Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода -0 °C

Падарожжа ў мінулае: пачнём з музея

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 4

Пост опубликован: 26.11.2021

Пабываць у Нясвіжы мараць многія жыхары Беларусі, а таксама госці з замежжа. Удзельнікі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, рэдакцыі газеты “Нясвіжскія навіны” і праграмы радыёвяшчання “Раніца Нясвіжчыны”, СШ № 4 г. Няс-віжа, наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” гэтай навучальнай установы лічаць, што знаёмства з горадам і яго гісторыяй неабходна пачаць з наведвання Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея. Нядаўна яны пабывалі там на экскурсіі і на свае вочы пабачылі рэканструяваныя радзівілаўскія касцюмы пачатку XVII стагоддзя і слуцкі пояс, выявы пабудоў, якія не захаваліся да нашага часу, экспазіцыю сялянскай хаты канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя і гаспадарчых памяшканняў з прыладамі працы, пабывалі ў кабінеце чыноўніка ратушы, даведаліся пра клад, які быў знойдзены ў 1988 годзе ў былым манастыры Бенедзікцінак, калі там размяшчалася Нясвіжскае педвучылішча, пра ваенныя часы на тэрыторыі Нясвіжчыны.



Пабачылі і выставу старажытных ікон, якія былі перададзены з Брэсцкай і Гродзенскай мытняў. Пра ўсё гэта і многае іншае рабятам расказала старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Шкрабіна.

Юныя журналісты зацікавіліся лёсам і жыццёвым выбарам сваёй суразмоўцы. Яны даведаліся, што Вольга Уладзіміраўна нарадзілася ў вёсцы Майя Мегінакангаласкага раёна Якуцкай АССР. Яе дзяцінства прайшло ў невялічкім пасёлку Ніжні Бясцях, які стаяў на правым беразе вялікай сібірскай ракі Лены. У 1983 го-дзе бацькі Нэлі Сцяпанаўна і Уладзімір Антонавіч Сінішовы разам з дачкой пераехалі ў Нясвіж. Мама ўладкавалася на работу ў адну з нясвіжскіх крам, тата стаў працаваць шафёрам. Вольга пайшла ў шосты клас СШ № 3. Пазней скончыла Нясвіжскае педвучылішча і гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага інстытута імя Максіма Горкага. Уладкавацца на працу па спецыяльнасці не атрымалася і таму, калі ёй прапанавалі месца навуковага супрацоўніка ў музеі, адразу згадзілася. 

Вольга Уладзіміраўна працуе тут ужо крыху болей за чвэрць стагоддзя. У рабоце з самага пачатку ёй вельмі спатрэбілася гістарычная адукацыя, а таксама дапамога калег. Нягледзячы на тое, што кожны дзень прыходзіцца дакранацца да даўніны, наша суразмоўца лічыць, што праца ў музеі заўсёды новая: гэта сустрэчы з цікавымі людзьмі — гісторыкамі, пісьменнікамі, калегамі, навуковымі супрацоўнікамі.

Вольга Уладзіміраўна прысутнічала падчас даследаванняў пахаванняў у Нясвіжскім касцёле. Было цікава даведацца, што яна і яе калегі адчувалі, спрабуючы адгарнуць гісторыю на колькі стагоддзяў назад?

— Гэта падзея адбывалася ў рамках супрацоўніцтва Літвы і Беларусі. Было вельмі цікава, вельмі хвалююча спускацца ў крыпту Нясвіжскага касцёла, які быў пабудаваны больш за 400 год назад, бачыць парэшткі князёў Радзівілаў, якія будавалі горад, праслаўлялі яго. Я лічу, што нам вельмі пашанцавала папрацаваць там, таму што да гэтага моманту труны адчынялі толькі тройчы. Падчас нашых даследаванняў былі знойдзены многія артэфакты, якія зараз экспануюцца ў спецыяльна зробленых экспазіцыях у Нясвіжскім замку. Гэта, на-прыклад, туфлі Уршулі Радзівіл, ордэн Белага арла, які належаў пані Каханку.

Навуковы супрацоўнік расказала, што ў музеі пастаяна ла-дзяцца мастацкія выставы і, адпаведна, сустрэчы з аўтарамі карцін, прапанаваных для знаёмства. Вельмі цікава займацца зборам экспанатаў, будучых музейных прадметаў. Дарэчы, нават сам будынак, у якім месціцца музей, таксама з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю. Ён быў пабудаваны ў дзевяностых гадах ХІХ стагоддзя. А ў 90-м годзе ХХ-га была створана рабочая група, якая займалася рэканструкцыяй гэтага будынка пад музей. З 14 студзеня 1995 года музей сустракае сваіх наведвальнікаў.

Экспазіцыя музея складаецца з пяці залаў. Усе выставы, змешчаныя ў іх,  зацікавяць прафесійных гісторыкаў і аматараў, якія імкнуцца ведаць мінулае свайго краю. З 1996 года па вуліцы Садовай працуе кватэра-музей нашага земляка, мастака Міхаіла Канстанцінавіча Сеўрука. Юныя журналісты пабывалі і ў ганчарнай майстэрні, якая сёлета адзначае свой дваццацігадовы юбілей. Тут вырабляюць сувеніры, розныя ўпрыгожванні, падарункі, праводзяцца майстар-класы па лепцы з гліны. Пабываць на такім майстар-класе могуць усе жадаючыя — школьнікі, прадстаўнікі старэйшых пакаленняў. Каб правесці з карысцю час і атрымаць зроблены выраб на памяць, несвіжане сюды прыходзяць цэлымі  сем’ямі. Адзінае абмежаванне — група па-вінна ўключаць не больш за дзесяць чалавек.

З 2006 года на тэрыторыі музея працуе музейны аб,ект “Кузня”, дзе паказаны працэс кавальскага рамяства канца ХІХ пачатку ХХ стагоддзя.

Вольга Уладзіміраўна параі-ла рабятам чытаць болей гістарычнай літаратуры. Адна з кніг, якую яна прачытала яшчэ ў юнацкія гады — “Чорны замак Альшанскі” Уладзіміра Караткевіча — не страціла сваёй актуальнасці і зараз.

Рабяты даведаліся, што адна з устаноў, якая рыхтуе музейных работнікаў — гэта Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, спецыяльнасць “Музейная справа і ахова культурнай спадчыны”. Але Вольга Уладзіміраўна адзначыла, што толькі адукацыі, ведання гісторыі  недастаткова, каб  стаць супрацоўнікам музея:

 — Гэтая праца вельмі творчая. Працаваць у музеі можа чалавек абсалютна любой прафесіі, трэба толькі вельмі гэтага захацець. Неабходна быць гатовым ахвяраваць сваім часам, быць апантаным тым, чым займаешся. Без гэтага будзе сумна і нецікава працаваць. Таму ўсім сваім будучым калегам жадаю цярплівасці і любові да сваёй працы.   

Час бяжыць наперад, але неаднойчы ён нагадвае пра сябе весткамі з мінулага. Калі іх не абмінуць, пачуць іх і угледзець, падзяліцца сваімі ад-крыццямі з іншымі, то ў сэрцы пасяляецца цішыня, адчуванне бясконцасці сусвету, падзей, людскіх лёсаў, павучальных гісторый з іх глыбінным філасофскім зместам. Таму будзем уважлівымі.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

кіраўнік праекта

“Парады з вуснаў несвіжан”.

Фота

Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!