Пералівы школьнага званка, непаўторнасць школьных урокаў, школьнае сяброўства…
Усё гэта стала мінулым для выпускніц 11 класа Сейлавіцкага НПК-дз/с. Дзень развітання са школай у Вольгі Турко, Віялеты Халопіцы і Паліны Рэзановіч прайшоў яскрава і ўрачыста. Дзяўчаты запомняць добрыя пажаданні настаўнікаў і малодшых таварышаў, тых, каму яны перадаюць слаўныя традыцыі сваёй навучальнай установы. Уся школа рыхтавалася да свята апошняга званка, прысвечанага выпускнікам, якія адкрываюць для сябе новую старонку біяграфіі, старонку самастойнага і дарослага жыцця. Для астатніх школьнікаў званок стаў завяршальным этапам яшчэ аднаго навучальнага года і прадвеснікам самых працяглых канікул.
На школьнай лінейцы 54 вучняў Сейлавіцкай школы ў гэты дзень віталі намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Балцянкоў і намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама Алена Сцяпанава.
Гімн Рэспуб-лікі Беларусь, словы наказу класнага кіраўніка Іны Ігнатчык і першай настаўніцы Вольгі Янскай, дружны флэш-моб і вершы-пажаданні маленькіх — усё гэта для тых, хто пакідае сцены роднай школы і рухаецца да запаветнай мары. Наперадзе ў рабят — школьныя іспыты.
Сур’ёзныя выпрабаванні чакаюць і дзевяцікласнікаў — выпускнікоў базавай школы. Многія з іх, вызначыўшыся з выбарам прафесіі, пасля школьных экзаменаў вырашылі паспрабаваць свае сілы і паступаць. Дык няхай ім усім спадарожнічае поспех!
А пакуль рабяты атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды за дасягненні ў вучобе і спорце, а таксама падзяку за ўдзел у грамадскіх справах.
Пад дружныя апладысменты ўсіх прысутных на свяце апошняга званка дырэктар навучальнай установы Вікторыя Сачук уручыла ўзнагароды школьнікам. Сярод адзначаных — пераможца другога этапа рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы Віялета Халопіца, якая атрымала дыпломы ІІ і ІІІ ступені адпаведна за ўдзел у рэспубліканскім і абласным конкурсах работ даследчага характару па фізіцы. Дыплом ІІ ступені у конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў Мінскай вобласці па працоўным навучанні атрымаў выпускнік базавай ступені адукацыі Даніл Шостак. Фіналістам адкрытага фестывалю “Я — даследчык” навучэнцаў Мінскай вобласці стала вучаніца 4 класа Ульяна Чарнюк.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.