171 чалавек загінуў і 783 атрымалі траўмы ў ДТЗ на тэрыторыі Мінскай вобласці за гэты год, паведамілі ва УДАІ УУС Мінаблвыканкама. Большасць дарожна-транспартных здарэнняў, прааналізавалі Дзяржаўтаінспектары, адбываецца з-за невыканання ва-дзіцелямі бяспечнай хуткасці руху. І знайшлі выхад, як з гэтым змагацца.
Многія вадзіцелі ігнаруюць патрабаванні ПДР пры пад’ездзе да пешаходнага пераходу і не зніжаюць хуткасць. Няўважлівасць прыводзіць да адсутнасці часу для прыняцця мер па прадухіленні ДТЗ.
Як паказвае практыка, аўтамабілісты зніжаюць хуткасць толькі там, дзе ўсталяваныя датчыкі кантролю сумесна з інфармацыйнымі дарожнымі знакамі «RADAR фотакантроль».
У сувязі з гэтым Дзяржаўтаінспекцыя Мінскай вобласці ў патрульных аўтамабілях ДПС размесціць датчыкі кантролю хуткасці, якія будуць выкарыстаныя без папераджальных знакаў.
У наступныя выхадныя пад пільнай увагай ДАІ — патэнцыйна-небяспечныя ўчасткі і пешаходныя пераходы.
Дзяржаўтаінспектары нагадваюць: выкананне хуткасных рэжымаў — залог бяспекі!
«НН».