Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы важнай структурай, якую неабходна развіваць. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Станіславам Засем, перадае карэспандэнт БелТА.
“Падзеі ў нас у жніўні і рэакцыя, перш за ўсё, Расіі на гэтыя падзеі сведчаць аб тым, што гэта аргані-зацыя вельмі важная і нам яе трэба развіваць. У размове з Пуціным я якраз сказаў аб гэтым: цяпер мы, напэўна, зразумелі, што такое АДКБ і для чаго нам гэта арганізацыя патрэбна”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў: некалькі гадоў таму ў Беларусі была прынята новая ваенная дактрына, у ёй улічаны такія з’явы, як гібрыдная вайна і каляровая рэвалюцыя. “Прыкладна так магло быць у Беларусі, таму мы былі вымушаны рэагаваць, у тым ліку дэманстраваць сілу. Мы паглядзелі ўвесь наш заходні рэгіён, прыстраляліся, кажучы па-ваеннаму, напэўна, гэта ўсё ж такі абразуміла там, за межамі краіны, што мы маем добры кулак і можам вельмі сур’ёзна адказаць. Таму АДКБ быць, мы будзем вельмі актыўна ўдзельнічаць у гэтым. І нават калі гэта камусьці будзе не з рукі, мы ўсё роўна будзем працаваць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Пандэмія COVID-19 унесла карэктывы ў дзейнасць АДКБ. Большасць запланаваных мерапрыемстваў праводзяцца ў анлайн-рэжыме, а частка аперацый і вучэнняў перанесена на больш позні тэрмін. Напрыклад, перанесены тэрміны правядзення антынаркатычнай аперацыі “Канал” і аперацыі “Нелегал”. Іх хочуць правесці ў 2021 годзе.
З сямі запланаваных на гэты год вучэнняў правялі толькі “Эшалон” у Расіі і “Непарушнае братэрства” ў Беларусі. Астатнія пяць — “Узаемадзеянне” і “Пошук” у Арменіі, “Рубеж” у Кыргызстане, “Кобальт” у Таджыкістане і вучэнне ратавальнікаў у Расіі — таксама перанесены на наступны год.
Арганізацыя прадаўжае работу па інтэграванні свайго патэнцыялу ў сістэму міратворчай дзейнасці ААН. Завяршаецца ратыфікацыя пагаднення аб прававым афармленні статусаў партнёра АДКБ і наглядальніка пры арганізацыі. У гэтым напрамку прапануецца пашырыць супрацоўніцтва з СНД, АБСЕ і ШАС, сярод дзяржаў — з Сербіяй.
Акрамя таго, у АДКБ завершана распрацоўка антынаркатычнай стратэгіі на 2021 — 2025 гады.
Па інфармацыі БелТА.