У Нясвіжскім раённым цэнтры культуры адбылася сустрэча з матывацыйным спікерам, прадпрымальнікам, грамадскім дзеячам, спартсменам-параалімпійцам, членам Канстытуцыйнай камісіі Аляксеем Талаем.
Удзельнікі мерапрыемства з першых вуснаў пачулі гісторыю чалавека, які ў 16 гадоў з-за выбуху міны, што прытаілася ў зямлі з ваенных часоў, застаўся без рук і без ног. Час сустрэчы праляцеў, нібы адна хвіліна, і людзі ў зале, сярод якіх было шмат моладзі і падлеткаў, на свае вочы пераканаліся ў тым, што для чалавека, які выбірае жыццё, няма нічога немагчымага, і што самая цяжкая інваліднасць — гэта інваліднасць душы. А яна можа быць і ў самага, на першы погляд, здаровага індывіда.
У дзяцінстве Аляксей займаўся ў спартыўных секцыях і, пасля ўсяго перажытага, вырашыў запоўніць яшчэ адну нішу свайго жыцця менавіта спортам. У параалімпійскім камітэце падтрымалі яго мару. На тэлебачанні, дзе ён часта браў удзел у розных праграмах, Аляксей пазнаёміўся з трэнерам нацыянальнай зборнай па плаванні Генадзем Вішняковым і ўжо праз некалькі месяцаў дасягнуў неверагодных вынікаў: стаў майстрам спорту і ўвайшоў у нацыянальную зборную. Далей заваёўваў срэбра, золата, усталёўваў рэкорды Еўропы і свету, быў удастоены шматлікіх званняў. Параалімпійцу з выдатнымі дасягненнямі выпаў гонар быць факеланосцам і зорным паслом ІІ Еўрапейскіх Гульняў.
Аляксей Канстанцінавіч расказаў прысутным шмат цікавага — як у 2001 годзе ў Швецыі па просьбе служыцеляў адной царквы ўпершыню расказаў вернікам, як змог выжыць пасля такой трагедыі, як змагаўся за кожнае імгненне, як змяніліся яго думкі, як яго заўважыў і запрасіў да сябе ў Амерыку папулярны спікер Роберт Харыс, які займаўся дабрачыннасцю, як ён праехаў каля 30 штатаў як лектар-матыватар, як у яго атрымалася стварыць сям’ю і многае іншае.
Сёння прадпрымальніку Талаю даход прыносяць розныя сферы бізнесу, але асноўнай крыніцай фінансаў застаюцца трэнінгі, карпаратыўныя сустрэчы, прыватныя кансультацыі.
Чалавек-легенда з бязмежнымі магчымасцямі, матывацыйны трэнер, паспяховы бізнесмен і заснавальнік дабрачыннага фонду, бацька чацвярых дзяцей, Аляксей Талай на сваім прыкладзе заклікаў маладое пакаленне ніколі не здавацца, не губляць дарэмна сваё жыццё ў інтэрнэце і — самае галоўнае — з цікавасцю пазнаваць навакольны свет, застаючыся вернымі сваёй радзіме, на карысць якой усім нам трэба і развівацца, і працаваць, таму што ніхто не зробіць нас шчаслівымі, акрамя нас саміх.
— Месца, дзе ты з бацькам пасадзіў сваю бярозку, а з дзедам пазнаваў гаспадарчыя мудрасці, і ёсць самае святое месца на зямлі, — падкрэсліў Аляксей Канстанцінавіч. І з гэтым нельга не згадзіцца.
Дарэчы, сярод удзельнікаў сустрэчы былі і людзі на інвалідных калясках. І, мяркуючы па ўсім, яна стане для іх асабліва незабыўнай.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Дарыны МІТРАКОВАЙ.