Меню
Курс $  3.28 | €  3.61 | ₽100  3.15 |
Погода 2 °C

Сімвалізм і рэальнасць “Сапраўднага”

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 1

Пост опубликован: 05.12.2020

У мінулую пятніцу ў Вялікай выставачнай зале Нясвіжскага замка пачаў дзейнічаць міжнародны мастацкі праект “Сапраўднае” — выстава работ удзельнікаў і сяброў Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Еўразійская мастацкая садружнасць”, на якой прадставілі свае карціны больш за тры дзясяткі мастакоў. Іх аўтары — гэта як прызнаныя майстры сваёй справы, вопытныя ўдзельнікі беларускіх і замежных мастацкіх імпрэз, так і маладыя



беларускія і расійскія мастакі. Як расказала куратар выставы з нясвіжскага боку і яе ўдзельніца Марына Канавалава, ГА “Еўразійская мастацкая садружнасць” — арганізацыя даволі маладая і Нясвіж стаў першай буйной пляцоўкай для яе прадстаўлення шырокаму колу аматараў выяўленчага мастацтва. 

Падчас адкрыцця выставы

— На выставе няма абсалютна абстрактных работ, — адзначыла Марына Пятроўна. — Усе яны сабраны ў падобнай стылістыцы. Асноўны іх накірунак — рэалізм, у якім праглядваюцца такія плыні, як рамантычны і сімвалічны рэалізм. Экспазіцыя скла-дзена вельмі ўдала — тут прадстаўлены як буйныя  пейзажныя палотны Леаніда Гоманава і Валерыя Талкачова, работы з гістарычным акцэнтам Віктара Навіцкага, так і зусім невялікія па памерах, але прыцягальныя сваёй загадкавасцю “Марс” і “Венера” Дзіяны Горбач, выявы старадаўніх беларускіх сядзіб і замкаў розных аўтараў, нацюрморты і партрэты. Усе яны расказваюць аб тым, што беларускае мастацтва выдзяляецца на фоне культурнай разнастайнасці іншых краін, раскрываюць яго ідэнтычнасць, пры гэтым паказваючы, што яно мае агульныя духоўныя карані з іншымі народамі Еўразіі.

Вядома, не магло абысціся без работ, прысвечаных Нясвіжу, — яны прадстаўлены ў выкананні мастака Віктара Данілава ў алейнай тэхніцы, у пастэльных работах самой Марыны Канавалавай.

Марына Мара (Канавалава).
“Кастрычнік. Рабінка”

Таццяна Матусевіч.
“Светлыя мары”

Дарэчы, жаночы складнік выставы дадаў ёй рамантыкі, разнастайнасці ў фарматах і тэхніках. Гэта яскрава праяўляецца ў пяшчотных, напоўненых тонкімі пачуцямі работах Таццяны Матусевіч, кіраўніка  грамадскага аб’яднання “Еўразійская мастацкая садружнасць” Юліі Нявейка, Вольгі Паляковай, Алы Шкарадзёнак, Аляксандры Пармон, Наталлі Шапавалавай і іншых мастачак.

Думаецца, што выстава бу-дзе цікавай шырокаму колу  наведвальнікаў — ад самых вопытных знаўцаў мастацтва да звычайных аматараў прыгожага,  таму што ў кожнай карціне глядач можа знайсці нешта сваё — як тое, што радуе яго душу, так і тое, што засмучае. Галоўнае — што ўсе вобразы, адлюстраваныя на карцінах, — непадробныя, шчырыя і родныя. А значыць — сапраўдныя. А тое, што сапраўдна, ніколі не пакіне гледача раўнадушным.

Дзейнічаць міжнародны мастацкі праект “Сапраўднае” ў Нясвіжскім замку будзе па 27 лютага 2021 года. Час бяжыць хутка. Таму — не прапусціце!

Леанід Гоманаў. “Алея”

Вольга Палякова.
“Прысвячаецца
Марыі Радзівіл”

Леанід Гоманаў. “Алея”

Соф’я ЛЮБАНЕЦ. 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!