Як і ў папярэднія гады, сёлета Міжнародны дзень роднай мовы ў нашым садку атрымаўся цікавым, напоўненым разнастайнымі справамі, сустрэчамі, гульнямі. Не застаўся садок у баку і ад агульнанацыянальнай дыктоўкі — мы пісалі разам з усім беларускім светам.
Спачатку да аформленых бланкаў-лістоў прыклалі сваю руку выхаванцы старэйшай групы: напісалі, а лепш сказаць, намалявалі вядомыя літаркі і слоўкі. Часцей гэта былі “мама” і “мова” ды знак роўнасці паміж імі. А ў дадатак яшчэ аздобілі зялёнай траўкай унізе ліста, вышэй — кветкамі, яшчэ вышэй — малявалі вясёлку, птушак, воблакі…— каму што захацелася, як падказаў настрой. А настрой у дзетак быў святочны: ад сяброў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны яны атрымалі ў падарунак кніжкі з вершамі беларускіх паэтаў і беларускімі народнымі казкамі, ды яшчэ прыгожыя медалькі з наказам шанаваць і любіць родную мову.
Пасля ўжо на тых расфарбаваных лістах супрацоўнікі садка ў свой вольны час напісалі дыктоўку “Малітва за беларускі народ” (з беларускага малітоўніка “Божым шляхам”, выдадзенага пасля вайны, у 1946 годзе). Пісаць было адказна і хвалююча, нібыта стаіш на каленях і просіш у Бога яго шчодрых даброт. Яшчэ думалася: мы часта звяртаемся да Ўсявышняга са сваімі асабістымі турботамі, а ці часта ўзнімаемся да грамадскай малітвы за сваю зямлю, народ, яго будучыню? Каб мог ён “разумна ды прыгожа жыць і развівацца”.
Напісаную дыктоўку-малітву маглі ўзяць з сабой бацькі выхаванцаў, каб дома прачытаць, а то і перапісаць яе прачулыя словы: “Благаславі нашы сем’і, каб у кожнай з іх дбалы бацька і ахвярная маці, злучаныя шчыраю святою любоўю, выхоўвалі Табе на славу, а Бацькаўшчыне — на карысць сваіх дзетак”.
Рыта Мацкевіч, выхавацель ДУА “Саскаліпкаўскі дзіцячы сад”