Кожны маленькі беларус не на словах, а на справе ведае, што бясконца дарагі і патрэбны сваёй краіне. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў учора ў час выступлення на дабрачынным свяце ў рамках акцыі “Нашы дзеці”.
“Вельмі рады бачыць вас сёння — прыгожых, па-святочнаму апранутых і, самае галоўнае, з усмешкай — на галоўнай ёлцы нашай краіны ў галоўнай зале нашай дзяржавы ў Палацы Рэспублікі. Мы праводзім нашу ёлку ўжо больш як чвэрць стагоддзя. І нават самыя маленькія гледачы першых навагодніх спектакляў, магчыма, ужо самі сталі бацькамі. А нехта, можа, прывёў сюды свайго малыша”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, якая стала цудоўнай традыцыяй, жыве і звязвае ўжо два пакаленні беларусаў. “Беларусаў, якія растуць і становяцца дарослымі на добрых і прыгожых гісторыях, расказаных на гэтай сцэне нашымі любімымі артыстамі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што для яго як Прэзідэнта прысутнічаць на гэтым свяце — гэта таксама своеасаблівы падарунак. “Гэта магчымасць на імгненне адысці ад палітычных спраў, часам не вельмі прыемных, і разам з вамі акунуцца ў свет дзяцінства — у свет, у якім ёсць казка, дзе ёсць месца марам і, самае галоўнае, цудам, — заявіў ён. — Я шчаслівы, што за гады правядзення дабрачыннага праекта “Нашы дзеці” кожны маленькі беларус не на словах, а на справе ведае, што ён бясконца дарагі і патрэбны сваёй роднай краіне”.