Меню
Курс $  3.29 | €  3.48 | ₽100  3.27 |
Погода -2 °C

Каб дзеці ведалі, што іх любяць

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

Пост опубликован: 03.10.2020

— Калі настаў час выбіраць прафесію, пытанняў не было — толькі работа ў школе, — гаворыць педагог сацыяльны, педагог-псіхолаг  Навасёлкаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзяцячага сада-сярэдняй школы Маргарыта Груша. Выпускніца гэтай жа школы, яна скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Псіхалогія. Педагагічная псіхалогія” і вось ужо пяты год працуе па абранай прафесіі.



Па ўласным прызнанні маёй суразмоўцы, галоўную ролю ў выбары яе жыццёвага шляху адыграў прыклад маці, якая ўсё жыццё прысвяціла рабоце выхавацеля ў мясцовым дзіцячым садку.

— З ранняга дзяцінства я назірала, як мама з натхненнем рыхтуецца да заняткаў з выхаванцамі, як лёгка знаходзіць з імі агульную мову і з якой любоўю на яе глядзяць дзеці. Гэта і вызначыла мой выбар, — адзначыла ў нашай гутарцы малады педагог.

На пытанне, ці не хацелася б быць настаўнікам-прадметнікам і выкладаць канкрэтную вучэбную дысцыпліну, Маргарыта Сяргееўна адказала, што яна жадала працаваць не толькі з нейкай пэўнай узроставай катэгорыяй вучняў, але мець больш шырокае ўзаемадзеянне з падрастаючым пакаленнем — ад да-школьнікаў да старшакласнікаў, дапамагаць ім адчуваць сябе ў навучальнай установе камфортна, вырашаць псіхалагічныя праблемы.

— Мне заўсёды было цікава назіраць за дзецьмі — за іх настроем, манерамі зносін, паводзінамі ў цэлым. Гэта вельмі спатрэбілася ў маёй рабоце, у якой галоўнае — знайсці ў дзіцяці індывідуальнасць, дапамагчы яму ўсвядоміць сябе як асобу, убачыць свае асаблівасці, зразумець, што яно — чалавек, які мае права на свае пачуцці, свой вопыт.

Самае галоўнае ў маёй прафесіі — павага да асобы кожнага дзіцяці, дапамога яму ў вызначэнні свайго месца ў школьным калектыве і ўвогуле ў соцыуме.

Як псіхолаг я праводжу кансультацыйную і, у выпадку неабходнасці, — карэкцыйную індывідуальную работу з дзецьмі, а таксама бацькамі, калі ў сям’і ёсць праблемы.

Калі гаварыць аб пытаннях, якія найбольш хвалююць падапечных маладога педагога, то тут мая суразмоўца вызначыла агульныя ўзроставыя тэндэнцыі: у старэйшых школьнікаў — гэта выбар прафесіі, у сярэдніх класах — уплыў інтэрнэту і ўменне разабрацца ў ім без шкоды для сябе, у малодшых — пошук матывацыі да вучэбнай дзейнасці.

— Гэта мая родная школа, — сказала ў завяршэнне нашай гутаркі Маргарыта Сяргееўна. — Тут усё блізкае сэрцу, усё сваё. Таму хочацца, каб і дзеці маіх землякоў адчувалі ў гэтай школе сябе камфортна, каб ведалі, што іх тут паважаюць і любяць, і ўрэшце вышлі з яе сцен годнымі людзьмі.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!