Усе скарбы, усе свае багацці
І песні ўсе — крывіцкай хаце.
У. Жылка. “Тэстамент”
Радуемся! Шчыра радуемся і ганарымся, што менавіта ў нас, на Нясвіжчыне, першай у краіне (так і трэба!) з’явілася вуліца імя паэта Уладзіміра Жылкі. Да гэтай пары (хоць памёр наш вялікі зямляк у 1933 годзе, а рэабілітаваны быў у 1960) не было ніводнай вуліцы, ніводнай установы культуры ці адукацыі ва ўшанаванне яго імя. А велічыня таленту, вышыня паэзіі, грамадзянская рупнасць паэта дзеля Радзімы несумненна заслугоўвалі таго.
Вось пра гэта і пісалася ад імя сяброў ТБМ у звароце да дэпутатаў Нясвіжскага райсавета. Амаль не было сумнення, што прапанова назваць адну з вуліц імем паэта будзе падтрымана. Рашэннем чарговай сесіі ад 18 верасня так і атрымалася.
Нарэшце ў год 120-гадовага юбілею песняра “змагання і красы” ў Нясвіжы, у яго заходняй частцы, запачаткавана ву-ліца Уладзіміра Жылкі: ужо падведзена электрычнасць, пракладваюцца камунікацыі. А неў-забаве возьмуцца за працу будучыя навасёлы.
Кароткі лёс выдаўся паэту — няпоўныя 33 гады, хоць меў ён такое “жывучае” прозвішча, аднакаранёва-сугучнае моцным беларускім словам “жыццё”, “жыхар”, “жыла”, “жылісты”. Хай жа цяпер ён прадоўжыцца ў шчаслівых лёсах жыхароў новай нясвіжскай вуліцы. Гэтыя словы да іх:
— Шаноўныя! Вам па-шчасціла жыць на вуліцы вялікага патрыёта Бацькаўшчыны. Каб стаць яе паўнавартаснымі жыхарамі, мала прыдумаць мудрагелісты праект, выкласці модную плітку, усталяваць каваную агароджу з гронкамі вінаграду — цікаўцеся творчасцю Жылкі, паклапаціцеся, каб у вашай новай хаце знайшлося месца зборнічку яго вершаў. Шануйце сваё, роднае так, як гэта рабіў паэт, для якога “хата з нізкай страхой была мілей за ўсе палацы”, а дарога ў свой край, дадому — самай жаданай.
Наталля ПЛАКСА,
старшыня раённай
арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны”.
Выдатная справа, вядома.
Аднак.
У вёсцы Макашы, дзе нарадзіўся Паэт, застаецца пад пагрозай яго родная хата. Па-першае, дагэтуль не выкупленая для далейшай мемарыялізацыі, па-другое, будова страчвае аўтэнтыку (апошні прыклад — замена арыгінальных старых вокнаў сучасным пластыкам). Сітуацыю трэба тэрмінова ратаваць, каб не было запозна. Мой зварот на імя старшыні райвыканкама (ліпень 2020) пакуль што выніку не даў.