Меню
Курс $  3.29 | €  3.48 | ₽100  3.27 |
Погода -2 °C

Пад крылом бацькоўскай любові

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

Пост опубликован: 13.10.2020

У дзень маці, які ў нашай краіне адзначаецца 14 кастрычніка, высокую дзяржаўную ўзнагароду — ордэн Маці — атрымаюць дзве жыхаркі нашага раёна:
Іна Фёдараўна Драчэнка з аграгарадка Грыцкевічы і Вера Пятроўна Хандрыка з Нясвіжа. Пра гэтых цудоўных жанчын і іх сем’і — наш наступны аповед.

Калі наша журналісцкая група наведала Іну Фёдараўну Драчэнка, яе старэйшы сын, 18-гадовы Антон, быў на вучобе ў Гродзенскім політэхнічным каледжы, дзе ён атрымлівае спецыяльнасць “тэхнік-праграміст”, а малодшыя Павел, Захар, Рэната і Назар з задавальненнем згадзіліся на памятны фотаздымак.



Сям,я Драчэнка

Павел вучыцца ў 8 класе Грыцкевіцкага НПК д/с-СШ, занесены на Дошку гонару школы як выдатнік вучобы, актыўны ўдзельнік школьных мерапрыемстваў, Захар — навучэнец 4 класа гэтай жа школы, 5-гадовая Рэната ходзіць у старэйшую групу дзіцячага садка, з задавальненнем рыхтуецца да паступлення ў 1 клас, збіраецца вучыцца гэтак жа добра, як і яе старэйшыя браты, а маленькі Назар, якому споўніўся годзік і пяць месяцаў, знаходзіцца пад маміным доглядам.

— Захапленні ў нашай сям’і самыя разнастайныя, — расказала ў нашай гутарцы шматдзетная матуля. — Мы любім і пілаваць, і стругаць, і маляваць, і выступаць на сцэне. Дзесяць гадоў таму мы ўдзельнічалі ў раённым конкурсе на лепшую шматдзетную сям’ю, атрымалі Дыплом пераможцы ў намінацыі “Самая творчая сям’я”, і зараз не застаемся ўбаку ад розных выстаў, у якіх нас запрашаюць прыняць удзел.

Дарэчы, і ў Іны Фёдараўны, і ў яе мужа Мікалая Мікалаевіча педагагічная адукацыя, што зусім не лішняе для вялікай сям’і — мама ў свой час атрымала дыплом па спецыяльнасці “педагог-псіхолаг”, а тата да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў настаўнікам фізікі і працоўнага навучання.

— Прынцып выхавання ў нас просты, — дзеліцца сакрэтамі абыходжання з дзецьмі мая суразмоўца. — Кожны працуе па сваіх магчымасцях, у кожнага ёсць свае абавязкі, свая адказнасць. Мы стараемся ім растлумачыць, што сямейнае адзінства і пачуццё еднасці братоў і сясцёр — вялікая сіла, і што прынцып “адзін за аднаго” — гэта тое, што будзе заўсёды падтрымліваць іх у жыцці. І яны адчуваюць, што мы любім кожнага аднолькава, нават да самага маленькага Назара няма асаблівай рэўнасці, таму што старэйшыя дзеці разумеюць, што ён адрозніваецца ад іх толькі тым, што маленькі, і патрабуе больш увагі. І кожны з іх яму гэту ўвагу аказвае, як можа.

Дарэчы, у прыватным доме, які сям’я некалі набыла за льготны крэдыт, і на падворку ля яго, заўсёды ёсць работа, асабліва для мужчынскіх рук. Таму сумаваць гэтым дружным працавітым людзям няма калі. Для кожнага ёсць занятак.

 

У другой сям’і, якую мы наведалі з нагоды ўзнагароджвання матулі ордэнам Маці, літаральна “люстэркавая” сітуацыя — калі ў грыцкевічан Драчэнка чацвёра сыноў і дачушка, то ў Веры Пятроўны і Пятра Анатольевіча Хандрыкі з Нясвіжа — чатыры дачушкі і адзін сынок.

Сям,я Хандрыка

Старэйшай, Крысціне, напачатку кастрычніка споўнілася 9 гадоў, яна вучыцца ў трэцім класе СШ №1 г. Нясвіжа, у другім класе гэтай жа школы — Захар, у першым — Аляксандра, чатырохгадовая Наталля ходзіць у яслі-сад №4 «Караблік дзяцінства» г. Нясвіжа, а самая маленькая Мілана, якой споўніўся годзік і чатыры месяцы, выхоўваецца дома.

На пытанне, як удаецца падтрымліваць лад і парадак у такой вялікай сям’і, Вера Пятроўна адказала, што галоўнае тут — цярпенне, узаемаразуменне і ўзаемавыручка. І, вядома, удзел таты, які, вярнуўшыся з работы, у многім дапамагае маме. Напрыклад, пакуль яна займаецца ўрокамі са старэйшымі, ён знойдзе цікавую гульню для маленькіх, каб тыя не перашкаджалі, і гэтак далей.

А на пытанне, як гэта — быць татам чатырох дачушак —  Пётр Анатольевіч з усмешкай адказаў:

— Ведаеце, няпроста. Яны ж маленькія прынцэсы і ўсе патрабуюць увагі і любові. А бывае, што трэба і заўвагу зрабіць. Дык сын на гэта рэагуе як мужчына, хоць і маленькі: махне галавой, маўляў, усё зразумеў, усё добра. А дачка можа пакрыўдзіцца: “Ты мяне не любіш”. Вось і прыходзіцца думаць, як сказаць так, каб не пакрыўдзіць. А яны ж для нас усе самыя любімыя, самыя найлепшыя.

І мама, і тата тут — узор бацькоўскай любові: і мудрай, і патрабавальнай. Яны падтрымліваюць дзяцей у іх захапленнях, ці гэта маляванне, ці футбол, ці чытанне казак. Галоўнае, каб дзеці былі занятыя добрай справай і адчувалі сябе абароненымі пад цёплым крылом бацькоў.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Неанілы ЛЮБАНЕЦ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!