Меню
Курс $  3.31 | €  3.5 | ₽100  3.3 |
Погода 0 °C

Валянціны Станіславаўна Хілько. Дарога ў сённяшні дзень

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 9

Пост опубликован: 01.10.2021

Дарогі, далёкія і блізкія, вузкія і шырокія. Усё жыццё мы мераем іх уласнымі крокамі, імчым на транспарце, проста стаім і аглядаемся з намерам выбраць новы шлях. У жыцці Валянціны Станіславаўны Хілько, настаўніцы СШ №1 горада Нясвіжа, выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь, гэтых дарог было нямала. Самая вялікая — дарога ў сённяшні дзень, радасная, хвалюючая, цяжкая, а калі і не вельмі, раздзеленая спадарожнікамі ў асобе родных людзей, блізкіх і сяброў, і канечне ж, вучняў. І самая кароткая, якая для яе, на сённяшні момант, сталася самай складанай. Усяго некалькі метраў патрэбна было прайсці падчас узнагароджвання па адной з залаў Палаца рэспублікі, каб атрымаць з рук тадышняга прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова медаль Францыска Скарыны. Думкі блыталіся, здаваўся няўпэўненым крок:



— Як я, звычайная настаўніца, сярод такіх людзей атрымліваю вялікую ўзнагароду з профілем нашага знакамітага асветніка?

З тым, што настаўніца звычайная, мне пагаджацца ніяк не хочацца, і ўпэўнена, што не толькі мне. Дрэва пазнаецца па пладах. Справы настаўнікаў — па іх вучнях. Многія з вучняў Валянціны Станіславаўны пайшлі па яе слядах: Аліна Верамейчык стала намеснікам дэкана гістарычнага факультэта БДУ, Віталь Быль скончыў дактарантуру ў Германіі, зараз доктар гістарычных навук, Таццяна Кабанава і Іна Ігнатчык выкладаюць гісторыю на Нясвіжчыне, многія працуюць у іншых раёнах, вучацца на гістарычных факультэтах, практычна кожны год ёсць хтосьці, хто вырашае працягнуць справу сваёй настаў-ніцы. І ўдзельнікі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, раённай газеты “Нясвіжскія навіны”, раённага радыё і СШ № 4 г. Нясвіжа, наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” гэтай навучальнай установы таксама накіраваліся да Валянціны Станіславаўны, каб павучыцца жыццёвай мудрасці.

Рабяты даведаліся, што Валянціна Станіславаўна нарадзілася на хутары недалёка ад вёскі  Карцэвічы. Ён размяшчаўся паблізу рэчкі Уша і зусім блізка ад Альбы. Калі дзяўчынцы было крыху болей за два гады, сям’ю напаткала трагедыя  — у лютым 1958 года здарыўся пажар. Агонь знішчыў  практычна ўсё, але сям’я засталася ў жывых — мама, бабуля, маленькая сястрычка і яна сама. Тата быў на працы. Ён тады працаваў брыгадзірам у калгасе, знаходзіўся далёка ад дома. Хата згарэла як свечка, пакуль людзі здалёк убачылі пажар і прыбеглі ратаваць пагарэльцаў.

Прыйшлося будавацца. Было вельмі цяжка, жылі ў чужых людзей. Потым Станіслаў Георгіевіч пабудаваў хлеў і ўся сям’я туды перасялілася. А ў жніўні 58-га справілі наваселле. Хата была без падлогі, асвятлялася газавай лямпай. Але гэта ўжо было сваё жыллё.

— Сёння, калі мы гаворым, што трэба да нечага імкнуцца, трэба працаваць, ніхто не гаворыць аб тых цяжкасцях, якія прыйшлося перажыць, ды і не трэба гаварыць. Зараз жыццё зусім іншае, а нам жылося вельмі цяжка. Але пры гэтай цяжкасці, калі ў нас заводзіліся нейкія капейкі, яны аддаваліся на кнігі. Калі я пачала вучыцца, а крыху пазней сястра, брат, у нас розніца ва ўзросце невялікая, я гаварыла бацькам, што ў школу заўтра прывязуць кнігі, пытанне нават не стаяла, каб нам кніг не купіць, — успа-мінае наша суразмоўца.

Вельмі паважна да кнігі ставіўся тата. Ён скончыў польскую школу, чытаў на польскай і рускай мовых. Па сёння Валянціна Станіславаўна памятае, як яны з сястрой і братам, зручна ўладкаваўшыся на ложку, слухаюць, а тата, седзячы на печы, чытае казкі Пушкіна. А пасля ўсе дружна абмяркоўваюць прачытанае. Гэтую кнігу і сёння захоўвае брат.

Мама была непісьменная. Пры Польшчы дзяўчаты маглі вучыцца, маглі не вучыцца. Старэйшая сястра матулі яшчэ паспела крыху павучыцца, а пасля памёр бацька. Маці аддала дачок у батракі — вялікую сям’ю патрэбна было карміць. Соф’ю Канстанцінаўну навучылі чытаць дочкі ўжо будучы настаўніцамі.

Калі Валянціна была другакласніцай, па ўсёй вёсцы правялі электрычнае святло. Жыць стала лягчэй. Ва ўсе часы сям’я Хілько спадзявалася толькі на сябе. І маці, і бацька былі вельмі адказнымі людзьмі, шчырымі і добрымі. У сям’і заўсёды быў лад і самае галоўнае, чаму вучылі бацькі сваіх дзяцей, каб людзям, якія былі побач, было добра, каб яны нікому не стваралі ніякіх праблем.

Неўзабаве тата перайшоў у кузню і працаваў там аж да 75 год. У яго быў там ідэальны парадак, і рабіць ён умеў абсалютна ўсё. Мама была на палявых работах і таму дзецям пасля школы прыходзілася ёй дапамагаць: палолі буракі, пасля іх церабілі… Рукавіцы за некалькі хвілін намакалі, і рукі ледзянелі. Але ні ў кога не ўзнікала нават думкі адмовіць бацькам у дапамозе. Усе так жылі, і ніхто нават не задумваўся, што можна па-іншаму.

— З маленства мы працавалі разам з бацькамі. Летнія канікулы былі для нас часам працы. І зараблялі мы тады сабе на канікулах на школьныя прылады, на школьную форму. Нават свой першы наручны гадзіннік я купіла за тыя грошы, што зарабіла летам, — расказвае Валянціна Станіславаўна.

Праз тры гады ў сям’і Хілько з’явіўся першы на вуліцы тэлевізар. Не таму, што яны былі самыя багатыя. У іх не было шафы, канапы, люстэрка, нават падлогі не было. Але тэлевізар патрэбен быў дзецям. Дзеці ўдзень глядзелі розныя фільмы і перадачы. Тата зрабіў лаўкі, і ўвечары да іх у хату сыходзіліся вяскоўцы.

Праз год тэлевізары з,явіліся па ўсёй вёсцы. А самае цікавае было тое, што малодшы брат Валянціны Станіславаўны, Валодзя, паклаў гэты невялічкі, чорна-белы тэлевізар на бялюткі мамін настольнік і разабраў. Хацеў паглядзець, хто ж там гаворыць. Тата не караў цікаўнага свавольніка, а проста сказаў: “збірай”. І хлопец сабраў, праўда, лішніх дэталяў колькі засталося. Але тэлевізар запрацаваў.

Валянціна заўсёды была выдатніцай, дарэчы, ва ўсіх навучальных установах, у якіх надарылася вучыцца. У школьныя гады да такіх поспехаў падштурхоўвала, па-першае, уласнае сумленне. Па-другое, сур’ёзнае стаўленне бацькоў да навучання дзяцей. Пра тое, што яны могуць не пайсці ў школу, размова не ішла. Да таго ж, бацька быў старшынёй школьнага бацькоўскага камітэта. Ён  быў у курсе ўсяго школьнага жыцця і спраў дзяцей.

Настаўніцай Валянціна Станіславаўна марыла стаць яшчэ з пачатковых класаў. У той час настаўнік быў асобай уплывовай. Настаўнік — гэта нешта высокае, гэта дасягненне, да якога трэба імкнуцца ў жыцці. Ёй вельмі падабалася першая настаўніца  Надзея Васільеўна Ждановіч, а пасля і класны кіраўнік Ядзвіга Уладзіміраўна Жук, настаўніца гісторыі. Па сёння памятаюцца ўрокі рускай мовы і літаратуры, якія вяла Лідзія Фамінічна Кавалёва.

Валянціне не было яшчэ і пятнаццаці гадоў, як яна стала навучэнкай Ваўкавыскага педагагічнага вучылішча. Бацькі былі супраць, прарочылі дачцэ іншы шлях. Але дзяўчына сама сабрала дакументы і, каб яны не ведалі, ад-правіла ў вучылішча. Мала таго, праз два гады следам за старэйшай сястрой у Ваўкавыск прыехала малодшая — Тамара. З цягам часу яны і працавалі разам у адной навучальнай установе — Нясвіжскай гімназіі.

Валянціне Станіславаўне хацелася выкладаць у старэйшых класах школы і яна падала дакументы ў Калінінградскі ўніверсітэт на філасофскі факультэт. Аднак дакументы вярнулі, спаслаўшыся на тэрытарыяльны прынцып прыёму. Лёс падарыў год для роздуму,  бо ў беларускія вНУ прыём быў ужо скончаны. Па размеркаванні настаўніца трапіла ў Лідскі раён, працавала ў першым і трэцім класах, у сёмым выкладала беларускую мову і літаратуру.

— Я вельмі моцна любіла чытаць. Думала, буду паступаць на філалагічны факультэт, але, стаміўшыся ад праверкі вялікай колькасці сшыткаў, пайшла на гістарычны. Пасля заканчэння пераехала ў Нясвіж, прыйшла на працу ў другую школу, якая пасля стала гімназіяй. Працавала спачатку ў першым класе, а пасля прыняла прапанову дырэктара стаць арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы (цяпер гэта намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце), на якой я адпрацавала дзевяць гадоў. Пасля чатырнаццаць гадоў была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Затым зноў працавала настаўніцай гісторыі, а неўзабаве здарылася так, што мяне прыняла ў свае сцены першая школа, якая таксама стала роднай,  — працягвае свой аповед Валянціна Хілько.

Разам з настаўнікамі гісторыі Валянціна Станіславаўна занята ў розных праектах. Падчас  сустрэчы наша суразмоўца і яе калегі працавалі над відэаўрокамі для дыстанцыйнага навучання. Неабходнасць іх стварэння з’яві-лася з прыходам пандэміі.

Валянціна Станіславаўна —  чалавек разнапланавы. Яна мае трэці разрад па турызме, нагрудны знак “Выдатнік санітарнай абароны СССР”, шмат гадоў кіравала санітарнай дружынай. Захаплялася тэатрам, яшчэ студэнткай удзельнічала ў тэатральных пастаноўках, пасля і на першым месцы працы. Калі прыехала ў Нясвіж, на раённай сцэне вяла канцэрты, “агеньчыкі”, іграла ў тэатры, а затым страціла голас, лячылася і са сцэнай прыйшлося развітацца. Але і зараз, прызнаецца Валянціна Станіславаўна, калі яна сядзіць і глядзіць спектаклі, нейкія ролі прымярае на сябе: як бы яна гэта сыграла.

Акрамя гісторыі ўвогуле, Валянціна Станіславаўна вельмі цікавілася гісторыяй Нясвіжа. Раней экскурсаводаў не было. Для гасцей горада экскурсіі вяла Клаўдзія Якаўлеўна Шышыгіна, яшчэ некалькі настаўнікаў. І таму Валянціна Станіславаўна, з часу прыезду ў Нясвіж, расказвала цікаўным турыстам пра наш горад і не толькі сама, але і яе вучні, якіх яна рыхтавала падчас заняткаў гуртка экскурсаводаў.

Валянціна Станіславаўназаўсёды займала  актыўную пазіцыю, і сёння не адмаўляе нікому, калі ёсць магчымасць дапамагчы, у чымсьці паўдзельнічаць. Размаўляючы з юнымі журналістамі, настаўніца прызналася, што, калі пачынала працаваць, ёй хацелася зрабіць усё так, як напісана ў падручніку, у метадычным дапаможніку. Але трапляліся памылкі. З цягам часу вопыт прыйшоў. праўда, цяпер складанасці таксама ёсць:

— Час імкліва бяжыць наперад, і не заўсёды за ім паспяваеш. Дзеці вельмі цікаўныя, яны ведаюць шмат. Сёння ў іх тыя сродкі інфармацыі, пра якія мы нават не маглі думаць у свой час. І як не хочацца адставаць ад іх! Настаўнік павінен быць нават не роўным, а ісці наперадзе сваіх вучняў, — упэўнена Валянціна Станіславаўна.

Педагог лічыць, што ўвогуле жыцця без памылак не бывае. Але трэба іх выпраўляць і старацца не паўтараць. Неабходна аналізаваць падзеі нашага жыцця і рабіць патрэбныя вывады.

— Гэтаму нас вучыць не столькі гісторыя, а хутчэй літаратура. Гісторыя хоць і лічыцца настаўніцай жыцця, аднак не заўсёды мы, ведаючы гістарычныя памылкі, выпраўляем іх у сучаснасці. Аднак аналізаваць аб’ектыўна тыя падзеі, якія адбываюцца ў нашым жыцці, адбываюцца недзе далёка ад нас, гісторыя, несумненна дапамагае, — разважае Валянціна Хілько.

У гераіні нашага праекта было шмат магчымасцяў: прапаноўвалі ісці загадчыкам аддзела культуры, запрашалі ў райкам партыі, у аддзел адукацыі, на беларускае тэлебачанне. У 80-я гады здымалі фільм аб Нясвіжскім раёне  і яго лепшых працаўніках. Валянціна Станіславаўна вяла гэтую перадачу ў эфі-ры. Пасля яе і прыязджалі прадстаўнікі тэлебачання са сваёй прапановай.

— Я не ведаю чаму, мне здавалася, што школа — гэта нешта роднае. Я атрымала другую педагагічную адукацыю ў Віцебскім педагагічным інстытуце імя Кірава па спецыяльнасці “Айчынная і сусветная культура”, і мяне адразу пасля здачы экзаменаў запрасілі на кафедру эстэтыкі ў Віцебск. І яшчэ раней я магла б стаць навукоўцам, бо пасля ўніверсітэта адразу запрасілі ў аспірантуру. А ў мяне яшчэ вучыліся сястра і брат, тут другая была сітуацыя. І такіх прапаноў у маім жыцці было вельмі шмат, а ў мяне нават ніякага памкнення не было. Мне здавалася, што мой лёс — гэта настаўніцкі лёс.

Рабяты спыталі і пра тое галоўнае, што нельга прамінуць у жыцці.

— Галоўныя моманты, якія нельга прамінуць, гэта сям’я, праца, вучоба. Гэта сябры, без якіх наша жыццё было б намнога бяднейшым, чым яно ёсць на самай справе. Гэта добрыя справы, якія  дапамагаюць людзям, краіне, якія дазваляюць адчуваць сябе чалавекам, які зрабіў нешта годнае. Нельга забываць сваіх родных, дзе б яны ні былі. І тых, хто сёння побач з намі, і тых, каго ўжо няма. Заўсёды трэба жыць адной сям’ёй, дапамагаць адзін аднаму. Нельга забываць пра сваю малую ра-дзіму, той куточак зямлі, які даў жыццё, навучыў любіць, працаваць, сябраваць, быць адказным. Наогул, любіць усю сваю Радзіму і ганарыцца ёй.

18 жніўня Валянціна Станіславаўна Хілько адзначыла свой чарговы юбілей. Дарога ў сённяшні дзень у яе атрымалася вельмі яскравай, неардынарнай, напоўненай клопатамі за справу свайго жыцця, за лёсы родных людзей і  вучняў, якія для настаўніцы таксама сталі самымі дарагімі і роднымі.

Валянціна ШЧАРБАКОВА, г. Нясвіж.

Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!