Напярэдадні 1 Мая ў раённым цэнтры культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства “І славуты працай чалавек!”, падчас якога адбылося ўшанаванне ветэранаў працы, перадавікоў вытворчасці, прадстаўнікоў працоўных дынастый, маладых спецыялістаў Нясвіжчыны.
Падарункі і граматы працаўнікам у гэты дзень уручалі старшыня Нясвіжскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Жыгуноў і старшыні раённых арганізацый прафсаюзаў: работнікаў АПК — Святлана Антончык, адукацыі і навукі — Людміла Крупец, культуры, інфармацыі, спорту і турызму — Кацярына Дубовік, дзяржаўных і іншых устаноў — Таццяна Толсцік, работнікаў адукацыі і навукі Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа — Алена Раманчук і работнікаў аховы здароўя ААТ “Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў” — Святлана Булыга.
Як адзначыў Міхаіл Жыгуноў, свята 1 Мая дае магчымасць па-новаму зірнуць на сваё жыццё, ацаніць вынікі сваёй працы.
— Мы сабраліся, каб павітаць усіх тых, хто садзейнічае развіццю нашай малой радзімы, — сказаў Міхаіл Іванавіч, — хто прымае актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці, знаходзячыся на заслужаным адпачынку. Усё, што акружае нас, матэрыяльнае і духоўнае, — гэта справа вашых рук, вашых думак. Мы дзякуем вам за вашу самаадданую працу. Дзякуем таксама наймальнікам, кіраўніцтву раёна і рэспублікі, што ўжо які год мы працуем, вучымся, выхоўваем дзяцей пад мірным небам, атрымліваем своечасова заробак, пенсіі і дапамогі.
Кожны з прафсаюзных лідараў выказаў словы падзякі працавітым работнікам сваіх галін за іх унёсак у росквіт Нясвіжчыны.
Свае падарункі працаўнікам раёна ўручылі і таленавітыя артысты. Так, гледачы ў чарговы раз атрымалі асалоду ад спеваў Ігара Гарбачова, Аляксандра Іванова і Іны Філіпавай, Уладзіміра і Тамары Прыгун, Аксаны Пяткевіч, Ігара Дубешкі, народнага вакальнага ансамбля “Забава”, а таксама юных артыстаў вакальнага ансамбля “Хвілінка” Гарадзейскага цэнтра культуры.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.