Дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства — было ўстаноўлена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ад 7 чэрвеня 2021 года № 206. Яно адзначаецца 17 верасня.
У гэты дзень у 1939 годзе войскі Чырвонай Арміі ступілі на землі Заходняй Беларусі, вызваліўшы іх ад 18-гадовага прыгнёту буржуазнай Польшчы. Беларусь, раздзеленая на дзве часткі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў выніку савецка-польскай вайны і захопу Польшчай нашых зямель, нарэшце аб’ядналася. Аднавілася яе тэрытарыяльная цэласнасць, наш народ зноў стаў адной сям’ёй. Збылася мара зняважанага беларуса, які стагнаў пад ярмом белапольскіх акупантаў. Вызваленне адвяло пагрозу паланізацыі і апалячвання беларусаў. Гэта быў акт гістарычнай справядлівасці, важная падзея ў жыцці народа. Чырвоную Армію-вызваліцельніцу працоўныя сустракалі з радасцю, надзеяй, з кветкамі. У гонар Дня аб’яднання ў гарадах і іншых населеных пунктах назвалі вуліцы, а таксама — калгасы.
Устанаўленне Дня народнага адзінства 17 верасня сведчыць аб непахіснасці беларусай нацыі і дзяржаўнасці.
Пад жорсткім прыгнётам
Рыжскі мірны дагавор быў падпісаны 18 сакавіка 1921 г. паміж РСФСР, якая дзейнічала ад імя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай і Украінскай Савецкай Сацыялістычнай рэспублік, і Польшчай па волі дзяржаў Антанты. Лёс беларусаў вырашалі без іх удзелу. А, між іншым, Савет Лігі Нацый пагадзіўся з новай граніцай паміж савецкай дзяржавай і Польшчай толькі 15 сакавіка 1923 г. Згодна з дагаворам, больш за 100 тысяч квадратных кіламетраў тэрыторыі нашай рэспублікі з насельніцтвам звыш 4 млн чалавек адышло польскай дзяржаве. Працаваць новай адміністрацыі тут дапамагала густая сетка паліцэйскіх устаноў — пастарункаў. Для “ўсходніх крэсаў” быў распрацаваны спецыяльны рэжым. Для ўмацавання сваёй палітыкі ўрад перасяляў з карэннай Польшчы асаднікаў-каланістаў. Заходняя Беларусь апынулася ў вельмі цяжкім палітычным, эканамічным і сацыяльным становішчы.
Адпаведна з Канстытуцыяй Польшчы і Рыжскім мірным дагаворам польскі ўрад павінен быў гарантаваць нацыянальным меншасцям мець свае школы, партыі, выбіраць у сейм сваіх прадстаўнікоў, развіваць сваю культуру і веравызнанне. На справе нічога гэтага не было. Вялася палітыка паланізацыі і асіміляцыі беларускага народа. У верасні 1934 г. польскі міністр замежных спраў Юзэф Бек на пасяджэнні Лігі Нацый у Жэневе агучыў тэзісы аб адмове Польшчы ад дадзеных раней гарантый па ахове правоў нацыянальных меншасцей. У органы ўлады выбіраліся выключна палякі. Беларусам забаранялася размаўляць на роднай мове ва ўстановах. Калі ў 1920 г. у Заходняй Беларусі налічвалася 400 беларускіх школ, 2 настаўніцкія семінарыі і 5 гімназій, то ў 1939 г. не засталося ні адной. У адзінай вышэйшай навучальнай установе на тэрыторыі Заходняй Беларусі — Віленскім універсітэце — у канцы 1930-х гадоў вучылася каля трох тысяч студэнтаў, сярод іх беларусаў не было і ста чалавек. У 1931 г. 43 % насельніцтва старэй 10 гадоў было непісьменным. Беларускіх газет і часопісаў у Заходняй Беларусі выдавалася 23 найменні ў 1927 г., у 1939-м — ніводнага. У праваслаўных забіралі храмы і пераўтваралі іх у касцёлы. Медыцына была недаступная большасці насельніцтва. Узмоцнена эксплуатавалася Заходняя Беларусь і ў эканамічным плане. Высякалася Белавежская пушча, вывозіліся іншыя прыродныя рэсурсы. Беларусы працавалі толькі на тых работах, якія не патрабавалі кваліфікацыі і нізка аплачваліся. У вялікай беднасці жылі малазямельныя сяляне. У пошуках заробкаў, даведзеныя голадам і прыгнётам да адчаю, людзі выязджалі ў іншыя краіны.
Чытаю ў доктара гістарычных навук, прафесара Ігара Марзалюка: “Ужо ў канцы снежня 1918 года ён (кіраўнік польскай дзяржавы Юзэф Пілсудскі. — Аўт.) гаварыў у адной са сваіх інструкцый: усходняя граніца павінна забяспечыць польскаму боку чыгуначную лінію Драгабыч — Львоў — Гомель — Пінск — Лунінец — Баранавічы — Мінск — Вільня. І самая важная фраза: “Такім чынам Польшча бярэ сабе краіну, прыстасаваную для каланізацыі!”. Вось так: ні болей, ні меней — мы павінны былі стаць калоніяй. І пасля заключэння Рыжскага дагавора Польшча, як акупант, так і адносілася да Заходняй Беларусі (“крэсаў усходніх”) — з імперскай рыторыкай. Яе кіраўнікі не прызнавалі беларусаў за нацыю.
Было панскім — стала калгасным
Соф’я Нікадзімаўна Верамейчык, 96-гадовая жыхарка вёскі Вялікая Ліпа, расказвае:
— Да ўз’яднання Беларусі ўсё ў нас належала польскім памешчыкам. Ліпаўскімі землямі валодаў Абуховіч, завушанскімі — Гартынг. Мама працавала на Абуховіча, тата служыў у яго солтысам, збіраў падаткі. Сяляне зямлі мелі мала, пракарміцца з яе было немагчыма, вось і батрачылі, гнулі спіну на пана. Мой дом у Вялікай Ліпе стаіць на скрыжаванні дарог, і з двара відаць рэшткі памешчыцкай ся-дзібы: канюшня, арка, піваварня, яшчэ адна будыніна. Была ў Абуховіча і сыраварня. Вялікі сад, які здавалі ў арэнду яўрэям. Дзеці сялян наведвалі царкоўна-прыхадскую школу, вучыліся толькі на польскай мове. Я таксама скончыла сем класаў, і таксама працавала на пана.
У верасні 39-га года вёску абляцела навіна: “Нашы прыйшлі! Саветы прыйшлі!”. Мы ўсе радаваліся, што гайдукі не будуць больш нас ганяць. Школу размясцілі ў былым панскім доме. Польскую мову адмянілі. Пана Саветы забралі, а яго маёмасць, жыўнасць засталіся. Некаторыя вяскоўцы ўсё гэта забіралі сабе. Нам бацька строга наказаў нічога не чапаць… Пазней маёмасць пана перайшла калгасу, які арганізавалі ў 1940-м і назвалі “17 верасня” ў гонар Дня аб’яднання Беларусі. Я працавала ў ім, была і ўліковым работнікам, і вагаўшчыцай.
— Ой, наша мама ў свае 96 такая энергічная. І спявае, і вершы чытае, любіць гутарыць з людзьмі, — гаворыць пра Соф’ю Нікадзімаўну яе дачка Вера Бурновіч. — Яна — добры чалавек. Нікому ніколі не пазайздросціла, нікога ніколі не пакрыўдзіла.
Загінулі за свабоду
Беларускі народ не скарыўся прымусу і гвалту, якія чынілі на нашых заходніх землях польскія акупанты, не прызнаваў акупацыі. Ствараліся партызанскія фарміраванні і падпольныя арганізацыі, якія вялі барацьбу з прыгнятальнікамі. Ужо ў 1923 г. палякамі былі расстраляны 109 беларускіх патрыётаў. Прыкметнай старонкай у гісторыі Нясвіжчыны з’яўляецца актыўнасць Гарадзей-скай падпольнай арганізацыі. Гэта, у асноўным, былі чыгуначнікі. Імі кіраваў камуніст Аляксандр Мацвеевіч Скачко, ураджэнец Гарадзеі.
Мне падказалі, што Аляксандр Скачко — дзядуля несвіжанкі Алы Аляксандраўны Бусько. Да яе і звярнулася з просьбай падзяліцца ўспамінамі, тым, што ведала ад старэйшых.
— Мой будучы дзед у гады Першай сусветнай вайны разам з бацькамі апынуўся ў эвакуацыі ў Чалябінскай вобласці, — мая суразмоўца падключае да гутаркі і мужа Антона Іванавіча. — У 1919 годзе юнак служыў у Чырвонай Арміі ў складзе часцей гідраавіяцыі, ваяваў з белагвардзейцамі на Каспіі. Дамоў вярнуўся ў 1928 годзе. Уступіў у члены Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, працаваў шафёрам. Ездзіў у рэйсы і па Заходняй Беларусі, якая была занята панскай Польшчай, і самой Польшчы. Многае бачыў і чуў, быў у курсе ўсіх падзей, здабываў неабходную інфармацыю для падпольнай работы. Падпольшчыкі вялі гутаркі з мясцовым насельніцтвам, разносілі лістоўкі, расказвалі аб прымусовай паланізацыі і апалячванні, пры якіх беларусы павінны забыцца, хто яны ёсць, адкуль іх карані, і заклікалі да барацьбы за нацыянальнае вызваленне. Гэтым самым уплывалі на фарміраванне маральна-палітычнай атмасферы сярод рабочых, сялян і служачых. Польская дэфензіва выйшла на след падпольшчыкаў. Іх арыштавалі. Навагрудскі ваенны трыбунал вынес смяротны прыгавор сямі чалавекам, сярод якіх быў і дзядуля. Ён, а таксама Іван Борыс, Анатоль Гаціцкі, Мікалай Казей, Іван Саракавік, Мікалай Тараповіч і Нікіфар Цвірко былі павешаны каля баранавіцкай турмы 28 лістапада 1931 года. Дзядулю было чуць болей за 30 гадоў. А яго дачцэ, маёй маме — чатыры гадкі.
Расказваючы пра дзейнасць гара-дзейскіх падпольшчыкаў, пра іх трагічны зыход з жыцця, заўсёды нагадваюць пра пісьмо, якое напісаў малады юнак Іван Саракавік з турмы да бацькоў:
“Я буду смела ісці на смерць, таму што я нікому ніякай крыўды не зрабіў, не забіў нікога, і не аграбіў, і не замучыў. Хацеў толькі сабе жыцця. Вось за што я трапіў на вісельню…”.
Які гераізм, якая самаахвярнасць дзеля волі і свабоды свайго народа!
Справу пакараных польскімі прыгнятальнікамі гарадзейскіх барацьбітоў за нацыянальнае вызваленне прадаўжалі іншыя патрыёты. За лепшую долю беларусаў, за іх годнасць і правы, за вольнасць роднага краю змагаліся, а пасля прайшлі праз турэмныя катаванні акупантамі Канстанцін Кудзін, Андрэй Нячай, Пётр Паліёніс (былі асуджаны на 12 гадоў катаргі), Мікалай Гаціцкі (асуджаны на 10 гадоў), а таксама Уладзімір Гуль, Павел Казак, Іван Ціхан, Дзям’ян Лукашэвіч, Аляксей Усніч, Рафаіл Сяржант, Сяргей Новік-Пяюн, Лука Капытка. У іх лёсе былі не толькі баранавіцкая, навагрудская, віленская, равіцкая, вронкаўская, грудзенская турмы, але і канцэнтрацыйны лагер Картуз-Бяроза, які польскія акупанты пабудавалі ў 1934 го-дзе на тэрыторыі Палескага ваяводства (цяпер — Брэсцкая вобласць). Рэжым там быў вельмі жорсткім. Праз гэты лагер, па некаторых звестках, да верасня 1939 г. прайшлі каля 10 тысяч вязняў — беларусаў, рускіх, яўрэяў, украінцаў і польскіх палітычных апанентаў тагачаснай улады Польшчы.
Несвіжане шануюць памяць пра сваіх землякоў, якія не шкадавалі жыцця, сіл і здароўя дзеля таго, каб сонца свабоды хутчэй узышло над заходнебеларускімі землямі.
Беражыце Беларусь
Вуліца 17 Верасня ў Нясвіжы… Раней яна называлася Бернардзінскай. Па просьбе працоўных была перайменавана — згодна з пастановай №1 Нясвіжскага райвыканкама ад 16 студзеня 1940 года, у гонар знамянальнай даты ўз’яднання нашых зямель з БССР.
Невялічкая вуліца ў цэнтры горада, з аднабаковым аўтамабільным рухам, са стаянкай машын, з парай жылых дамоў і парай магазінаў. На яе выходзіць адным бокам тэрыторыя былога малочнага завода. Ён быў створаны ў 1939 г. на базе кааператыўнага прадпрыемства “Студзельня Млячар-ска”. Быў рэканструяваны. Цяпер тэрыторыю ўпарадкоўваюць для выканання функцый культурна-гістарычнага, пазнавальнага накірунку.
У трохпавярховым доме насупраць я адшукала яго старэйшую жыхарку. Яе лёс, яе радасці і нягоды звязаны з вуліцай 17 Верасня 59 гадоў, з моманту засялення ў новы дом у 1962 годзе.
— Мы з мужам прыехалі ў Нясвіж на работу ў 1960-м, — апавядае Алена Іванаўна Бянько. — Муж быў урачом-рэнтгенолагам, я — фармацэўтам, працавала ў цэнтральнай аптэцы. Ён родам з Капыля, я — з Брэсцкай вобласці, таму спачатку два гады ў Нясвіжы жылі на прыватнай кватэры. Калі атрымалі ўласную, было так радасна. Нарадзілі сына і дачушку. На жаль, шчасце доўжылася ўсяго дванаццаць гадоў. Муж рана пайшоў з жыцця. Дзеці, 11-і і 5-і гадоў, засталіся без бацькі. Але — выгадавала, выхавала, дала адукацыю. Сын стаў ваенным, дачка — урачом. Жывуць яны ў Расіі. Растуць праўнукі. Яны з нецярпеннем чакаюць бабулю ў госці. Я, праўда, яшчэ сустрэла чалавека, які стаў спадарожнікам у далейшым жыцці, толькі і яго ўжо няма побач.
З удзячнасцю ўспамінаю былых суседзяў па нашым доме. Гэта настаўнікі Міхаіл Аляксеевіч Нябоська, Барыс Афанасьевіч і Валянціна Іванаўна Сасноўскія, аграном Георгій Ксенафонтавіч Лістапад, які даглядаў наш старадаўні гарадскі парк. Жылі дружна. Усе святы разам адзначалі. Цяпер у доме амаль усе новыя жыхары. Але, гляджу, знаходзяць агульную мову, каб добрую справу зрабіць. Напрыклад, нявестка Лістапада, Валянціна, пасадзіла ля пад’езда кветкі. А сусед з першага паверха, Мікалай, іх палівае. І так хораша, багата цвітуць тут астры, аксаміткі і цыніі.
Добра, што ёсць у нашым горадзе вуліца з такой знакавай назвай — 17 Верасня. Добра, што гэты дзень сёлета абвясцілі дзяржаўным святам — Днём народнага адзінства. Нельга народу жыць раздзеленым. Я малю Бога, каб быў спакой на нашай зямлі. У нас ёсць мірнае жыццё, жыллё, магчымасць вучыцца, работа, зарплата, пенсія, адпачынак. Чаго яшчэ не хапае? Я шмат пажыла — хутка 85 гадоў споўніцца, і ведаю, як бывала цяжка, калі ў мужа зарплата 72 рублі, у мяне — 60. Паглядзіце, што з Украінай зрабілі. Не магу пра яе раўнадушна слухаць і глядзець — я ж у Львоўскім інстытуце прафесію атрымлівала. Такая багатая рэспубліка была!.. Таму неабходна берагчы сваю Беларусь.
Гісторыю трэба ведаць і шанаваць
У Нясвіжы некалькі вуліц названыя ў гонар асоб, што праявілі сябе ў нацыянальнай барацьбе з белапольскімі акупантамі.
— Я нарадзілася на Новым месцы, на вуліцы, якая цяпер носіць імя Прытыцкага, — гаворыць несвіжанка Людміла Хрысанфаўна Жытушка. — Сяргей Восіпавіч Прытыцкі — дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, быў сакратаром раённага, потым — Гро-дзенскага акруговага камітэтаў Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. Кіраваў стачкамі рабочых. За актыўны ўдзел у барацьбе за годнасць і правы беларускіх працаўнікоў трапіў у польскую турму. У 1936 годзе ў Віленскім судзе ў час працэсу над 17 рэвалюцыянерамі страляў у правакатара. У час арышту Прытыцкага цяжка паранілі. Яго прыгаварылі да пакарання смерцю. Супраць гэтага пратэставалі працоўныя Заходняй Беларусі, Польшчы, СССР, Францыі, Чэхаславакіі, ЗША, Англіі, і смяротны прыгавор замянілі на пажыццёвае турэмнае зняволенне. Вызвалены ў верасні 1939 года ў час германа-польскай вайны. Пасля вызвалення нашых зямель ад польскай акупацыі ад імя Паўнамоцнай камісіі Народнага сходу 12 лістапада 1939 г. ён выступіў у Вярхоўным Савеце СССР з заявай аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз,яднанні яе з БССР. Сяргей Прытыцкі стаў правобразам галоўнага героя фільма “Чырвонае лісце”.
У падпольным нацыянальна-вызваленчым руху на тэрыторыі Заходняй Беларусі актыўны ўдзел брала і Вера Захараўна Харужая, імем якой названа яшчэ адна вуліца нашага горада. Яна з,яўлялася сакратаром ЦК Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. Сталаадным з арганізатараў і першым рэдактарам органа ЦК КСМЗБ газеты “Малады камуніст”. Для большай канспірацыі мела некалькі партыйных і літаратурных псеўданімаў: Вераніка Карчэўская, Алеся Шыпшына, Анатолька, Падпольнік, Г.С. Карнілава.
Не застаўся ўбаку ад імклівай патрыятычнай плыні 1930-х гадоў і мастак Міхаіл Канстанцінавіч Сеўрук. Разам з іншымі заходнебеларускімі жывапісцамі і графікамі ўключыўся ў нацыянальна-вызваленчы рух, жывучы ў Вільні. Міхаіл Канстанцінавіч афармляў кнігі і часопісы на роднай беларускай мове, ствараў творы, напоўненыя вострым адчуваннем эпохі. У 1936 годзе ў Вільні выйшаў першы зборнік Максіма Танка “На этапах”, вокладку якога ілюстраваў Міхаіл Сеўрук. Які глыбокі змест мела і мае яна: штык польскага жаўнера жорстка перагарадзіў беларускую дарогу, што праходзіць між палеткаў і шэрых сялянскіх хат. Штык увасабляе варожыя сілы, якія перашкаджалі вольнаму жыццю беларускага народа, развіццю яго культуры і роднай мовы. Паліцыя канфіскавала выданне. Максім Танк зрабіў запіс на лістках календара: “Цэнзура, чуваць, канфіскавала і вокладку мастака М. Сеўрука. І так мае “На этапах” зноў пайшлі па этапах”…
Нагадаю, што вядомы беларускі мастак Міхаіл Сеўрук вучыўся ў Нясвіжскай гімназіі. У 1939 годзе ён вярнуўся ў наш горад на пастаяннае жыхарства. Адна з новых вуліц старажытнага Нясвіжа носіць яго імя.
За сённяшні светлы, радасны дзень змагаліся многія беларускія патрыёты. Пра іх трэба ведаць, шанаваць іх імёны. Вядома ж: народ, які не ведае сваёй гісторыі, не мае будучыні.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст
Беларускага саюза журналістаў.