Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па пытаннях распрацоўкі процівірусных вакцын і лакалізацыі вытворчасці замежных вакцын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння ўвага ўсяго свету сканцэнтравана на адной праблеме — ліквідацыі ўспышкі пандэміі COVID-19. Для гэтага ва ўсіх краінах прымаюцца беспрэцэдэнтныя меры, і Беларусь не выключэнне. Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў краіне змагаюцца з распаўсюджваннем каранавіруса «спакойна, як належыць, захаваўшы сістэму аховы здароўя».
«Апошнія два тыдні мы рэгулярна разглядаем пытанні арганізацыі выяўлення і лячэння ў краіне хворых з каранавіруснай інфекцыяй. Я запрасіў вас для таго, каб абмеркаваць наступны этап процістаяння глабальнай хваробе — масавую вакцынацыю насельніцтва ў мэтах выпрацоўкі так званага калектыўнага імунітэту», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У краіне цяпер абмяркоўваюць магчымасць вытворчасці замежнай вакцыны ад каранавіруса. Акрамя таго, беларускія вучоныя нацэлены на стварэнне ўласнага прэпарату.
«Аднак незалежна ад таго, выйдзем мы на вытворчасць вакцыны ў разумныя тэрміны ці не, хачу, каб грамадства ведала — краіна будзе забяспечана вакцынай, і кожны жадаючы зможа мець да яе свабодны доступ», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.