванае было здзейснена. Адбылося ўрачыстае адкрыццё адноўленага млына і кутка памяці паэта.
Пачалося мерапрыемства з імправізаванай выставы на трэцім паверсе, аб якой расказалі вучаніцы мясцовай школы. Экспазіцыя закранула ўвесь жыццёвы шлях паэта, уключыла ў сябе фота і зборнікі вершаў земляка.
Затым гасцей запрасілі на другі паверх, дзе пачалася афіцыйная частка ўрачыстасці. Гучалі словы ўдзячнасці ўсім, хто меў дачыненне да стварэння музейнага кутка, гісторыі з біяграфіі і радавода паэта, факты з жыцця і цёплыя ўспаміны. Выступоўцы прадстаўлялі вершы Уладзіміра Жылкі і дэманстравалі падрыхтаваныя відэаролікі.
Імя беларускага паэта, крытыка і перакладчыка Уладзіміра Жылкі не так добра вядома, як імёны Янкі Купалы, Якуба Коласа ці Максіма Багдановіча… Доўгі час у краіне не было ніводнага музея, ні адной вуліцы, ні адной установы, названых у яго гонар. Але талент паэта, яго яскравая творчасць і грама- дзянская пазіцыя, безумоўна, гэтага заслугоўваюць. Толькі ў 2020-м го- дзе, калі святкавалі 120-годдзе з дня нараджэння паэта, у Нясвіжы, на малой радзіме песняра, з’явілася вуліца Уладзіміра Жылкі. Не так даўно ў Макашах адкрылі помнік знакамітаму земляку. А зараз, з нагоды чарговай гадавіны, яго памяці прысвяцілі куток-экспазіцыю.
На жаль, Уладзімір Жылка не пражыў і трыццаці трох гадоў, аднак пакінуў яркую старонку ў жыцці Нясвіжскага краю і, без сумненняў, яго вершам наканаваны нашмат даўжэйшы век. Музейны куток — часцінка памяці аб ім і сапраўдная даніна павагі земляку, чалавеку і паэту Уладзіміру Жылку.
Я гэты свет убачыў тут
Дзіцём ля матчынае цыцкі
І рос, вясёлы шалапут,
З дзядоў, прадзедаў
сын мужыцкі,
На ёміне з яго палёў,
Здабытай з працы, ў мазалёў…
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.