У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы ў пяты раз адбылася цікавая сустрэча — партрэтнае інтэрв’ю “Лёс чалавека”. На яго запрасілі ганаровага грамадзяніна горада Нясвіжа, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі, старшыню праўлення СВК “Агракамбінат Сноў” Мікалая Радамана, старшыню Рэспубліканскага аграпрамысловага саюза і яго Мінскай абласной структуры, дэпутата Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, члена Еўрапейскай эканамічнай камісіі.
Мікалай Вячаслававіч з’яўляўся членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на працягу 5 і 6 скліканняў, мае званне “Чалавек года Міншчыны — 2011”. Ён узнагароджаны ордэнам Айчыны 3 ступені, медалём “За працоўныя заслугі”, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Мінскага аблвыканкама, а таксама ордэнам Беларускай Праваслаўнай Царквы свяціцеля Кірылы Тураўскага 2 ступені.
Прадставіўшы героя дня прысутным, вядучы партрэтнага інтэрв’ю Аляксей Абражэй першым чынам спытаў, хто даў яму жыццё, чым запомнілася дзяцінства. (Усе прыведзеныя ў тэксце пытанні належаць вядучаму мерапрыемства). Мікалай Вячаслававіч прызнаўся, што для яго гэта цяжкае пытанне. Таму што, адказваючы, даводзіцца зноў і зноў вяртацца зусім не ў бесклапотнае басаногае дзяцінства. 13-гадовым сялянскім хлапчуком ён страціў бацьку. Вячаслаў Іванавіч, калгасны будаўнік, захварэўшы, не паспеў нават давесці да ладу перанесеную з хутара ў вёску Грускова хату. Маці, Людміла Мікалаеўна, удавой засталася ў 34 гады. Працавала яна даяркай. А весці хатнюю гаспадарку дапамагалі сыны — Коля і малодшы Юра. Зарплата ў маці была невысокай, таму трымалі шмат жыўнасці: карову, цялушку, бычка, свіней, свінаматку, курэй. Усіх трэба было накарміць, дагледзець. І Міколу даводзілася самому касіць, сушыць траву, вазіць. Ехаць на балота грузіць торф — маці ж не паедзе, кароў калгасных не кіне. Хлопчык хадзіў і на калгасную работу: абганяў канём бульбу, зграбаў сена. За дзве гадзіны абедзеннага перапынку паспяваў падаіць сваю карову і потым выгнаць яе назад на пашу, працадзіць малако, апусціць яго ў калодзеж ахалоджвацца, з’ездзіць на веласіпедзе да Сноўскага шпіталя пакупацца ў возеры і зноў ісці на калгасную працу. Каб зарабіць. Каб выжыць. Другога не было дадзена. Мікалай Вячаслававіч параўнаў, на колькі лягчэй, весялей, багацей жылі дзеці, дзе ў сям’і былі і тата, і мама.
Пасля пачатковай школы ў Грускове Мікалай Радаман закончыў Сноўскую сярэднюю. Рыхтаваў сябе да прафесіі ваеннага, у 9-10 класах завочна займаўся на падрыхтоўчых курсах Мінскага вышэйшага ваеннага зенітна-ракетнага вучылішча супрацьпаветранай абароны. Але для паступлення не хапіла паўбала. Таму ён падаў дакументы ў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Паспяхова здаўшы ўступныя экзамены, вярнуўся дамоў, падчас жніва пайшоў памочнікам камбайнера. Працаваў у экіпажы з Паўлам Іосіфавічам Хмяльніцкім. Зарабіў маці збожжа, сабе — грошай на касцюм, куртку, чаравікі… У інстытуце, як і ў школе, вучыўся добра. Са спецыяльнасцю “інжынер-механік” у 1977 годзе вярнуўся ў родны калгас. Два гады працаваў інжынерам па новай тэхніцы. У інстытуце ўжо вывучаў трактары К-700, К-701, а іх калгас імя Калініна меў 5 такіх асілкаў. Пазаймаўшыся яшчэ на курсах сам, малады спецыяліст дапамог механізатарам асвоіць новую тэхніку — па 2 чалавекі на трактар.
Зарплата ў яго была невысокая, 100 рублёў у месяц. А Мікалай ужо меў сям’ю. Ён ажаніўся з дзяўчынай, з якой сябраваў са школы, — Галінай Тон-дзель. Яна знаходзілася ў дэкрэтным водпуску: у іх нарадзіўся першынец. І маладая сям’я ледзь зводзіла канцы з канцамі.
— Адмаўляліся часам ад запрашэнняў на вяселлі, іншыя гулянкі, бо там трэба было патраціць грошы, а іх не было, — расказвае Мікалай Вячаслававіч. — Хаця я дагэтуль дадаткова іх зарабляў, іграючы на вяселлях, бо яшчэ ў школе асвоіў трубу, саксафон, гітару, меў нядрэнны голас. Іграў у інстытуцкім ансамблі. Але ў цесця было меркаванне, што нядобра інжынеру на вяселлі граць. Я пакінуў гэты занятак. А з пытаннем пра далейшую працу пайшоў да старшыні калгаса Якава Васільевіча Аляксанкіна.
Мікалая Радамана прызначылі інжынерам па працаёмкіх працэсах. Далі аклад у 180 рублёў.
— Калі я дапамагаў маме на ферме, бачыў, як яны там мучыліся: сваімі фартухамі насілі кармы, ачышчалі стойлы ад гною. Цяжкая ручная праца знясільвала. І ў свядомасці наспявала жаданне аказаць жывёлаводам нейкую дзейсную дапамогу. Пасля інстытута хацелася прыкласці максімум ведаў, каб механізаваць працаёмкія працэсы, — апавядае Мікалай Радаман. — У 1988 годзе стаў галоўным энергетыкам калгаса. На мне былі ўжо і кацельні, і вада, і пара, і гное-ўдаленне… Новы кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Карчміт быў чалавекам настойлівым, цвёрдым у дасягненні сваёй мэты і на гэта ж нацэльваў спецыялістаў. У калгасе пачалі актыўна будаваць, укладваць грошы ў новыя тэхналогіі і тэхніку. Нялёгка было працаваць, але цікава. Я прайшоў вялікую школу, ведаю пытанні сельгасвытворчасці. Мы пастаянна вучымся, пераймаем навінкі, якія могуць у нас даваць прыбытак. Тры месяцы назад лятаў у ЗША — вучыцца малочнай жывёлагадоўлі. Прадуктыўнасць нашых кароў 10600 кілаграмаў малака ў год ад кожнай, а на МТК “Сычы” 11200 кг — сусветны ўзровень. Дастатковы. Сёння трэба думаць пра эканоміку. Паляпшаць здароўе жывёлы, каб не 32 % выбракоўкі з дойнага статка было, а меней. Калі цялушку на 7-і месяцах цельнасці прадаць, не трэба трымаць двух с паловай быкоў. Грошы — тыя ж. Гэтым таксама трэба займацца ўшчыльную.
І вось тут, у бібліятэцы, мы пачулі цікавую лекцыю ад Радамана. Пра некаторыя асаблівасці ўтрымання дойнага статка. Раніцай на кармавым стале павінна заставацца 10 % корму. Пакуль каровы дояцца, корм трэба падсунуць, пасля дойкі жывёліна пап’е вады і возьмецца за ежу — неабходна хаця б паўгадзіны, каб яна пастаяла. За гэты час сасок закрыецца, і ў яго ўжо не трапяць ні пах, ні дробка смецця, калі карова ляжа. У адваротным выпадку пах апынецца ў саску, трапіць у малако наступнай дойкі. А гэта — парушэнне тэхналогіі. Жывёлаводы ж змагаюцца за высокую якасць прадукцыі.
— Не было ў Вас жадання пасля адпрацоўкі ў калгасе паехаць далей ад вёскі? — такім было адно з пытанняў вядучага Аляксея Абражэя.
— Я не мог так зрабіць. Быў прывязаны да маці, дапамагаў ёй. Гэта мой абавязак сына. А магчымасці, прапановы былі розныя. І калі ў маладосці мела месца імкненне лепей уладкавацца, то з часам, калі 26 кастрычніка 2004 года мяне выбралі старшынёй агракамбіната на альтэрнатыўнай аснове, прыйшло іншае: я застаўся верным сваёй зямлі, таму што паабяцаў шмат што зрабіць у сацыяльнай сферы, меў многа розных планаў — дзеля дабрабыту нашых людзей, той мясцовасці, дзе жыву і працую. Людзі паверылі ў мяне, і гэта дарагога каштуе. Мы дынамічна падымаем зарплату, паляпшаем умовы жыцця і працы, сацыяльную абароненасць. Ствараем шмат чаго для дзяцей. Сёння нямногія гарады маюць такі дзіцячы забаўляльны цэнтр, як у Снове, у які гаспадарка ўклала 160 тысяч долараў. Я так гавару, таму што ведаю стан спраў у іншых гарадах. Калі з’яўляўся даверанай асобай Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі падчас апошніх выбараў Прэзідэнта, наведаў 19 раёнаў, правёў 57 сходаў, давялося адказваць на розныя пытанні, у тым ліку і даволі складаныя.
А перайсці ў іншае месца — чаму ж? — можна было. І ў Баранавіцкі раён, і ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, і ў Мінскі аблвыканкам. Дарэчы, ад прапановы заняць пасаду першага намесніка старшыні аблвыканкама тактоўна адмовіўся, гутарачы з прэм’ер-міністрам і віцэ-прэм’ерам. Хаця разумеў, чым гэтая адмова можа для мяне абярнуцца. Для такога кроку павінна быць пэўная смеласць. Гэтак жа, як і на нарадзе ў Прэзідэнта па праблеме ўсеагульнага акцыянавання сельгаспрадпрыемстваў: я выступіў і выказаў сваю думку, бо рэформа павінна мець нейкую платформу, доказнасць, што яна дае, а так гаспадарцы яна нічога не прынесла б, акрамя фінансавых страт. Знайшліся ў мяне аднадумцы. Кіраўнік дзяржавы нас зразумеў. “Сноў” захаваў ранейшую форму ўласнасці — сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў.
Такім чынам, я застаўся кіраваць агракамбінатам. Тадышні старшыня аблвыканкама Барыс Васільевіч Батура сказаў: “Ідзі, працуй, далучай да сябе 5 гаспадарак і даводзь іх да ўзроўню “Снова”. З часам мы далучылі саўгас “Друцкаўшчызна”, узялі ў арэнду землі гаспадаркі ў Клецкім раёне. А нядаўна “Снову” перадалі 83 % акцый ААТ “17 Верасня”, у якога 11 мільёнаў рублёў доўгу. Нам дабавіліся велізарныя аб’ёмы работы, шматлікія пытанні і праблемы, якія трэба неадкладна вырашаць.
Бліц-інтэрв’ю
— Кім бы Вы хацелі ўвайсці ў гісторыю: старшынёй? дэпутатам?
— Рэгаліі — яны часовыя. Заставацца чалавекам — вось гэта галоўнае.
— Якасць чалавека, якую ставіце вышэй за ўсё?
— Сумленнасць.
— Што для Вас сапраўднае шчасце?
— Калі дома ўсё добра і маральна-псіхалагічны клімат у калектыве на належным узроўні.
— Чалавек, які Вас натхняў і натхняе?
— Пётр Міронавіч Машэраў.
— Хто з гістарычных асоб выклікае непрыманне?
— Той, хто прынёс чалавецтву самы вялікі боль — Гітлер.
— На Вашу думку, якая самая галоўная якасць павінна быць у мужчыны?
— Прыстойнасць, уменне трымаць слова.
— А ў жанчыны?
— Вернасць.
— Што для Вас паняцце поспеху?
— Поспех прадпрыемства, за якім стаяць лічбы, жыццё людзей.
— Пытанне Уладзіміра Познера: “Калі б Вы сустрэліся з Богам, якое пытанне яму задалі б?”
— Чаму так многа маладых людзей хварэе? Я б папрасіў: “Не забірай рана людзей. Не давай ім хвароб”.
— Чаму, на Ваш погляд, пры аднолькавых умовах у адной гаспадарцы — росквіт, а ў другой, літаральна побач, усё даволі сумна?
— У любым працоўным калектыве на 95 % усё залежыць ад кіраўніка. Самаадданасць у рабоце, пэўныя веды прыносяць плён. Нашай гаспадарцы ў наступным годзе споўніцца 70. Я — трэці па ліку старшыня. А ў тым жа “17 Верасня” пасля Рыгора Паўлавіча Сасноўскага (з 1992 года) было шэсць кіраўнікоў. Цякучасць кадраў перашкаджае.
Слова кіраўніка павінна адпавядаць пастулату “не нашкодзь”. Я заўсёды гэта гавару і зараз вам паўтараю. Часам адно няправільнае рашэнне можа прынесці вялікія фінансавыя страты. Каб прыняць яго, напрыклад, па будаўніцтве ці рэканструкцыі, многа раюся са спецыялістамі, езджу, гляджу, вучуся — не саромеюся. Абмяркоўваю — з кожным паасобку і калектыўна. І толькі тады прымаю рашэнне. Сам. Але калі ўжо вырашылі — “закручваю ўсе гайкі”, а гэта — штодзённы строгі кантроль. Каб грошы, якія ўкладваем, хутка прыносілі аддачу, трэба думаць наперад: калі будуеш ці вядзеш рэканструкцыю той жа фермы, то яна гадоў 20 — 25 павінна паспяхова працаваць. Не трэба займацца нерэнтабельнай прадукцыяй — гэта самазабойства прадпрыемства. Сёння наша задача ў ААТ “17 Верасня” — правільна арганізаваць работу, максімальна скараціць затраты на вытворчасць, за 2-3 гады паправіць справы. Трэба стварыць людзям належныя ўмовы, падняць культуру вытворчасці і палепшыць дабрабыт работнікаў, павысіць іх зарплату.
— Якімі сваімі дасягненнямі Вы ганарыцеся больш за ўсё?
— Восем гадоў назад мы пабудавалі ў Снове біягазавую ўстаноўку, якая палепшыла экалогію. Шчыльнасць жывёлы ў нас вельмі вялікая, непрыемныя пахі стваралі некамфортнае існаванне. Устаноўка не проста знішчыла гэтыя пахі, перапрацоўваючы адходы жыццядзейнасці жывёлы, — яна дае электраэнергію і біягумус, які выкарыстоўваем на палях. Уносім яго пад бульбу, абходзімся там без мінеральных угнаенняў, і клубні ў нас практычна экалагічна чыстыя.
Другі важны аб’ект — біялагічная станцыя ачысткі сцёкавых вод з перапрацоўчай вытворчасці. У яе ўклалі вялікія грошы сельгаспрадпрыемства і бюджэтныя — больш 30-і мільярдаў недэнамінаваных рублёў. 4 гады ўстаноўка працуе, няма ніякіх праблем. Пасля перапрацоўкі сцёкаў чыстая вада выходзіць у рэзервуары. У іх мы вырошчваем рыбу — не для продажу, для цікавасці. Арганізоўваем спаборніцтвы па рыбнай лоўлі, проста жадаючыя прыходзяць парыбачыць.
Трэці аб’ект — цэх утылізацыі боінскіх адходаў. Выпускаем мяса-косную муку, якая ідзе на корм жывёле і птушцы. А з жылак жывёлы выпускаем корм для сабак і катоў, які вельмі папулярны і мае высокую рэнтабельнасць. У нас безадходная вытворчасць, нічога нідзе не прападае, нічога не закопваецца ў глебу, не псуе падземныя воды.
Гэтыя тры аб’екты абараняюць навакольнае асяроддзе, забяспечваюць нашым людзям належную экалогію. І я ганаруся, што мы іх пабудавалі.
Госцю задавалі яшчэ шмат розных пытанняў: пра распарадак звычайнага працоўнага дня, пра выхадныя, пра сям’ю і прафесіі дзяцей.
Калі няма пасяўной ці ўборачнай, планёрка ў гаспадарцы пачынаецца ў сем гадзін раніцы, у часы “пік” — у шэсць. Дагэтуль Мікалай Вячаслававіч паспявае пазаймацца на трэнажорах (дарожцы і веласіпедзе), прыняць душ, пагаліцца, паснедаць. Пад’ём, такім чынам, — у 5 ці ў 4 гадзіны — і да позняга вечара, а то і да паўночы (асабліва ў гарачы час). І паколькі ў яго шмат грамадскіх абавязкаў, і на ўсё будняў проста не хапае, ён прыхоплівае выхадны (нядзелю), каб паглядзець, як ідуць справы на фермах. Спачатку — на малочнатаварных, бо там дойка пачынаецца з чатырох гадзін, затым — на астатніх. Якая кандыцыя ўкормленасці жывёлы, як паядаюцца кармы, як яны змешваюцца, укрываюцца ў траншэях — усё гэта кіраўніка цікавіць, усё гэта ён правярае. Гадзін у 11-12 стараецца вярнуцца дамоў, бо там гасцююць дзеці і ўнукі.
Дарэчы
Мама нашага героя, Людміла Мікалаеўна Радаман, з’яўлялася
ў свой час адной з лепшых даярак калгаса імя Калініна.
Узнагароджана ордэнам Дружбы народаў, тройчы ўдзельнічала ў
Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у Маскве, мае яе сярэбраныя і бронзавы медалі. Яна і цяпер жыве ў сваім Грускове. Летась адзначыла 85-гадовы юбілей. Мікалай Вячаслававіч рэгулярна заглядвае да маці. Калі не дапамагчы — то проста перакінуцца словам, пабачыцца.
Сын Мікалая Вячаслававіча і Галіны Васільеўны Віталь — падпалкоўнік, начальнік навукова-педагагічнага факультэта Акадэміі МУС, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт. Дачка Таццяна — кандыдат філалагіч-ных навук, выкладае ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, дацэнт кафедры. Жаданне займацца выкладчыцкай дзейнасцю ў іх, магчыма, ад маці, разважае Мікалай Радаман. Галіна Васільеўна больш за 40 гадоў аддала прафесіі педагога, узначальвае Сноўскую сярэднюю школу. “Сын і зяць — мае сябры, — кажа Мікалай Вячаслававіч. — І аддушына, калі ўнукі прыязджаюць”. Арцёму — 10, Колю — 9, Дашы — 3 гады. З хлопчыкамі дзядуля гуляе ў тэніс, більярд і футбол. Унучку возіць на веласіпедзе. Ходзяць у басейн, у дзіцячы забаўляльны цэнтр.
У хлопчыкаў ужо ёсць свае захапленні. Цёма займаецца водным пола, спявае — удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе мастацтваў “Галасы-2020” (г. Барысаў). Коля мае першы юнацкі разрад па плаванні. Ці ж не радасць і не гонар гэта для дзядулі і бабулі?!
Старшыні калгаса Радаману дапасуе выраз “Не хлебам адзіным жыве чалавек”. Яны з жонкай час ад часу выбіраюцца ў сталіцу на канцэрты. Летась з,ездзілі “на Бабкіну”, сёлета спадабаўся канцэрт Алега Газманава. Любімая музыка ў Мікалая Вячаслававіча — 80-х гадоў, юнацтва, калі ўспамінаецца, пад якую мелодыю дзе танцавалі, дзе — цалаваліся…
На тэрыторыі Сноўскага сельсавета знаходзяцца два помнікі ХІХ стагоддзя сядзіба-паркавай архітэктуры: палацава-паркавы комплекс Рдултоўскіх — Гарцінгаў і сядзіба Гарцінгаў. “Як складаецца лёс незапатрабаваных цяпер маёнткаў?” — пацікавіўся вядучы.
Мікалай Радаман паведаміў, што там патрэбен буйны інвестар. І пакуль што ні на якім узроўні не вырашана, для чаго выкарыстаць гэтыя аб’екты. Пад музей? Рэстаран? Гасцінічны комплекс? Магчыма, агракам-бінат штосьці рэканструіруе пад жыллё, магчыма, частка пакояў пойдзе пад дзіцячы садок, бо ў існуючым ужо не хапае месцаў.
Клапоцячыся пра вытворчасць, Мікалай Вячаслававіч аднолькава турбуецца і пра сацыяльную сферу. Бо ў садках, у школах выхоўваюцца, вучацца дзеці іх работнікаў, многія з часам прыйдуць на вытворчасць. І яны павінны бачыць, што пра чалавека тут думаюць, за добрасумленную працу цэняць, паважаюць. І самі будуць працаваць як трэба. Звяртаючыся да прысутных у зале, дзе ў большасці была моладзь з каледжа, госць заклікаў любіць тую справу, што выбралі ў жыцці. І падкрэсліў: вучыць, лячыць і ствараць харчовую бяспеку краіны — галоўныя прафесіі, якія забяспечваюць жыццядзейнасць любога грамадства.
Напрыканцы гутаркі Мікалай Радаман уручыў раённай бібліятэцы ў асобе яе дырэктара Людмілы Вітко кнігу Славаміра Антановіча пра вядомага грамадскага і палітычнага дзеяча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, першага сакратара ЦК КПБ у 1965 — 1980 гадах Пятра Міронавіча Машэрава, Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы. Мікалай Вячаслававіч дапамог выдаць гэтую кнігу. Людміла Іванаўна падзякавала госцю за сустрэчу, за шчырую, адкрытую размову. М.В. Радаману падарылі на памяць карціну.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.