Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода -1 °C

Вера, памяць і пашана

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 06.12.2021

У мінулую суботу, 4 снежня, у Нясвіжы прайшлі памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 30-годдзю адыходу ў вечнасць былога пробашча парафіі Божага Цела ў Нясвіжы, ксяндза прэлата Гжэгажа Каласоўскага.

Памяць гэтага слугі Божага, які 52 гады апекаваў нясвіж-скую і яшчэ некалькі суседніх парафій, якія не мелі святароў, вернікі ўшанавалі супольнай малітвай у касцёле. Па запрашэнні цяперашняга пробашча парафіі Божага Цела, ксяндза каноніка Пятра Шарко, святую імшу цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. У ёй таксама прыняў удзел генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.



На імшы прысутнічалі прадстаўнік праваслаўнай царквы, іерэй храма Святого Георгія Перамаганосца г. Нясвіжа Павел Фокін і намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Балцянкоў.

Момант святой імшы

Са словамі падзякі за ўдзел у святой імшы ў памяць ксяндза Каласоўскага ад імя ўсёй парафіі да біскупаў
звяртаюцца Ганна Сярпінская і Людміла Шкраба

Кожны са святароў па-свойму ўзгадаў ксяндза Каласоўскага — гэтага вялікага чалавека, якому ў 2002-м годзе пасмяротна было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна Нясвіжа, імя якога зараз носіць адна з вуліц у новым мікрараёне горада. Ураджэнец вёскі Навасады, што недалёка ад Баранавічаў, Гжэгаж Каласоўскі пасля заканчэння Пінскай духоўнай семінарыі 8 красавіка 1939 года быў пасвечаны ў святары Пінскім біскупам Казімірам Букрабам і так сталася, што большая частка яго жыцця — з 1939-га па 1991 год — прайшла ў Нясвіжы. Цяжка пераацаніць яго духоўны і фізічны подзвіг па выратаванні касцёла, купал якога быў пашкоджаны снарадам у Другую сусветную вайну, яго вернасць сваёй пастве, якую ён не пакінуў, рызыкуючы жыццём і ў час нямецкай акупацыі, і ў час заўзятай барацьбы з верай у пасляваенныя гады.

Памятны стэнд, прысвечаны ксяндзу Каласоўскаму

Падчас вайны ў 1942 годзе ксёндз Каласоўскі быў арыштаваны немцамі разам з яшчэ 80 людзьмі. За яго унес выкуп даўні знаёмы, а ўсіх астатніх, у тым ліку яшчэ чатырох святароў, затрымалі. Іх расстралялі ва ўрочышчы Гайкі каля Нясвіжа ў ноч з 4 на 5 жніўня. Не надта спакойна было і пасля заканчэння вайны — тагачасныя ўлады не раз спрабавалі пры дапамозе пагроз і шантажу прымусіць святара пакінуць Нясвіж і з’ехаць у Польшчу, націскаючы на тое, што туды перасяліліся ўсе сваякі айца Гжэгажа, аднак ён аказаўся нязломным у сваім выбары служыць Богу і людзям, якія даверылі яму свае душы.

У 1990 годзе ксёндз Каласоўскі атрымаў ад Папы Яна Паўла II ганаровы тытул прэлата.

Ля магілы ксяндза Каласоўскага ад імя раённай улады
да прысутных звяртаецца намеснік старшыні
райвыканкама Аляксандр Балцянкоў

Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч падчас святой імшы таксама ўзгадаў і пра тое, што Каласоўскі карыстаўся вялікай павагай не толькі ў католікаў, але і ў праваслаўных, і ў многім — дзякуючы таму, што наладзіў шчырыя сяброўскія адносіны з іншым славутым святаром — протаіерэем Дзмітрыем Хмелем, кіраўніком праваслаўнай царквы на Нясвіжчыне. Міжканфесійны мір і ўзаемная павага былі сапраўдным дэвізам іх працы з людзьмі, якія для святароў былі перш за ўсё хрысціянамі, а ўжо потым — католікамі ці праваслаўнымі.

Тадэвуш Кандрусевіч таксама агучыў думку аб стварэнні агульнага помніка ксяндзу Гжэгажу Каласоўскаму і протаіерэю Дзітрыю Хмелю, які б стаў сімвалам міжканфесійнага   адзінства хрысціянаў. Вельмі сімвалічна, што гэту ідэю падтрымаў Беларускі фонд міру.

Пасля заканчэння святой імшы ўсе жадаючыя наведалі месца пахавання Гжэгажа Каласоўскага на гарадскіх могілках. Тут прагучалі малітвы, а таксама былі ўскладзены кветкі і запалены знічы ў памяць святара. На магіле ксяндза Каласоўскага ад імя раённай улады вы-ступіў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Балцянкоў, які выказаў упэўненасць у тым, што памяць аб святары будзе заўсёды жыць у сэрцах жыхароў Нясвіжчыны і выказаў    удзячнасць усім, хто шануе яго імя як сімвал шчырай веры, дабрыні і згоды паміж людзьмі.

Затым у памяць аб сяброўстве ксяндза Каласоўскага з Дзмітрыем Хмелем прысутныя наведалі наведалі магілу праваслаўнага святара, дзе памінальную малітву прамовіў іерэй храма Святога Георгія Перамаганосца г. Нясвіжа Павел Фокін.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота аўтара

і Святланы ПОЛЬСКАЙ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!