Гэтаму здымку — 60 гадоў. На ім мы, першакласнікі Затур’-янскай школы, са сваёй першай настаўніцай Янінай Казіміраўнай Шчэрба (Рымашэўскай). 1960/1961 навучальны год. Вучыцца пісаць, чытаць, лічыць прыйшлі тады ў школу Генік і Жэня Халопіцы, сын Яніны Казі-міраўны Вова Шчэрба і аўтар гэтых радкоў (на здымку — сядзяць), Юзя Смольская і Антон Навоша, Стась Корзун і Іра Шкода (стаяць). Колькі такіх хлопчыкаў і дзяўчынак прайшло праз жыццё Яніны Казіміраўны! Ім яна аддавала свае веды, сваю ўвагу.
Закончыўшы Нясвіжскае педвучылішча, Яніна Рымашэўская трапіла на работу ў Сноўскую школу, вучыла пачатковыя класы. У 1952 годзе выйшла замуж за Уладзіміра Шчэрбу. Калі ў 1959-м Уладзімір Юльянавіч узначаліў калгас “Слава”, іх сям’я пераехала ў вёску Затур’я, цэнтральную ў гэтай гаспадарцы. 1 верасня 1960 года я пазнаёмілася з маёй першай настаўніцай Янінай Казіміраўнай, якая пазней, пасля адкрыцця васьмігодкі, стала дырэктарам нашай школы. Была яна строгай і патрабавальнай: калі пісаць — то прыгожа, калі чытаць — то выразна. І мы стараліся. Мой колішні аднакласнік Станіслаў Корзун цяпер успамінае:
— У мяне пяцёрка была па чыстапісанні. Почырк добры выпрацаваўся. Думаю, дзякуючы Яніне Казіміраўне.
Сапраўды, чаго хадзіць у школу і ленавацца вучыцца?! Можа, іменна яна, наша першая настаўніца, прывіла нам настойлівасць, акуратнасць і любоў да працы. Мяне ў сталым узросце, калі працавала, часам папракалі ў максімалізме, але лічу — калі ўзяўся за справу, то зрабі яе на “выдатна”. Дзякуй Вам, паважаная Яніна Казіміраўна, за такія патрэбныя жыццёвыя ўрокі!
Яна была патрабавальнай і да ўласных дзяцей. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю завочна ў Мінскім педагагічным інстытуце імя Горкага, выкладала ў нас беларускую мову і літаратуру. Сыну Валодзю, які вучыўся вельмі добра, паставіла ці то за чвэрць, ці то за год чацвёрку па мове, палічыўшы, што ён не ведае яе на “выдатна”. Пра гэта мне нагадала зараз дачка Яніны Казіміраўны — Галіна Казушчык. Бо я, шчыра кажучы, ужо і не памятаю такога.
— У яе на першым плане заўсёды была вучоба — вучняў, сваіх дзяцей, унукаў, а цяпер — праўнукаў, — расказвае Галіна Уладзіміраўна. — Дзякуючы ёй мае абодва сыны закончылі сярэднюю школу з залатымі медалямі. Мама строга кантралявала маіх хлопцаў, каб вучылі, перажывала, хацела, каб мелі грунтоўныя веды. А цяпер пастаянна цікавіцца справамі праўнукаў: як вучацца? як чытаюць? як пішуць? Дарэчы, у яе сем праўнукаў.
У 1967 годзе раптоўна, заўчасна пайшоў з жыцця муж Яніны Казіміраўны. Яна з дзецьмі пераехала з Затур’і ў Гарадзею. Уладкавалася выхавацелем у школу-інтэрнат, затым стала там завучам. Каб быць прафесіяналам у такой спецыфічнай установе, закончыла факультэт дэфекталогіі педінстытута. Пазней выкладала рускую мову ў Гара-дзейскай СШ №2. Калі пайшла на пенсію, яшчэ ездзіла вучыць дзяцей у Астроўскую школу.
На жаль, ёй давялося прайсці праз яшчэ адно невыносна цяжкае выпрабаванне: у 1991 годзе памёр сын Валодзя. Гэтая мужная жанчына вытрымала чарговы ўдар лёсу. Яе стрыжань, яе дух не зламаліся. У сваім вельмі паважаным узросце Яніна Казіміраўна любіць вырошчваць кветкі — яны ўпрыгожваюць клумбу пад балконам яе кватэры. Любіць глядзець жыццёвыя тэлефільмы і цікавыя перадачы. Яніна Казіміраўна наведвае касцёл у Гарадзеі, моліцца за супакой душы тых, каго ўжо няма побач, за здароўе сваіх родных і блізкіх. А мы жадаем Яніне Казі-міраўне здароўя, міру і дабра. Памятаем і любім Вас, наша першая настаўніца.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст
Беларускага саюза
журналістаў.