На гэтым тыдні мне пашанцавала пабываць у гасцях у сям’і Свідэрскіх. Анатоль Аляксеевіч і Вера Мікалаеўна жывуць у Астроўках і зусім хутка адзначаць знакавую сямейную дату — залатое вяселле. 7 мая юбіляры
збяруць за святочным сталом родных, блізкіх і суседзяў,каб, як і 50 гадоў таму, раздзяліць з дарагімі людзьмі радасныя імгненні іх моцнага шлюбнага саюза.
Але зараз гэта не толькі тыя, хто ішоў поплеч з самага пачатку і ў цяжкія хвіліны быў падтрымкай, але і тыя, хто з’явіўся ў жыцці Свідэрскіх з цягам часу і, безумоўна, стаў сэнсам гэтага жыцця.
Знаёмства маладых людзей адбылося ў Мінску ў 1971 го- дзе. Абое былі яшчэ студэнтамі: Анатоль вучыўся ў Беларускім інстытуце механізацыі на інжынера-механіка, а Вера атрымлівала спецыяльнасць бібліятэкара. Вяселле ў 1972 годзе згулялі двойчы. Спачатку на радзіме маладой — у вёсцы Дзярэчын на Гро- дзеншчыне, а потым і на радзіме маладога — у Іванаве Ланскага сельскага Савета. У тым жа годзе ў пары нарадзіўся першы сынок Аляксандр. Затым яшчэ двое дзетак — Дзяніс і Вольга. Першыя дзесяць гадоў сумеснага жыцця Свідэрскія прысвяцілі працы на Гродзенскай зямлі, у пасёлку Сапоцкін. Затым прыехалі на Нясвіжчыну. Анатоль Аляксеевіч стаў працаваць у калгасе “Радзіма” партыйным арганізатарам, намеснікам старшыні. з прафесійнага пункту гледжання, зараз мужчына адзначае: добрыя, працавітыя людзі былі ў гаспадарцы — і ў Малеве, і ў Еськавічах. Затым, у 1985 годзе, па прапанове райкама партыі А.А. Свідэрскі прыйшоў на пасаду кіраўніка калгаса імя Дзяржынскага ў Астроўкі. Вера Мікалаеўна, нібы жонка афіцэра, паўсюль следавала за мужам. Тут пара атрымала маленькі фінскі домік, які рэканструявала і расшырыла. З гэтага часу амаль да канца стагоддзя сям’я Свідэрскіх аддана працавала на карысць астроўскіх людзей і гэтай зямлі. Сюды, дзе дагэтуль зусім не было аніякіх даброт цывілізацыі, правялі газ, зрабілі каналізацыю, пабудавалі клуб, сталовую, ФАП, адміністрацыйны будынак, пошту, праклалі асфальтаваныя дарогі. Разважаючы пра ўсё гэта, Анатоль Аляксеевіч прыводзіць факты і дзівіцца: за 30 гадоў да яго ў Савеце змяніліся 9 старшынь, і ніхто не затрымліваўся ў сярэднім больш за 3 гады, людзі жылі як жылі, не ведаючы камфортных умоў. Аднак пра сябе гаворыць так: “Шкада мне было гэтых лю- дзей, не мог я без жалю глядзець на зусім старэнькія будыначкі…”. Трэба было дзейнічаць, і Свідэрскія з ахвотай дзейнічалі. Не баяліся працы і дзяцей сваіх гэтаму навучалі. Іншы раз, вядома, вельмі цяжка прыходзілася. Але з усім спраўляліся разам. І сёння, ідучы па вуліцы разам са мной, Вера Мікалаеўна, гледзячы наўкола, ціха радуецца і з трапятаннем унутры ганарыцца зробленым.
Выгадаваўшы дзяцей (яны падарылі бацькам трох цудоўных унукаў — Ягора, Кацярыну і Яўгенія) і вышаўшы на пенсію, Свідэрскія заняліся тым, што сапраўды па душы. Вера Мікалаеўна наведвае царкоўны хор, дапамагае спяваць у нядзелю і па святах. Любіць разводзіць кветкі, адпачывае,праводзячы час на клумбе ці ў агародзе; зараз, дарэчы, займаецца расадай. А Анатоль Аляксеевіч — галоўны па частцы хатняй гаспадаркі — пільнуе курэй, даглядае разам з жонкай сабаку Кэпа. Нядаўна мужчына выпусціў невялічкую, але каштоўную для сваёй сям’і кніжку фамільнага радаводу, дайшоўшы да трэцяга-чацвёртага калена — ажно да 1850-х гг. Акрамя нагляднай табліцы з імёнамі, Анатоль Аляксеевіч знайшоў і размясціў у кнізе фота і асноўныя факты з жыцця родных. На гэтую няпростую, але займальную справу ён патраціў каля паўгода.
Сакрэт сямейнага дабрабыту Свідэрскіх зусім няхітры: трэба ўмець саступаць бліжняму, праяўляць цярпенне і спачуванне, падтрымліваць у цяжкую хвіліну. Але аснова ўсяму, вядома, каханне. Толькі на ім грунтуецца сямейнае шчасце.
Акрамя сумеснага юбілея ў гэтым годзе Свідэрскія адзначаюць яшчэ дзве святочныя падзеі: 70-годдзе Веры Мікалаеўны і 50-годдзе старэйшага сына Аляксандра.
Хочацца пажадаць Анатолю Аляксеевічу і Веры Мікалаеўне выдатных святаў, моцнага здароўя і жыцця побач у суладдзі яшчэ не адзін дзясятак гадоў!
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.