Аднойчы мы з суседкамі ішлі з прагулкі і ўбачылі на вадзе сажалкі лебедзя, які паводзіў сябе даволі дзіўна. Па-першае, ён як бы ляжаў на вадзе, і хвалі яго паволі пераносілі. Галава з паніклай шыяй таксама выглядала неяк пакутліва. Мы спыніліся і пачалі назіраць, не разумеючы, што з птушкай. Яна ж спрабавала падняць крылы, але гэта ёй цяжка ўдавалася. І калі адно ўсё-такі ўзнялося, мы заўважылі леску, што прычапілася да крыла. А яшчэ да яе быў прывязаны зялёны, невялікага памеру цыліндрычны прадмет, магчыма, такі паплавок. Ён і перашкаджаў лебедзю нармальна плыць і ўзляцець. Дома суседка пазваніла ў раённую інспекцыю па ахове прыроды і навакольнага асяроддзя. Затым другія несвіжане выклікалі службу надзвычайнага здарэння, і ратавальнікам удалося вызваліць лебедзя ад той лескі. Праўда, не так проста было.
І яшчэ людзі казалі, што такі выпадак не адзіны, даводзілася ратаваць іншых птушак. Добра, што ёсць нераўнадушныя людзі, якія заўважылі нядобрае і дапамаглі прыгожым птушкам. Але дрэнна тое, што рыбакі не збіраюць сваіх прылад, а падвяргаюць мучэнням вадаплаваючых. Выказваліся версіі, што хтосьці ставіць на лебедзяў сілкі, што ўжо зусім жорстка. Давайце будзем любіць і берагчы белых насельнікаў сажалак, яны ўпрыгожваюць наша жыццё.
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.