Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў суверэнітэт беларускай дзяржавы неаспрэчным фактарам. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у Брэсцкай крэпасці на мерапрыемстве, прысвечаным Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
Прэзідэнт адрасаваў словы асаблівай удзячнасці ветэранам за тое, што яны з гонарам вытрымалі цяжар ваеннага і пасляваеннага перыяду. Цяжкасці сучаснага пакалення не параўнаюцца з тымі выпрабаваннямі, якія выпалі на долю ветэранаў, перакананы кіраўнік дзяржавы.
“Мы дакладна ведаем, што іх імкненне да свабоды і справядлівасці, адданасць Радзіме жывуць у кожным з нас. І гэта тая спадчыннасць, якая робіць суверэнітэт нашай дзяржавы неаспрэчным фактарам. Вельмі сугучна з нашымі днямі”, — прадоўжыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што трэба прадаўжаць і цяпер змагацца за сваю незалежнасць, суверэнітэт супраць тых, хто навязвае нам свае ідэі, хто ідзе сюды, каб разбурыць мір і ўсё тое, што створана ў краіне. І рабіць гэта неабходна ў імя памяці аб шматлікіх ахвярах вайны, аб загінулых у сотнях спаленых беларускіх вёсках.
“Сёння ўсе мы, нашчадкі слаўных воінаў, увасабляем у жыццё ўсё, за што змагаліся абаронцы Айчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы гадуем дзяцей, будуем свае незалежныя дзяржавы, а галоўнае — мы свабодныя людзі. Мы не сталі тымі, на каго разлічвалі фашысты, прыйшоўшы сюды 22 чэрвеня”, — дадаў ён.
Звяртаючыся да афіцэраў і салдат, якія цяпер нясуць службу на гэтай гераічнай зямлі, Прэзідэнт адзначыў, што і сам служыў у гэтых мясцінах і добра ведае Брэст. “Няхай ваша служба будзе мірнай і бяспечнай, — пажадаў кіраўнік дзяржавы. — Я заўсёды памятаю і хачу, каб вы, калі давядзецца ваяваць, стаялі насмерць тут, але не за тысячы кіламетраў на чужых землях і тэрыторыях, там нам рабіць няма чаго. Я хачу, каб вы таксама аб гэтым памяталі”.
“Шматлікія войны пакінулі глыбокі след у памяці нашага народа. Але яны навучылі нас галоўнаму — берагчы і цаніць мір і незалежнасць, без якіх у нас няма будучыні, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Я вельмі часта нагадваю аб гэтым людзям, на злобу сённяшняга дня. Мы вычарпалі рэсурс не толькі рэвалюцый, але і той час, у які мы хадзілі пад бізуном і ў лапцях, без штаноў, бедныя і галодныя. Мы і толькі мы павінны будаваць сваю дзяржаву. Мы і толькі мы павінны вырашаць лёс свой і сваіх дзяцей. Няхай кожны наш дзень будзе пражыты ў імя памяці тых, хто змагаўся і паміраў дзеля нашага жыцця, дзеля нашага будучага, сённяшняга — у чыстай, утульнай, зялёнай, прыгожай Беларусі, працавітай, з разумным і мудрым народам. Няхай Гасподзь нам дасць гэту мудрасць назаўсёды, каб мы маглі жыць сваім розумам і на сваёй зямлі”.
БелТА.