Як расказала начальнік аддзела эканомікі Нясвіжскага райвыканкама Іна Корбут, на ўсіх выбарчых участках Нясвіжа і г.п. Гарадзея будзе арганізавана работа выязных буфетаў. Сноўскую зону ахопяць аўтамагазіны “Агракамбіната Сноў”. Не будзе выязнога гандлю толькі ў населеных пунктах, дзе ёсць магазіны. У дзень выбараў яны звычайна працуюць і знаходзяцца ў крокавым доступе ад участка.
— У шырокім асартыменце прапануем кулінарныя, кандытарскія вырабы, сокі, напіткі, тавары айчынных вытворцаў. У буфетах можна будзе выпіць кубачак кавы ці чаю, пакаштаваць выпечку, — паведаміла Іна Уладзіміраўна.
Яна таксама дадала, што на Заводскім выбарчым участку № 27, які размешчаны ў будынку Гарадзейскага цэнтра культуры, будзе працаваць выстава-дэгустацыя прадукцыі ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”.
На Садовым выбарчым участку № 4, які знаходзіцца ў будынку ДУК “Нясвіжскі раённы цэнтр культуры”, акрамя выязнога гандлю, будзе арганізавана работа дзіцячай пляцоўкі з атракцыёнамі і салодкімі пачастункамі.