На мінулым тыдні ў раённым цэнтры культуры ўпершыню прайшоў “Дамскі вечар” — мерапрыемства, якое ставіла сваёй мэтай не толькі сабраць пад адным дахам аматараў культурнага адпачынку ў святочных
уборах (жанчыны павінны былі быць у вячэрніх сукенках, а мужчыны — у класічных касцюмах), але і стварыць рэкламу новай — Белай зале РЦК.
Пасля адмысловага рамонту яна набыла сапраўды святочны, вельмі ўрачысты воблік і плануецца для выкарыстоўвання не толькі як зала для заключэння шлюбаў, але і як памяшканне для правядзення іншых урачыстых мерапрыемстваў культурнага плану.
Як патлумачыла дырэктар Нясвіжскага РЦК Ганна Віннічак, “Дамскі вечар” стаў цудоўнай нагодай для людзей, якія хочуць правесці час у прыгожай абстаноўцы пад добрую музыку, сустрэцца і пагутарыць з сябрамі ў нефармальных умовах, з фуршэтам. Жадаючыя маглі фатаграфавацца на памяць у фотазоне, а таксама палюбавацца на выставу мастацкіх фатаграфій, прысвечаную жаночай прыгажосці. Каб прысутныя маглі не толькі гута- рыць паміж сабой, але і пазнаёміцца з арыгінальнай і для многіх карыснай інфармацый, былі запрошаны спікеры. Псіхолаг Галіна Бушмакіна і касметолаг Таццяна Каратцова расказалі шмат цікавага са сваіх галін ведаў, усім спадабаўся і фэшн-паказ, які падрыхтавала стыліст Караліна Гарашчэня.
Гасцей забаўлялі мімы з гарадскога маладзёжнага цэнтра, а салісты РЦК дарылі прысутным свае лепшыя музычныя нумары. Асобным мастацкім акцэнтам гэтага цудоўнага вечара стала захапляльнае танга, якое па-майстэрску выканалі работнікі РЦК Аляксей Навумовіч і Караліна Гарашчэня.
Па водгуках удзельнікаў “Дамскага вечара”, яны з радасцю акунуліся б ізноў у яго цудоўную атмасферу. А гэта значыць, што першая спроба сталася паспяховай, і ў будучыні вечары такога кшталту, аб’яднаныя якой-небудзь іншай цікавай тэмай, стануць папулярнымі ў несвіжан і гасцей горада.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.