У першы дзень лета ў гарадскім маладзёжным цэнтры прайшоў фестываль “Свет адзіны для ўсіх”, прысвечаны Міжнароднаму дню аховы дзяцей.
Работнікі маладзёжнага цэнтра падрыхтавалі для выхаванцаў цэнт-ра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Нясвіжскага раёна і наведвальнікаў аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання інвалідаў РТЦСАН цікавую забаўляльна-музычную праграму.
Перад гледачамі выступілі маленькія зорачкі дзіцячага тэатральнага калектыву “Мімі ДОМ”, вакальнай студыі “Вяночкі” МЦ і выхаванцы тэатральнай студыі “Раптам” Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў. Сонечным настроем дзяліліся з прысутнымі валанцёры БРСМ “Добрае сэрца”, а работнікі Нясвіжскага РАНС у цікавай інтэрактыўнай форме нагадалі маленькім правілы бяспекі.
У стварэнне цёплай, сяброўскай атмасферы зрабіў вялікі ўнёсак і ЦБП №526 рэгіянальнай дырэкцыі па Мінскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” — яго работнікі набылі для ўдзельнікаў фестывалю шмат смачных пачастункаў і напрыканцы свята падарылі ім памятныя сувеніры.
Песні, вершы, конкурсы, падарункі — для кожнага маленькага госця знайшлося нешта асабліва захапляльнае і цікавае.