Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода -1 °C

Дыялог паміж дзвюма эпохамі

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 25.12.2021

У мінулую пятніцу ў Бальнай зале Нясвіжскага замка адкрылася выстава “de канструкцыя” вядомага беларускага скульптара Максіма Пятруля.
З адкрыццём экспазіцыі аўтара павіншавалі дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Дзмітрый Яшчанка, старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі, скульптар Аляксандр Шапо, дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь Сяргей Крыштаповіч, першы намеснік старшыні Беларускага саюза архітэктараў, кандыдат архітэктуры, начальнік упраўлення праектных работ ЗАТ “Белзамежбуд” Вадзім Дражын.



Гэту выставу можна назваць праектам, які наглядна дэманструе перапляценне культурнага мінулага і сучаснасці Беларусі, гаворыць пра ўплыў традыцый на сучаснасць, дапамагае гледачу адсачыць трансфармацыю нашай культуры, візуалізуючы сучасную скульптуру, створаную мастаком на працягу 25 гадоў, у прасторы замка.
Дэканструкцыя — тэрмін, які выкарыстоўваўся філосафамі Марцінам Гайдэгерам і Жакам Дэрыдо як спосаб і метад, што растлумачвае ісціну як форму (формулу), якая спрыяе знахо-джанню, раскрыццю і выяўленню значэнняў і сэнсаў, якія знаходзяцца за межамі звыклага чытання… У кантэксце дадзенага выставачнага праекта дэканструкцыя перайначвае звыклае прачытанне, выяўляе новы сэнс і значэнне як самога месца размяшчэння скульптур — Нясвіжскага замка, так і аўтарскіх твораў Максіма Пятруля.


Уплыў Радзівілаў на эвалюцыю, у першую чаргу культурную, наглядна прадэманстраваны ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, аб якой вельмі жыва і вобразна расказвала экскурсавод Людміла Чурыла. Яе аповед арганічна спалучаўся з каментарыямі самога аўтара выставы. Ён тлумачыў галоўныя ідэі сваіх скульптур, якія, дарэчы, знаходзяцца ў зборах розных музеяў і мастацкіх інстытуцый свету, а таксама ўстаноўлены ў парках Міжнароднай скульптуры кітайскіх гарадоў Фучжоў, Куньміна, Чанчунь, Чжэнчжоў.


На выставе таксама прадстаўлены творы “Элефантус” і “Малако”, якія знаходзяцца ў адной з самых вялікіх і прэстыжных прыватных калекцый свету — калекцыі прамыслоўцы і мецэната Райнольда Вюрта. Яна налічвае каля 20000 твораў мадэрнізму ХХ-ХХІ стагоддзяў і пастаянна экспануецца ў 15 мастацкіх музеях і галерэях, размешчаных у розных краінах па ўсёй тэрыторыі Еўропы. Твор “Контрбаланс” знаходзіцца ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Працы з серыі “Контранімалз” — у скульптурнай галерэі Нацыянальнага мастацкага музея Кітайскай Народнай Рэспублікі. Твор “Контрберд” — у зборы Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Ён жа рыхтуецца да ўстаноўкі на праспекце Дзяржынскага ў Мінску ў выглядзе манументальнага твора.


Кожны наведвальнік выставы “de канструкцыя” можа на ўласныя вочы ўбачыць эфект уплыву гісторыка-культурнай спадчыны на мову сучасных мастацкіх практык і ў той жа самы час убачыць розніцу паміж культурным кодам мінулага і сучаснасці, пачуць дыялог двух эпох.
Выстава будзе працаваць па 3 ліпеня 2022 года.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!