Алена Івахніна, майстар-метадыст Нясвіжскага РЦК, удзельніца народнага клуба майстроў народнай творчасці “Дыяменты Нясвіжскага краю”, працуе ў Цэнтры ўжо 15 гадоў. Займаецца інкрустацыяй і аплікацыяй саломкай па дрэве. Аздабляе ёю куфры і шкатулкі, з гэтым жа прыродным матэрыялам стварае цэлыя карціны. Дарэчы, не ўсе ведаюць, што інкрустацыя робіцца толькі з геаметрычных фігурак, а аплікацыя — тэхнікай насціла.
Майстэрствам гэтым Алена Мар’янаўна авалодала ў Кобрынскім мастацкім вучылішчы, якое скончыла па спецыяльнасці “мастак-інкрустатар па дрэве”, і ўжо 30 гадоў працуе ў гэтым накірунку. На пытанне, што паўплывала на выбар прафесіі, мая суразмоўца патлумачыла, што ёй з дзяцінства падабалася маляваць, хацелася ствараць нешта прыгожае, непаўторнае, сваё. Спадабалася і само вучылішча, і заняткі па рабоце з саломкай. Так захапленне стала прафесіяй, якая засталася з ёю на ўсё жыццё.
З найбольшым задавальненнем, па яе словах, майстрыха увасабляе ў саломцы сюжэты з жывёламі, таму што вельмі любіць іх і ў рэальным жыцці.
— Вядома, работа гэта, як і любая работа з прыродным матэрыялам, — не з простых, — расказвае мая суразмоўца. — Дробныя дэталі напружваюць зрок, не кожны лёгка ўспрыме пах лаку, якім пакрываюцца вырабы, але гэта так цікава — ствараць прыгажосць сваімі рукамі!
Алена Мар’янаўна — не толькі творчая асоба і майстар сваёй справы, яна яшчэ і клапатлівая матуля трох дарослых сыноў — Сяргея, Аляксандра і Ільі, любячая бабуля траіх унукаў, чакае чацвёртага. Старэйшаму, Сяргею, перадалася матуліна творчая жылка — ён прафесійна асвоіў майстэрства разьбы па дрэве, і хаця зараз выкарыстоўвае гэта ўменне толькі для душы, вельмі рады, што ў свой час авалодаў ім.
— А ўвогуле ўсе мае дзеці — цудоўныя і таленавітыя, — гаворыць Алена Мар’янаўна. — І іх, і сваіх унукаў я вельмі люблю, а яны — мяне. І калі мы збіраемся ўсе разам, нам вельмі радасна, што мы адзін у аднаго ёсць. А гэта адчуванне, напэўна, як мала якое другое, дапамагае жыць і ствараць.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Неанілы ЛЮБАНЕЦ.