Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода 1 °C

Другі дзень нараджэння

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 10

Пост опубликован: 28.05.2022

Узяцца за пяро для гэтага матэрыяла мяне падштурхнула выпадковае назіранне: аднойчы, заехаўшы па справах на стаянку каля Алеі мужнасці і адвагі, што месціцца ў Нясвіжы насупраць набярэжнай Бернардзінскай сажалкі, я заўважыла чалавека, які ішоў з кветкамі да памятнага знака, прысвечанага воінам-інтэрнацыяналістам. Спачатку ён наблізіўся да камня, затым перайшоў да ваеннай тэхнікі, што стаіць за ім, асабліва доўга прабыўшы каля адной з машын.



Дзень быў звычайны, будны — 19 мая. Ніякіх асаблівых дат, звязаных з вайсковай службай, ніякіх дзяржаўных святаў (адзінае, чым вызначаўся той дзень — гэта стагоддзе піянерскай арганізацыі, але было малаверагодна, каб чалавек саліднага ўзросту стаў адзначаць яго візітам у такое месца — заўв. аўтара). Таму я не змагла прапусціць гэту цікавую нагоду і, падышоўшы да наведвальніка алеі, папрасіла яго расказаць пра сябе і аб тым, што прывяло яго сюды.
Аказалася, гэта быў жыхар Высокай Ліпы Аляксандр Радаман, а 19 мая для яго — другі дзень нараджэння. 40 гадоў таму ў гэты дзень ён дзівам выжыў у баі ў афганскай цясніне, дзе некалькі яго саслужыўцаў засталіся навекі.
А было ўсё так. Мой суразмоўца служыў у 56-й дэсантна-штурмавой брыгадзе, асноўныя сілы якой базіраваліся ў Гардэзе, на баявой машыне дэсанта-1 механікам-вадзіцелем (якраз такая стаіць на Алеі), а яго трэці батальён знаходзіўся непадалёк ад паселішча Баракі. І вось сонечным майскім днём 1982 года экіпаж А.Г. Радамана разам з яшчэ чатыр-ма БМД (усяго 45 чалавек) атрымаў заданне прыкрыць праход калоны, што везла савецкім салдатам прадукты.
— А палове дзесятай раніцы мы былі ўжо на месцы, — расказаў Аляксандр Георгіевіч. — А к дзесяці га- дзінам завязаўся бой.
Каб ўявіць сабе ўсю складанасць ваенных дзеянняў у Афганістане, трэба ўзгадаць, што сабой уяўляе гэта краіна — горы, вузкія горныя дарогі, цясніны, абрывы, камяні і дрэвы ў нізінах, за якімі вельмі зручна рабіць засады. Прыкладна так было і ў дзень таго боя, ад успаміну пра які і праз столькі гадоў на твар майго суразмоўцы сыходзіць цень.
— З намі на заданне выходзіла пяць мінамётных разлікаў. На грузавіках ГАЗ-66 яны цягнулі 120-міліметровыя мінамёты, таму што з іх лепш на якой-небудзь вышыні знішчаць агнявыя кропкі праціўніка, — працягнуў свой аповед Аляксандр Георгіевіч. — А для душманаў нашы мінамётчыкі былі “прынадным кавалкам” — за іх галовы (ды і не толькі за іх) яны атрымлівалі грошы. Да таго ж, знішчыўшы мінамётны разлік, яны пазбаўлялі нас дадатковай абароны.
Вось і тады ад каман-дзіра роты па рацыі паступіла заданне атакаваць праціўніка, які хацеў узяць наш мінамётны разлік. Мы рынуліся на падмогу. Аднак душманы, якія, як ні кажы, былі на сваёй зямлі і ведалі на ёй кожны камень, здолелі добра спланаваць перамяшчэнне і падбіць БМД, якая ішла перад намі, нягледзячы на падтрымку нашых верталётаў, што апрацоўвалі гэту мясцовасць супрацьтанкавымі ракетнымі снарадамі.
І зараз у вушах былога воіна-афганца гучыць голас камандзіра: “97-я, атакуйце!” (гэта была машына, якая ішла паперадзе). А ў гэты час ён бачыць, як 97-я разлятаецца на кавалкі. “97-й няма”, — адказаў ён. Тады прагучала: “98-я, атакуйце!”. Гэта была яго машына…
Далей расказ ідзе суха і коратка:
— Мы атакавалі, вывелі нашых хлопцаў. Мне трэба было прыкрыць іх агнём, каб яны адышлі. У гэты час душманы пачалі абстрэл з пераносных гармат. Чацвёртым снарадам накрыла нас. Толькі нам пашанцавала больш, чым таварышам — ён узарваўся метра за тры ад машыны. Увесь яе левы бок пабіла на сіта. Раніла мяне і майго аператара (аператар — другі член экіпажа, задача якога была непасрэдна весці стральбу, — заўв. аўтара). У вачах у мяне ўспыхнуў сіні агонь, і я поўнасцю апусціўся на сядзенне. Тут чую — рухавік працуе. У галаве пранеслася навука з вучэбнага падраздзялення — машыны вельмі добра гараць. А ў ёй ззаду — 300 літраў паліва. Заглушыў. Думаю — трэба выбірацца. За аўтамат — і вылез, адпоўз ад машыны. А тут падаспелі і нашы. Сеў верталёт, мне зрабілі ўкол праз гімнасцёрку і забралі ў батальён. Затым быў шпіталь у Адэсе, дзе я прабыў сем месяцаў.
Аляксандр Георгіевіч сціпла прамаўчаў, што за гэты бой быў удастоены медаля “За адвагу” — адной з самых важкіх салдацкіх узнагарод, заваяваных у прамым сэнсе пралітай крывёю.
Паказальна і тое, што напрыканцы лячэння, якое прайшло для цяжкага ранення дастаткова паспяхова, у яго папыталіся, куды ён хоча — назад у свой батальён ці дадому, ён нават здзівіўся: “Вядома, да таварышаў, на службу!”. Але ўрачы былі няўмольныя: “Не, ты пае-дзеш дадому”. Ён засмуціўся, але нічога не зробіш — загады трэба выконваць. А “на памяць” пра афганскую вайну ў галаве салдата назаўсёды застаўся асколак снарада, які медыкі пабаяліся выдаляць з-за непрадказальных наступстваў аперацыі.
У Афганістане мой суразмоўца прабыў пяць месяцаў. Да гэтага сем — у вучэбным падраздзяленні ў Туркменіі, дзе атрымаў вельмі сур’ёзную падрыхтоўку — каман-дзір адабраў там самых моцных, самых спартыўных хлопцаў і трэніраваў іх па самых жорсткіх патрабаваннях — усе заняткі праводзіліся ноччу, яны павінны былі як след умець і ведаць усё, што трэба ўмець і ведаць дэсантніку. Адны толькі марш-кідкі на 500 км у поўнасцю задраеных машынах чаго былі вартыя! Можа, у многім дзякуючы таму камандзіру салдат і застаўся жывым у цяжкім баі, дзе спатрэбілася ўсё, чаму яго вучылі…
Яшчэ Аляксандр Георгіевіч узгадаў шмат цікавага — і як абурыўся, калі яму прапанавалі служыць у Нясвіжы (маўляў, што гэта за служба — каля хаты, дзяўчаты смяяцца будуць!), і як у вучэбным падраздзяленні настойліва прапаноўвалі застацца там, каб вучыць іншых, хто толькі прыйшоў. Нават чатыры дні далі на роздум, але ён адмовіўся. На пытанне “чаму?” адказаў так:
— Відаць, выхаванне такое было — савецкае, патрыятычнае. Схавацца ад небяспекі, хоць і на поўнасцю законнай падставе — гэта не для мяне. Тады гэта быў бы не я. Таму вось так усё сталася, як сталася…
Майго суразмоўцу час ад часу запрашаюць на сустрэчы са школьнікамі і моладдзю, і яму ёсць што ім расказаць. А ім ёсць аб чым задумацца.
Усе гэтыя сорак гадоў Аляксандр Георгіевіч адзначае ў сваёй душы 19 мая як дзень свайго другога нараджэння, прымае віншаванні ад сяброў. І з вялікай удзячнасцю гаворыць аб усіх, хто спрычыніўся да стварэння ў нашым горадзе ў 2018 годзе Алеі мужнасці і адвагі. З таго часу, нягле-дзячы на любыя рабочыя ці хатнія клопаты, у гэты дзень — ён тут. Падыходзіць да копіі сваёй баявой машыны, гладзіць яе браню, як даўняга сябра і дзякуе Богу, што застаўся жывым. І думаецца, што ўсе гэтыя гады і яму дзякуюць тыя, каго ён прыкрываў сабою ў тым баі, і іх родныя. Такое не забываецца. Галоўнае, каб яно не паўтарылася — ні з ім, ні з намі, ні з кім. І ніколі.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!