У раённым цэнтры культуры ў рамках ХХ абласнога агляду-конкурсу “народных” і “ўзорных” аматарскіх калектываў адбыўся справаздачны канцэрт “На вякі з мастацтвам злучаны”.
У першай палове дня свае ганаровыя званні пацвярджалі духавыя аркестры. Камісія пад старшынствам дацэнта кафедры аркестровага дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, народнага артыста Беларусі Міхаіла Берсана высока ацаніла ўзровень падрыхтоўкі музыкантаў. Так, духавы аркестр Сноўскага сельскага цэнтра культуры пад кіраўніцтвам Вадзіма Прымакі і духавы аркестр Гарадзейскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Івана Галіновіча пацвердзілі свае званні “ўзорных”.
Паказаў сваё майстэрства і духавы аркестр Нясвіжскага раённага цэнтра культуры, кіраўніком якога з’яўляецца Кірыл Марыніч. Выканаўшы свае лепшыя творы, аматарскі калектыў атрымаў ганаровае званне “народны”.
У тры гадзіны пачалася асноўная канцэртная праграма. Перад будынкам РЦК і ў файе гасцей ветліва сустракалі мімы і жывыя скульптуры ўзорнай студыі акцёрскага майстэрства “Творяки” гарадскога маладзёжнага цэнтра. А ў самой зале гасцей чакала сустрэча з сапраўдным суквеццем талентаў: майстры мастацтваў напоўнілі яркімі фарбамі прастору сцэны.
Перад журы, якое ўзначаліла дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Пазняк, выступілі лепшыя калектывы Нясвіжчыны — народны ансамбль песні “Забава” Гарадзейскага цэнт-ра культуры, народныя ансамблі песні “Вяночак” і “Акцэнт” Сноўскага СЦК, народны ансамбль песні “Млечны шлях” Нясвіжскага раённага цэнтра культуры, узорны ансамбль гарманістаў “Аношкаўскія музыкі” Аношкаўскай ДШМ, узорны танцавальны калектыў “Онікс” і народны ансамбль народнай музыкі і песні “Зараніца” Нясвіжскай ДШМ, народны ансамбль песні “Ліра” раённага цэнтра культуры і Нясвіжскай ЦРБ, народны ансамбль песні “Лянок” Аношкаўскага СДК, народны ансамбль песні “Ланская бяседа” Ланскага СДК, народны ансамбль песні “Згода” раённага цэнтра народнай творчасці, народны інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжкары” Нясвіжскага РЦК і Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.
З вялікім хваляваннем выступоўцы чакалі ацэнкі сваёй творчасці. У выніку ўсе калектывы пацвердзілі свае ганаровыя званні. Акрамя таго іх спіс папоўніў дзіцячы тэатральны калектыў “Раптам” Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў, які паказаў дзве неверагодна кранальныя літаратурна-музычная кампазіцыі і заслужана атрымаў права называцца “ўзорным”.
Вельмі дастойна выступіў і ансамбль песні “Каларыт” Сноўскага СЦК.
Як адзначылі вядучыя свята, ёсць такія зоркі, якія ўсё жыццё чаруюць чалавека сваёй прыгажосцю. І колькі б часу ні прайшло, яны застануцца ў нашых сэрцах. Аднымі з такіх зорак з’яўляюцца і творчыя калектывы Нясвіжчыны. Яны, як і зоркі на небасхіле, будуць яшчэ доўга ззяць і радаваць сэрцы людзей.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.