У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыўся VI фестываль паэзіі “Голасам свайго пакалення”, прысвечаны беларускаму паэту, Ганароваму грамадзяніну горада Нясвіжа, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Паўлюку Пранузе. Гэта мерапрыемства праводзіцца ўжо ў шосты раз і ўяўляе сабой шэраг сацыякультурных мерапрыемстваў.
Павел Кузьміч унёс значны ўклад у літаратурную спадчыну. Яго шматгранная дзейнасць на карысць Беларусі, беларускага народа, роднай мовы, нацыянальнай культуры ўзвысіла не толькі Нясвіжчыну, дзе ён жыў і працаваў, але і ўсю беларускую зямлю, і таму невыпадкова сем гадоў таму, у 2015 го- дзе Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы было прысвоена імя Паўлюка Пранузы, што стала добрай падставай для арганізацыі і правядзення штогадовага Фестывалю паэзіі “Голасам свайго пакалення”.
Ва ўсе часы ў грамадстве паэзія карысталася вялікай увагай і займала асаблівае месца. Народ заўсёды цаніў яе высокую і святую місію. Кожны чалавек меў патрэбу ў паэзіі. У ёй шукалі суцяшэнне, прыгажосць пачуццяў і свету, яе любілі.
…Мы ўпэўнены, што дзякуючы гэтаму святу ў кожным з нас абавязкова ўспыхнуць самыя добрыя і яскравыя пачуцці.
У чытальнай зале бібліятэкі дзейнічае музей паэта, дзе кожны можа пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам Паўла Кузьміча Пранузы, з яго творамі, рукапісамі і яго бібліятэкай.
На працягу красавіка ў фае бібліятэкі дзейнічала ілюстрацыйна-дакументальная выстава “Голасам свайго пакалення”. Тут можна было ўбачыць экспанаты, якія сам Прануза і яго дачка Алена Паўлаўна Лявіцкая падаравалі бібліятэцы. Гэта рукапісы вершаў, кнігі з бібліятэкі Паўла Кузьміча з аўтографамі паэтаў, з якімі ён сябраваў, асабістыя рэчы. Многія кнігі падпісаныя аўтарам.
З 1947 года Павел Кузьміч з’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Сёлета ў свяце прынялі ўдзел члены саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Круглік і Галіна Нупрэйчык, а таксама наша зямлячка Зоя Кулік.
Пры жыцці Прануза цесна супрацоўнічаў з дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, у фонд якога перадаў частку сваіх рукапісаў, фотаздымкаў, кніг. Таму невыпадкова на прысвечаны яму фестываль паэзіі запрасілі супрацоўнікаў музея — намесніка дырэктара па навуковай працы Алесю Кузняцову і загадчыка філіяла Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіла Бараноўскага.
Свой погляд на жыццёвы і творчы шлях Паўлюка Пранузы прадставіла тэатральная студыя “Раптам” пад кіраўніц-твам Ганны Татур.
Пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю працавалі некалькі пляцовак: у чытальнай зале прайшла гадзіна паэзіі “Яны прайшлі на той вайне”, у краязнаўчай зале — круглы стол “Сучасная паэзія на хвалі часу” і рэаліці-шоу “Мая нявыдадзеная кніга”.
У гэты дзень прайшоў таксама традыцыйны конкурс юных чытальнікаў “Чытаем Паўлюка Пранузу”.
У гэтым годзе было заяўлена 38 удзельнікаў ва ўзросце ад 7 да 15 гадоў са школ горада і раёна. Усе яны былі ўзнагароджаны памятнымі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Астатнія канкурсанты атрымалі граматы за ўдзел.
На заключным этапе мерапрыемства загадчык бібліятэкі Аксана Рыжыкава правяла бліц-апытанне “Што для вас значыць Дзень Перамогі?”.
Сустрэча з цудоўнай паэзіяй і прыгожай беларускай мовай была надзвычай прыемнай і стала для ўсіх удзельнікаў сапраўдным святам.
Людміла ЯСЕВІЧ,
загадчык аддзела
абслугоўвання і інфармацыі Нясвіжскай цэнтральнай
раённай бібліятэкі
імя П. Пранузы.
Фота Соф’і ЛЮБАНЕЦ.