Часам даводзіцца чуць ад землякоў меркаванне пра ЗША: “Ой, як там добра…”. Гавораць з захапленнем, зайздрасцю, прыдыханнем. Не згаджаюся: “А што там добрага? То страляюць на вуліцах усе, каму ўздумаецца, то бунтуюць, хуліганяць, машыны гараць, вітрыннае шкло вылятае. Уявіце, што гэта ваш уласны магазін, а яго разграмілі, разграбілі…”.
“Тут у нас усё дрэнна, а на Захадзе проста рай” — гэты пастулат пастаянна ўкладвалі ў мозг савецкіх людзей ідэолагі імперыялістычнага рэжыму і праваднікі перабудовы, пазней — прыхільнікі заходніх каштоўнасцей ужо ў суверэннай Беларусі. А калі паглыбіцца ў тэму Злучаных Штатаў? Зірнуць на яе аб’ектыўна, удумліва?
Летась, напрыклад, я занатоўвала паведамленні адтуль аб страляніне. Яны сыпаліся, як зводкі з фронту. 22 мая — стральба на канцэрце ў штаце Паўночная Караліна, адзін чалавек загінуў, 14 паранены; 25 мая — тры чалавекі загінулі ў штаце Агая; 26 мая — паранены 1 чалавек у штаце Міннеапаліс; 27 мая — 8 чалавек загінулі ў Каліфорніі; 30 мая — 2 чалавекі загінулі, 25 паранены ў Маямі. За паўгода ў перастрэлках загінулі 8100 чалавек. 4 — 6 ліпеня, калі ЗША святкавалі дзень незалежнасці, зарэгістравана 379 эпізодаў страляніны, 142 чалавекі загінулі… Вось вынік свабоднага доступу насельніцтва да зброі. Толькі ў 2020 г. было выдадзена 40 млн ліцэнзій на яе нашэнне. Зброю маюць 39 % сем’яў. Пяць гадоў таму іх было на чвэрць меней.
У багатай Амерыцы вельмі шмат бедных людзей. Байдэн у сваіх перадвыбарных выступленнях так і адзначаў: не даядаюць 36 млн амерыканцаў. Неяк прачытала: “У Лос-Анджэлесе намалявалі на асфальце 70 прамавугольнікаў для “бяспечнага сну” бяздомных. Прыватная кампанія, якая выйграла тэндар на разметку дарогі для бамжоў, атрымала за рэалізацыю праекта 1,3 млн долараў”. Дзіўны клопат пра бедных! Хутчэй гэта клопат пра далейшае ўзбагачэнне той кампаніі.
А як у краіне, якая павучае ўвесь свет, праходзілі апошнія прэзідэнцкія выбары?! У 353 акругах лічба зарэгістраваных для ўдзелу ў выбарах на 1,8 млн чалавек перавышала тую колькасць людзей, якія па ўзросце мелі права галасаваць; у спісы выбаршчыкаў былі занесены прозвішчы больш мільёна памерлых; 200 тысяч бюлетэняў згубілася; галасаванне па пошце не можа выклікаць даверу. Гэта ўлада хаосу, а не дэмакратыя.
Болей за ўсё не ўспрымаецца, абурае каланіяльная, расісцкая палітыка ЗША, іх бесцырымоннае, нахабнае ўмяшальніцтва ў лёсы іншых краін. Гэта іх сутнасць, іх ідэалогія — багацець на крыві іншых, пачынаючы з канца ХV стагоддзя, калі Калумб адкрыў амерыканскі мацярык. У заваявальных паходах еўрапейцаў на захад удзельнічалі наёмныя салдаты, збяднелыя дваране, злачынцы, каб пазбегнуць на радзіме турмы, катаргі ці смяротнага пакарання. Меней ехала рамеснікаў, чыноўнікаў, манахаў-місіянераў. Асваенне новых земляў вылілася ў тэрор, татальнае знішчэнне карэннага насельніцтва. Палкоўнік амерыканскай арміі Шэвінтон, расстрэльваючы ў 1864 г. з гаўбіц чарговую індзейскую вёску, сказаў сваім афіцэрам: “Я прыйшоў, каб забіваць індзейцаў, і лічу, што гэта права і ганаровы абавязак”. За 100 гадоў колькасць насельніцтва Новага Свету скарацілася ў 16 разоў. Былі знішчаны 70 млн індзейцаў. А ўсе багацці, прыродныя рэсурсы прысвоілі новыя, белыя гаспадары. Для работы на плантацыях і рудніках яны завезлі 35 млн рабоў з Афрыкі. Каланізацыя, па словах французскага даследчыка Клода Леві-Строса, дазволіла Захаду “пабудаваць сябе з матэрыялаў калоній”. У ХХ ст., калі ўжо было непрыстойна расстрэльваць і здымаць скальпы, пачаўся ювенальны генацыд індзейцаў і аўстралійскіх абарыгенаў. У іх адбіралі дзяцей, каб знішчыць ідэнтычнасць і культуру мясцовых народаў. У ЗША, якія насаджаюць усім свае лібералізм і “дэмакратыю”, самая вялікая колькасць зняволеных на душу насельніцтва. Зараз у турмах знаходзіцца больш 2 млн чалавек — каля 25 % усіх зняволеных у свеце. Прытым 60 % з іх — прадстаўнікі расавых і этнічных меншасцей.
На тэрыторыі ЗША даўным даўно няма вайны. На іх ніхто не нападаў. Самі ж шмат разоў ваявалі на тэрыторыі іншых краін, арганізоўвалі звяржэнне ўрадаў, замахі на забойства кіраўнікоў, умешваліся ў ход выбараў, бамбілі населеныя пункты, уводзілі санкцыі, падаўлялі народна- вызваленчую барацьбу, разбуралі краіны, знішчаючы іх дзяржаўнасць. І ўсё гэта растлумачвалі крывадушнымі, ілжывымі прычынамі, клопатам пра тыя народы, а на справе — каб унесці нестабільнасць, пазбавіць самастойнасці, падпарадкаваць, разваліць палітычна і эканамічна, знішчыць канкурэнтаў, а самім разбагацець. Татальная дыктатура капіталу! Адрасы, дзе ЗША пакінулі свой крывавы след у розныя гады, самыя розныя — ад Філіпінаў да Лівіі. Яны скінулі атамныя бомбы на японскія Хірасіму і Нагасакі, хоць у гэтым не было неабходнасці, вайна закончылася. Але хацелася ўстрашыць усю планету, прадэманстраваўшы наяўнасць ядзернай зброі. У В’етнаме выкарыстоўвалі хімічную зброю — мутацыі арганізмаў сустракаюцца там яшчэ і зараз, хоць мінула больш за паўстагоддзя. Па надуманай прычыне разбамбілі Ірак, але ні зброі масавага паражэння, ні лабараторыі па яе вытворчасці ў ім не знайшлі. А загінулі сотні тысяч жыхароў. Такі лёс чакаў і Сірыю, калі б на дапамогу не прыйшла Расія: толькі частка тэрыторыі засталася пад кантролем ЗША. Бліжні Усход з-за такой насільнай дэмакратызацыі стаў рэгіёнам напружанасці, аплотам тэрарыстаў. Колькасць бежанцаў з ліку мірных жыхароў налічваецца дзясяткамі мільёнаў. Затое Штаты атрымалі доступ да нафтавых багаццяў.
На працягу апошніх 20 гадоў Штаты і іх саюзнікі паслядоўна бамбілі іншыя краіны, скідваючы ў сярэднім больш за 40 бомбаў у дзень.
А што тычыцца біялабараторый, іх больш за 300 амерыканцы размясцілі ў 30 краінах свету, вакол нашай Саюзнай дзяржавы. Нядаўна расійскія ваенныя ва Украіне выявілі факты ваенна-біялагічнай праграмы, якая рэалізоўвалася за грошы ЗША. У нашай краіне-суседцы працавала больш за 30 біялабараторый. У іх вялася работа з узбуджальнікамі многіх смяртэльных хваробаў, вывучалася ўздзеянне на пэўныя этнічныя групы людзей. Нас, славян, чакаў чарговы генацыд?
У 1999 г. натаўцы 78 дзён бамбілі Югаславію. Іх самалёты зрабілі 38 тысяч баявых вылетаў. Выпусцілі тры тысячы крылатых ракет, скінулі 80 тыс. тон бомбаў, у т.л. 15 тон радыяцыйнага ўрану. Загінулі звыш 2 тыс. грамадзян. Пасля бамбардзіровак у Сербіі анкалогіяй захварэлі каля 30 тыс. чалавек. Па яе ўзроўню краіна выйшла на першае месца ў Еўропе. І хто прапанаваў тады правесці крывавую акцыю? Сенатар Байдэн, цяпер ён — прэзідэнт ЗША.
А ўсяго пасля Другой сусветнай вайны ў 153 краінах адбылося 250 ваенных канфліктаў, 80 % якіх справакавалі ЗША і іх сатэліты.
Арганізацыя “каляровых рэвалюцый” у цэлым шэрагу краін — Венесуэле, Гандурасе, Гаіці, Арменіі, Грузіі, Егіпце, Кыргызстане, Тунісе, спроба іх у Расіі, Беларусі і Казахстане — справа спецслужбаў ЗША і іх саюзнікаў. На дзяржаўны пераварот у 2014 г. ва Украіне амерыканскае пасольства ў Кіеве патраціла мільёны долараў. Летась Штаты ў чарговы раз спрабавалі сілавым метадам змяніць непажаданы Вашынгтону сацыялістычны ўрад Кубы. Дарэчы, на жыццё былога лідара мужнага кубінскага народа Фідэля Кастра адэпты “дэмакратыі” арганізавалі 637 замахаў.
Абагачаліся ЗША і за кошт войнаў паміж іншымі краінамі. Падчас Першай сусветнай вайны пастаўлялі ўзбраенне ў Еўропу. Экспарт розных тавараў, ад пшаніцы да аўтамабіляў, у нейтральныя краіны вырас у 1915 г. у параўнанні з 1913-м больш чым у 2,5 — 15 разоў. За 29 месяцаў Штаты выдалі дзяржавам, што ваявалі, 1,9 млрд долараў пазыкі — на зброю, боепрыпасы, амуніцыю, харчаванне. І з буйнейшага ў свеце даўжніка сталі буйнейшым крэдыторам. У час Другой сусветнай вайны прыбытак заакіянскіх манаполій склаў 117 млрд долараў, у той час як за 5 перадваенных гадоў — толькі 17,5 млрд. У эканоміцы СССР і Еўропы адбыўся спад, а ЗША сталі гегемонам планеты. І другі фронт адкрылі толькі ў сярэдзіне 1944 г. Эксперты тлумачаць: “Чакалі, каб немцы і мы як мага болей перабілі адны другіх. Хітрыя амерыкосы амаль з самага пачатку вайны ламалі галаву над распрацоўкай праекта па ўладкаванні пад сябе пасляваеннага свету”.
Больш 50 % валавога ўнутранага прадукту Штатаў фарміруе ваенна-прамысловы комплекс. “Мадэль эканомікі ЗША пабудавана напалавіну з вытворчасці і продажу зброі. На смерці людзей” (Аляксей Аўдонін, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў). Мілітарызацыя Амерыкі проста зашкальвае. Ваенны бюджэт летась склаў 740 млрд долараў — болей за 3,5 % валавога ўнутранага прадукту. У разліку на аднаго жыхара краіны прыпадае амаль 2200 долараў, для параўнання: у Расіі — 287 долараў, Кітаі — 138, Беларусі — 64. Каля 800 сваіх ваенных баз размясцілі Штаты па ўсім свеце. Свае эканамічныя справы яны папраўляюць падчас справакаваных імі ж чужых ваенных канфліктаў. Вось і цяпер, каб справіцца ў сябе з чарговым крызісам, літаральна нашпігоўваюць еўрапейскія краіны, у т.л. Украіну, сваёй зброяй. А члены кангрэса, як толькі пачалася расійская спецаперацыя, тут жа ўклаліся ў акцыі карпарацый ваенна-прамысловага комплексу Штатаў. Ёсць магчымасць зарабіць новыя мільярды долараў. І ЗША зацікаўлены, каб гэты канфлікт цягнуўся як мага даўжэй.
Амерыканцы ненавідзелі Савецкі Саюз. Па-першае, таму, што яго перамога ў Вялікай Айчыннай вайне паспрыяла антыкаланіяльнай барацьбе. Да моманту распаду каланіяльнай сістэмы ў 1960 г. незалежнасць атрымала больш за 30 краін з агульнай колькасцю жыхароў каля 2 млрд чалавек. СССР садзейнічаў ім, дапамагаў, а імперыялісты засталіся без дармовых кармушак. Па-другое, імклівае развіццё СССР зрабіла яго звышдзяржавай, супрацьпаставіла ЗША, свет стаў двухпалярным. Амерыканцы не маглі з гэтым змірыцца. Абнародаваны матэрыялы Стратэгічнага камандавання ваенна-паветраных сіл ЗША ад 1956 г. У іх — цэлы спіс цэляў, у т.л. і на тэрыторыі СССР, якія планавалася падвергнуць тэрмаядзерным ударам ракет. Беларускія гарады Бабруйск, Баранавічы, Брэст, Быхаў, Віцебск, Гомель, Гродна, Ліда, Магілёў, Мазыр, Маладзечна, Мінск і Орша павінны былі атрымаць ад 1,7 да 9 мегатон у трацілавым эквіваленце. Гэта ў сотні разоў больш, чым янкі абрушылі на Хірасіму і Нагасакі ў 1945-м, сцёршы іх з твару зямлі. А Жлобін, Калінкавічы, Крычаў, Лунінец, Пінск і Стоўбцы павінны былі быць знішчаны “простымі” ядзернымі бомбамі, якія ў 10 разоў мацнейшыя за тыя, што ўпалі на Японію. У процістаянні з сацыялістычным лагерам амерыканцы не шкадавалі сродкаў. Як адзначыў тадышні іх прэзідэнт Буш-старэйшы, “5 трыльёнаў долараў ЗША ўклалі ў распад СССР”. Зразумела і цяперашняя стратэгія Белага дома — ліквідацыя нашай усходнеславянскай цывілізацыі. Для дасягнення гэтай мэты не грэбуюць ніякімі метадамі: маніпуліруюць, падбухторваюць, узбройваюць, навучаюць, вядуць брудную інфармацыйна-псіхалагічную вайну, заліваючы свет хлуснёй, падсілкоўваюць росквіт ідэй нацыяналізму, памнажаюць драпежныя санкцыі супраць Расіі і Беларусі.
“Злучаныя Штаты з 1991 года былі адзінай звышдзяржавай, але не справіліся са сваім лідарствам. Пры іх свет не стаў больш бяспечным. Хутчэй наадварот. Але гэта не азначае, што яны гатовыя адмовіцца ад уяўленняў уласнай выключнасці, ад прыдуманага для сябе вобразу “храма свабоды, што зіхаціць на ўзгорку”. Знікала лідарства — расла агрэсія з іх боку. Увагу свайго грамадства з унутраных праблем палітыкі перанаправілі на знешнія выклікі. Праціўнікі былі абазначаны адразу. Кітай і Расія”, — падкрэслівае кандыдат гістарычных навук Вадзім Гігін.
“Ніякія дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна не могуць схаваць ісціны: капіталізм быў, ёсць і будзе бесчалавечны і злачынны”, — хтосьці не згодзен з доктарам філасофскіх навук Львом Крыштаповічам?
Па матэрыялах СМІ падрыхтавала
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.