Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.16 |
Погода -1 °C

“Партызаны, партызаны, беларускія сыны…”

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 9

Пост опубликован: 04.07.2020

“Уклад беларускага народа ў разгром фашызму не падлягае ніякім сумненням. Гэта мільён 300 тысяч нашых воінаў, якія змагаліся ў радах Чырвонай Арміі. Гэта больш за 400 тысяч падпольшчыкаў і партызан, якія да канца сорак трэцяга года кантралявалі 60 працэнтаў акупіраванай тэрыторыі краіны. Гэта гібель кожнага трэцяга беларускага жыхара, які засланіў сабой дарогу нацыстаў далей, на ўсход, на сталіцу нашага Саюза”.

З выступлення Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі на ваенным парадзе ў азнаменаванне 75-й гадавіны Перамогі  савецкага народа  ў Вялікай Айчыннай вайне 9 мая 2020 г.

У масавым руху супраціўлення ворагу на беларускай зямлі ўдзельнічалі 374 тысячы партызан і больш за 70 тысяч падпольшчыкаў.

У 1994 годзе, збіраючы матэрыялы для кнігі “Памяць. Нясвіжскі раён”, я даведалася шмат цікавых фактаў пра барацьбу партызан з фашыстамі на Нясвіжчыне  ад гарадзейскага краязнаўцы Барыса Скачко. У 1965 го-дзе Барыс Канстанцінавіч запісаў успаміны былой сувязной партызанскага атрада імя Громава Ніны Міхайлаўны Міткевіч і жонкі былога вязня канцлагера “Асвенцым” Уладзіміра Шыманскага — Марыі Паўлаўны. Паводле іх аповедаў, першы партызанскі атрад узнік у раёне вёсак Макашы і Астроўкі. У яго ўвайшлі ваеннаслужачыя, якія адсталі ад сваіх часцей, што адступілі на ўсход. Кіраваў атрадам Жорж Шэйнрок. Партызаны задзейнічалі дзве явачныя кватэры: у Гарадзеі на вуліцы Краснагорскай і ў вёсцы Студзёнкі на хутары Домны Бруй. Калі ж Шэйнрок загінуў, камандзірам прызначылі Громава. Ён таксама загінуў падчас сутычкі з паліцэйскімі ў вёсцы Вялікая Лысіца, і атрад назвалі яго іменем. Яшчэ адзін невялікі партызанскі атрад быў арганізаваны з ліку ваенных у лесе Волкаўшчына, ім кіраваў М. Каклюгін. Затым уліліся мясцовыя жыхары Гарадзеі, Ужанкі, Зарэчча. У 1943 г. атрад стаў насіць імя Кутузава, увайшоў у склад 300-й брыгады імя Варашылава.

Уладзімір Якаўлевіч Мяркулаў

Партызаны, як маглі, шкодзілі ворагу. Узрывалі аўтамашыны, знішчалі салдат, абрывалі сувязь. Падрывалі чыгунку, каб прыпыніць перавозкі зброі, баявой тэхнікі і жывой сілы фашыстаў. Асабліва зладжана дзейнічалі падрыўнікі атрада імя Шчорса 27-й брыгады імя Чапаева на ўчастках Гарадзея — Стоўбцы, Клецк — Баранавічы і на самой станцыі Гарадзея. Змагаліся партызаны ў цеснай звязцы з мясцовымі падпольшчыкамі. Барацьба ішла не на жыццё, а на смерць. На жаль, гінулі і народныя мсціўцы, іх памочнікі, савецкія актывісты. Так, напрыклад, у канцлагеры “Калдычэва” былі закатаваны жыхары Гарадзеі Сямён Брушко, Канстанцін Кійко, Кацярына Маскалік, Уладзімір Маскалік, Ганна Саракавік, Іван Брушко, Сяргей Руцкі…

Падрыўнікі атрада імя Панамарэнкі той жа брыгады імя Чапаева каля вёскі Качановічы наткнуліся на варожую засаду. У баі загінуў партызан Станіслаў Некраш. Былі паранены Казімір Ратомскі і Зянон Цвірка. К. Ратомскаму ўдалося адпаўзці, а вось З. Цвірку гітлераўцы схапілі і закатавалі.

У верасні 1943 г. байцы атрада імя Шчорса знішчылі варожы гарнізон у Сейлавічах. Адвагу ў баі праявілі партызан В. Акула, камандзіры ўзводаў   А. Некраш, І. Дудко, І. Цераховіч. На жаль, Адам Некраш, які ў 1944 г. узначаліў польскую роту пры атра- дзе імя Панамарэнкі, быў смяротна паранены ў баі ў Грэскім раёне. Ваяваў у партызанах і трэці брат Некрашаў — Іван.

Вясной 1944 г. на ўсходзе Нясвіжскага раёна пачаў дзейнічаць асобны партызанскі атрад імя Жданава пад камандаваннем Аляксандра Самойленкі. У зоне яго дыслакацыі знаходзіліся вёскі і хутары Анд-рушы, Бучныя, Бузуны, Валожычы, Грыбаўшчына, Дубейкі, Затур’я, Кунаса, Лесуны, Мысліва, Пасекі, Пляшэвічы, Халява, Юшавічы. У сутычках з разведвальнымі і засаднымі групамі гітлераўцаў загінулі партызаны Васіль Дзенісенка і Іосіф Шыманскі. (Паводле артыкула “Партызанскі рух” У.С. Пасэ. Кніга “Памяць. Нясвіжскі раён”). У гэтым атрадзе базіраваліся Нясвіжскі падпольны райкам КПБ(б)Б, сакратаром якога быў Фёдар Усошын, камісар атрада, і Нясвіжскі падпольны райкам ЛКСМБ. Атрад браў удзел у вызваленні Нясвіжа ад акупантаў, 3 ліпеня 1944 года Фёдар Апанасавіч Усошын загінуў.

Іосіф Казіміравіч
Мохарт

Смела змагаліся з ворагам у партызанах многія ўраджэнцы Нясвіжчыны. Так, Міхаіл Марцінавіч Кудрук з Цякалаўшчыны спачатку дапамагаў народным мсціўцам, а ў 42-м годзе ўліўся ў іх сям’ю. Сувязным атрада “25 гадоў ВЛКСМ” партызан-скай брыгады імя Жукава стаў Іван Георгіевіч Пнеўскі з Краснагорак. А сувязным атрада імя Катоўскага — Мікалай Васільевіч Драгавец з Хадатавіч. У маі 1944 г. пайшоў у атрад імя        Б. Хмяльніцкага 300-й брыгады Пётр Іванавіч Паплаўскі з Грыцкевіч. Ураджэнец Габруноў Мікалай Данілавіч Сланімскі ваяваў у атрадзе імя Жукава 19-й брыгады імя Молатава,  удзельнічаў у ваенных аперацыях на тэрыторыі Нясвіжскага, Капыльскага і Ляхавіцкага раёнаў, на чыгунцы Стоўбцы — Мінск, на шасэ Узда — Пагарэлае, удзельнічаў у разгроме нямецкага гарнізона ў Сейлавічах, вызваляў Капыль, Ляхавічы, Цімкавічы. Да вызвалення Беларусі ад акупантаў і мабілізацыі ў армію, на фронт, таксама партызанілі Мікалай Васільевіч Сухаверх, ураджэнец Затур’і, Віктар Адамавіч Ратомскі са Слаўкава, Міхаіл Іосіфавіч Тыдрыш з Ужанкі, ураджэнец в. Зарэчча Уладзімір Уладзіміравіч Яцкевіч. У брыгадзе імя Чапаева партызаніў Мікалай Аляксеевіч Гуцько з Цякалаўшчыны. Яму было 34 гады. А сямнаццацігадовым юнаком прыйшоў у атрад “25 год ВЛКСМ” брыгады імя Жукава ўраджэнец вёскі Стаўпішча Віктар Канстанцінавіч Яськевіч. Вось што ўспамінаў ён пазней, у мірны час: “Быў я разведчыкам. Хадзіў употайкі па вёсках і збіраў звесткі аб нямецкіх часцях, што там размяшчаліся, удзельнічаў у баявых аперацыях. Быў удзельнікам “рэйкавай вайны”. Мы тады дыслацыраваліся ў Налібоцкай пушчы і вывелі са строю дзясяткі кіламетраў чыгуначнага палатна. У Стаўбцоўскім раёне каля вёскі Аталезь быў цяжка паранены. Там жа, у атрадзе, і лячыўся…”.

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны жыхарамі Нясвіжа і нашага раёна па розных прычынах сталі ўраджэнцы іншых мясцін Беларусі, а таксама Расіі і Украіны. Хтосьці прыехаў сюды працаваць ці служыць, хтосьці — па запрашэнні аднапалчан, хтосьці — жыць да дзяцей. І яны таксама памяталі і памятаюць свае партызанскія сцяжыны, падпольную работу, расказвалі маладым, як змагаліся з ворагам, вызвалялі ад яго савецкую зямлю. Іх імёны многім знаёмы. Самуіл Парфёнавіч Емяльянаў, Васіль Аляксеевіч Іваноў, Таццяна Міхайлаўна Марыкава, Георгій Афанасьевіч Халецкі, Пётр Нікіфаравіч Лагун, Паліна Антонаўна Лагунова, Мікалай Мікалаевіч Падгайскі, Аляксандра Іосіфаўна Радзівонава, Мікалай Васільевіч Рабчыкаў, Вера Іванаўна Сідарава, Іван Іванавіч Талай, Рыгор Сяргеевіч Гарачкоўскі, Альберт Раманавіч Угрыновіч, Сяргей Фёдаравіч Філімонаў, Фёдар Мацвеевіч Цвірка, Іван Васільевіч Шут, Мар’ян Іосіфавіч Янчэўскі, Аляксандр Данілавіч Дружноў, Марыя Піліпаўна Дружнова і многія іншыя.

Мітрафан Мікалаевіч
Казачонак

16 ліпеня 1944 г. у Мінску прайшоў знакаміты партызанскі парад. Удзельнічалі ў ім дзясяткі тысяч чалавек — 30 партызанскіх брыгад. Пасля параду большасць яго ўдзельнікаў адправілася на фронт, каб вызваліць ад акупантаў народы Еўропы, дабіць ворага ў яго логаве. Сярод іх быў і гарадзеец Уладзімір Якаўлевіч Мяркулаў, які ваяваў у атра-дзе імя Шчорса брыгады імя Чапаева, а пасля параду — на фронце, стралком 2-й гвар-дзейскай мотастралковай Чырванасцяжнай брыгады ІІІ Беларускага фронту. У той ліпеньскі дзень па вызваленым Мінску ў партызанскіх шарэнгах крочылі таксама Мітрафан Мікалаевіч Казачонак, Васіль Паўлавіч Кандрацюк, Іосіф Казіміравіч Мохарт, для якіх наша Нясвіжчына стала пазней другой радзімай.

“Іменна мы стварылі такі феномен гісторыі, як масавы партызанскі рух, калі сотні тысяч змагаліся са зброяй у руках і яшчэ сотні тысяч знахо-дзіліся ў рэзерве. Аналагаў беларускаму партызанскаму руху няма, гэта ўнікальная з’ява сусветнай гісторыі”, — упэўнены прафесар Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы, член-карэспандэнт НАН, доктар гістарычных навук.

Згодна з планамі фашысцкай Германіі, яе арміі на гэтай вайне павінны былі забяспечвацца за кошт рэсурсаў заваяваных тэрыторый, у тым ліку і Беларусі. І савецкія партызаны не толькі наносілі вялікі ўрон варожай жывой сіле і тэхніцы, але і зрывалі многія эканамічныя планы агрэсара. Кіраўнікі трэцяга рэйха марылі бачыць нашу рэспубліку паланёнай і германізаванай. Канчатковая мэта акупацыйнай палітыкі — планамернае знішчэнне беларускага народа. Паводле плана “Ост”, на Беларусі фашысты збіраліся знішчыць ці выселіць у Сібір 75 % насельніцтва, 25 % падлягала выкарыстанню ў якасці рабоў. Але патрыятызм і мужнасць савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, мірнага насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі, працаўнікоў тылу ва ўсходніх рэгіёнах СССР, за Волгай, былі настолькі вялікімі, што памкненні акупантаў пацярпелі крах.

Дзень 3 ліпеня 1944 года, калі быў вызвалены Мінск, назаўсёды застаецца галоўным дзяржаўным святам беларусаў.

Тамара Праль-Гуль.

Фотаздымкі з фондаў 

Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея і архіваў “НН”.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!